Ганаровай граматай Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў за зберажэнне і папулярызацыю гістарычнай і культурнай спадчыны, значны асабісты ўклад ва ўвекавечанне загінуўшых воінаў пры вызваленні Лёзненскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў узнагароджана наглядчык музейнага філіяла «Бабінавіцкая сельская бібліятэка-музей» ДУК «Лёзненская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Дзіна Анатольеўна Багдановіч
Уручыла заслужаную ўзнагароду старшыня раённага Савета дэпутатаў Т.Л. Дрылёнак.
33 гады сваёй працоўнай дзейнасці Дзіна Анатольеўна прысвяціла педагагічнай працы, адным з накірункаў якой было ваенна-патрыятычнае выхаванне малодшых школьнікаў. Як вынік гэтага – яна пераняла эстафету і стала годным пераемнікам і прадаўжальнікам справы Г.А. Цімчанка, заснавальніцы народнага музея баявой славы былой Бабінавіцкай школы, старэйшага музея Лёзненскага раёна. Сёння музейныя фонды налічваюць больш 3,5 тысячы экспанатаў. А сам музей разам з мемарыяльным комплексам «Ціхмянаўская вышыня» уключаны ў турыстычны маршрут «Кольцо памяти и славы Лиозненского района».
У Бабінавіцкім музеі баявой славы вядзецца актыўная экскурсійная работа з рознымі ўзроставымі катэгорыямі насельніцтва. Штогод праводзіцца каля 200 экскурсій, установу культуры наведваюць звыш 2 тысяч чалавек. Працягваецца пошукава-даследчая праца па ўстанаўленні і занясенні на вайсковыя могілкі прозвішчаў загінуўшых герояў Вялікай Айчыннай.
Па ініцыятыве Д.А. Багдановіч музей прыняў удзел у першым этапе Міжнароднай акцыі «Во имя общей Победы!», у рэспубліканскай праграме «Обелиск на карте района». Толькі за 2019 год спіскі папоўніліся 806 прозвішчамі, музей наведалі 2 172 чалавекі, у тым ліку 18 сямей з розных куткоў былога Савецкага Саюза ўпершыню пабывалі на месцах пахавання сваіх родных – загінуўшых воінаў у аг. Бабінавічы.
Алена РАТНЁВА.
