Днямі група ветэранаў працы з народнага клуба “Ветэран” Лёзненскага РЦК наведала адзін з найбольш вядомых філіялаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея – музей-сядзібу І. Я. Рэпіна “Здраўнёва”, што размешчаны ў 16 кіламетрах ад Віцебска. Славуты рускі мастак купіў сядзібу на беразе Дзвіны ў 1892 годзе. Комплекс, куды на працягу дзесяці летніх сезонаў прыязджаў І. Я. Рэпін, уключаў сядзібны і два жылых дамы, флігель, гаспадарчыя пабудовы, невялікі парк, сад з вадаёмам.

Маёнтак называўся “Сафіеўка” – ад імя ранейшай уладальніцы Соф’і Яцкевіч. Але яшчэ раней гэтая мясціна мела назву “Драўнёва”. Мясцовы жыхар на пытанне: “Адкуль ты?” адказваў: “З Драўнёва”. Магчыма, з такога фанетычнага зліцця і ўзнікла рамантычнае “Здраўнёва”. Ва ўсякім выпадку, новы гаспадар маёнтка замацаваў за ім гэтае імя.
У 1893-1895 гадах па эскізах мастака памесны дом быў перабудаваны. Ілья Рэпін напісаў тут больш 40 палотнаў, эскізаў і малюнкаў. Сярод іх карціны “Дуэль”, “Восеньскі букет”, “Паляўнічы”, “Беларус”, “На Заходняй Дзвіне”, “Усход сонца”, “Месячная ноч” і іншыя. Памесце часта наведвалі родныя і блізкія мастака, сябры, вучні. Свае карціны тут пісаў і Юрый Рэпін, сын Ільі Яфімавіча. На мясцовых могілках пахаваны бацька мастака.
У 1918-1930 гадах у маёнтку жыла малодшая дачка мастака Таццяна Ільінічна з дачкой Таццянай Мікалаеўнай і зяцем. Яны выкладалі ў пачатковай школе, размешчанай у сядзібным доме. У 1930 годзе сям’і, якая трапіла ў спісы на высяленне ў Сібір, удалося выехаць за мяжу. Здраўнёўскі сядзібны дом быў разабраны мясцовымі жыхарамі на дровы.

Сёння музей-сядзіба І. Я. Рэпіна “Здраўнёва” складаецца з узноўленага галоўнага памеснага дома, у якім размяшчаецца асноўная мемарыяльная экспазіцыя, дома ўпраўляючага са службовымі памяшканнямі і выставачнай залай. Тут захоўваюцца акварэлі, малюнкі і іконы, напісаныя для мясцовай царквы, а таксама асабістыя рэчы Ільі Рэпіна: пісьмы, кнігі, фотаздымкі. Акрамя таго, экспазіцыя ўключае мэблю канца 19 – пачатку 20 стагоддзяў, рэчы з ужытку сям’і Рэпіных, археалагічныя знаходкі з Здраўнёва і іншыя. На тэрыторыі маёнтка захавалася ліпавая алея, пасаджаная рукой самога мастака.
Гуляць па “Здраўнёву” можна доўга, спускацца па сходнях да Дзвіны, адпачываць на лавачках, любавацца маляўнічымі ліпамі і соснамі. Усім гэтым спаўна карысталіся лёзненцы, набіраліся энергетыкі здраўнёўскіх мясцін.

– Мы сюды трапілі як бы ў стагоддзе сівой даўніны, – дзеліцца ўражаннямі ўдзельніца экскурсіі Т. І. Загурская. – Нідзе няма асфальту, дарожкі пасыпаны шчэбнем або гравіем. Маняць да сябе лавачкі 19 стагоддзя. Тут вельмі ўражвае сваёй прыгажосцю паўнаводная Дзвіна. Мае сяброўкі з замілаваннем абдымалі сасну часоў Рэпіна, сабралі ў алеі пакет рыжыкаў. І яшчэ мне спадабалася выстава вышываных карцін, на якіх адлюстравана мясцовая прырода.
Застаецца дадаць, што экскурсія сюды была наладжана кіраўніцтвам народнага клуба “Ветэран” Лёзненскага РЦК.
Яўген ДУДКІН.
