У 1906 г. маёнтак Міхалова, што ў Веляшкоўскай воласці, ахопліваў 647 дзесяцін зямлі і 500 дзесяцін лесу. Гаспадаром быў дваранін-католік Пятровіч (ці паводле іншых звестак – Піятроўскі), тут жыла яго сям’я з семярых чалавек.

Пасля кастрычніка 1917 г. у Міхалове ўзнікла сельскагаспадарчае таварыства «Светлы Шлях», і акрамя таго на адны і тыя ж угоддзі спакушаліся розныя сяляне з суседніх вёсак, у кожнага з якіх былі свае доказы на права карыстання палеткамі. Са Стральцоўшчыны зямлю імкнуліся атрымаць Осіпавы, Ландычэнкі, Селязнёвы, з Багуцкіх – Бярданкіны, Зязюліны, Дзядзенкі, Маркушэнкі, Бураўцавы, Цяпкіны, з Забалоцця – акрамя шматлікіх Анціпенак яшчэ і Чайковы ды Каралёвы.
Сяляне закідвалі мясцовыя органы ўлады бясконцымі хадайніцтвамі, пасведчаннямі пра склад сям’і і памеры сваіх невялікіх зямельных угоддзяў. Напрыклад, у сакавіку 1922 г. змаганне за частку маёнтка распачалі Анастасія Іванаўна Лапкова і сямейства Анціпенак з вёскі Забалоцце. А.І. Лапкова прасіла вылучыць яе сям’і 5 дзесяцін з маёнтка Міхалова – зямлю, якая некалькі гадоў знаходзілася пад сухадольным лугам і нікім не выкарыстоўвалася. Сям’я жанчыны складалася з 5 чалавек, а муж-чырвонаармеец загінуў. Гэтая сям’я валодала пяццю дзесяцінамі, якіх не хапала, і ў выпадку, калі б надзел не павялічыўся, жанчыне прыйшлося б «для барацьбы за існаванне пайсці закабаліцца да тых багацеяў і эксплуататараў, якія заўсёды для сваіх выгод здолеюць прымусіць безабаронную сям’ю ім падпарадкавацца».
У сваю чаргу Анціпенкі заявілі, што больш за 35 гадоў таму яны арандавалі ў памешчыка 25 дзесяцін зямлі ва ўрочышчы Сямёнаўка. Пасля 1917 г. гэтыя ўгоддзі засталіся за Анціпенкамі, але з 1920 г. на іх частку пачаў прэтэндаваць саўгас «Міхалова», хаця ў свой час сялянамі гэтыя землі былі расчышчаны ад лесу. Апошнім пашанцавала: 28 сакавіка 1922 г. пытанне было вырашана на карысць Анціпенак.
Каб скараціць колькасць прэтэнзій, у красавіку 1924 г. быў складзены чарцёж, якім вызначаліся абшары сельгаставарыства «Светлы Шлях». Агульная плошча дасягала 128,88 дзесяціны, з якіх 3 было пад агародам, 6 – пад фруктовым садам, 1,75 – пад паркам, 2,75 – пад дваром, 73 – пад ворывам, 17 – пад сенакоснымі лугамі, 4,33 – пад выганам, 4,4 – пад хмызнякамі, 8 – пад лесам. Мелася і непрыдатная зямля: 2,75 дзесяціны – пад дарогамі, 5 – пад ярамі, 0,9 – пад ручаямі і сажалкамі.
11 верасня 1924 г. у Міхалова прыехаў землямер, які мусіў засведчыць межы былога маёнтка (на шчасце, захаваліся яны добра, бо пры памешчыку па ўсім перыметры былі пракапаны канавы). На гэтае мерапрыемства землямер запрасіў і ўпаўнаважаных ад кожнай суседняй вёскі, сяляне якіх карысталіся сумежнымі з маёнткам землямі. Сялян настолькі ўсхвалявала межаванне, што сюды прыйшлі ледзьве не ўсе дарослыя мужчыны. Калі рабочыя па распараджэнні землямера пачалі ўстанаўліваць першы межавы слуп, натоўп занепакоіўся і адабраў у рабочых лапаты, забараніўшы вымяраць «іх зямлю».
Незадавальненні сялян вымусілі падрыхтаваць праект развярстання былога маёнтка Міхалова, які быў гатовы ў верасні 1924 г. Пад «Светлы Шлях» вылучылі 130 дзесяцін зямлі (у таварыстве налічвалася 13 сем’яў, якія валодалі 30 асобінамі жывёлы) – з разлікам, каб на адну дзесяціну ворыва прыходзілася адна дзесяціна лугоў. Таксама таварыству аддалі 6 дзесяцін памешчыцкага сада. Астатнія 80 дзесяцін былі размеркаваны паміж беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі чатырох вёсак, прылеглых да маёнтка (Багуцкіх, Забалоцця, Заверына і Стральцоўшчыны), а дзвюма дзесяцінамі надзялілі Міхалоўскую школу.
Хоць гэты праект быў зацверджаны, некаторыя сяляне пачалі скардзіцца на тое, што размеркаванне ўгоддзяў было праведзена несправядліва, але 17 сакавіка 1925 г. усе спрэчкі былі спынены рашэннем камісіі Віцебскага акруговага зямельнага ўпраўлення.
Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
/Фота аўтара/
