Сапраўдным прафесіяналам дашкольнай справы прызнана на рэспубліканскім узроўні педагог-выхавацель дзіцячага сада № 2 г.п. Лёзна “Пралеска” В. М. Сокалава. У канцы жніўня Валянціна Мікітаўна атрымала высокую ўзнагароду – Ганаровую грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за шматгадовую добрасумленную і творчую працу.
Расла Валянціна ў Чарнаруччы ў сям’і вясковых працаўнікоў. Калі атрымала атэстат сталасці, перад выбарам далейшага шляху крыху разгубілася, бо вакол усе гаварылі аб прафесіях, што маглі гарантаваць матэрыяльны дабрабыт. Пасля ўпартых пошукаў яна спынілася на Віцебскім прафтэхвучылішчы № 19, дзе і вывучылася на вышывальшчыцу. Накіравалі працаваць на прадпрыемства лёгкай прамысловасці ў Магілёў, адкуль неўзабаве вярнулася на радзіму. Уладкавалася вышывальшчыцай у Лёзненскі КБА. На быткамбінаце быў яшчэ ткацкі цэх, дзе плацілі лепш. Валянціне Мікітаўне прыйшлося папрацаваць і ткачыхай, бо на той час ужо мела сваю сям’ю, і яны з мужам будавалі кааператыўнае жыллё. Так, відаць, было трэба. Але праца гэта не давала задавальнення душы, у якой жыла мара дзяцінства – стаць выхавацелем дзіцячага садка. Тады Валянціна вырашыла ўсё ж змяніць прафесію і паступіла на завочнае аддзяленне Полацкага педагагічнага вучылішча імя Ф. Скарыны, якое скончыла ў 1999 годзе. Яшчэ крыху раней Валянціна Мікітаўна стала выхавацелем дзіцячага сада № 1 гарпасёлка. Праз 29 гадоў з таго моманту жанчына ўспамінае:
– За тое, што ведаю і ўмею зараз, у многім абавязана тагачаснаму метадысту Веры Паўлаўне Красікавай. Менавіта яна навучыла мяне працаваць, падтрымлівала і вельмі даходліва падрабязна тлумачыла на кожным кроку, як і што рабіць.
Пачынаючы выхавацель паступова авалодвала практыкай, а з гадамі адшліфавала свае ўменні і дасягнула майстэрства. Безумоўна, да поспеху яе прывялі не толькі стараннасць, а і вялікая любоў да дзяцей. У “Пралесцы” В. М. Сокалава з 2001 года. Загадчыца дашкольнай установы В. Г. Волкава так характэрызуе сваю работніцу:
– Высокакваліфікаваны педагог, валодае сістэмай сучасных педагагічных метадаў і тэхналогій для павышэння якасці адукацыі, выкарыстоўвае сучасныя падыходы ў практыцы навучання і выхавання, творча адносіцца да рашэння праблем, працуе з глыбокім разуменнем справы. На працягу ўсёй педагагічнай дзейнасці павышае свой прафесійны і культурны ўзровень. Чэрпае з інтэрнэту ўсё самае новае і смела бярэцца за ўкараненне, валодае метадамі рэфлексіўнага аналізу ўласнай прафесійнай дзейнасці. Шчодра дзеліцца ведамі з калегамі, з’яўляецца актыўнай удзельніцай раённай творчай групы выхавальнікаў. Валянціна Мікітаўна арганізуе работу з дзецьмі на аснове асобасна-арыентаванага падыходу, надае вялікую ўвагу раскрыццю творчага патэнцыялу дзяцей.
Шмат гадоў таму выхавацель разам з дзецьмі захапілася тэатрам. Паказвалі спектаклі для малодшых дзяцей і на бацькоўскіх сходах. Некалькі выпускаў дашкалят прайшлі праз тэатр і пабывалі ў ролі акцёраў. Гэта справа працягваецца і зараз. Яшчэ педагогу-майстру даверылі рэалізацыю зместу адукацыйнай паслугі праз гурток “Дзіцячае ручное ткацтва”. Яе выхаванцы неаднаразова прадстаўлялі работы на конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і станавіліся пераможцамі. У мінулым годзе актыўны ўдзел бралі ў раённым фестывалі “Велікодны перазвон”. Дзякуючы невычэрпнай энергіі і фантазіі гэтай незвычайнай жанчыны створана вялікая колькасць лялек-персанажаў. У групавым пакоі другой малодшай групы, дзе сёлета працуе, Валянціна Мікітаўна абсталявала кухню і спальню для сюжэтна-ролевых гульняў, зрабіўшы з простых кардонных скрынак і ўпрыгожыўшы дэкупажам газавую пліту, пральную машыну, дошку для прасавання і іншае. А колькі тут шытага з тканіны посуду, булачак, кексаў, пірагоў, агародніны ды садавіны, што выглядаюць па-сапраўднаму і апетытна! У другім кутку – таксама шытая пажарная машына з вогнетушыцелем. А у цырульні – наборы інструментаў, фартушкоў, пацерак, зробленых яе рукамі. У пакоі, дзе праходзяць заняткі гуртка, незлічона розных аплікацый, тканых дыванкоў, работ у тэхніцы ізаніці, як дзіцячых, так і ўзорных, створаных выхавацелем. На зразумелае пытанне, як магчыма столькі усяго нарабіць(!), адказ педагога нескладаны:
– Калі любіш сваю прафесію і ёю жывеш, то ўдаецца шмат. І бацькі выхаванцаў не застаюцца ўбаку. Вось нядаўна тата Андрушы Нямкова прынёс стойкі для перагародак, Андрушы Бурака – падзяліўся дошкамі і цвікамі. Іншыя таксама дапамагаюць. Так вось разам і стараемся. Хачу да канца навучальнага года падрыхтаваць з дзеткамі справаздачнае мерапрыемства ў форме беларускіх вячорак. І паказаць бацькам, чаму навучыліся іх дзеці, ды так, каб усім было цікава.
У асабістым жыцці Валянціна Мікітаўна шчаслівая жонка, маці і бабуля. Разам з мужам, Мікалаем Іванавічам, вырасцілі дваіх дзяцей. Сын Андрэй працуе вадзіцелем дальніх перавозак, а дачка Вольга – захавальнік фонду ў раённым ваенна-гістарычным музеі. Пяцёра унукаў радуюць бабулю сваімі талентамі і выдатнымі поспехамі ў вучобе. Не заўважаючы хуткасці жыццёвага часу, Валянціна Мікітаўна, поўная энергіі і новых планаў, кожны дзень ідзе да дзяцей з цёплай усмешкай і ласкавым поглядам, займаецца, гуляе з імі, адорваючы кожнага сваёй дабрынёй, і вядзе ў чароўны свет мастацтва.
Таццяна ІГНАЦЕНКА.