Прывітанне, сябры! І зноў пятніца, і сёння мы з вамі завітаем ва ўнікальную прастору – сапраўдную скарбніцу не толькі роднага слова, але і ўсёй беларускай гісторыі і культуры! Менавіта тут можна адчуць тое, што называюць квінтэсэнцыяй беларускасці і патрыятызму. Гэтае месца – чытальная зала цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Нас сустракае маладая бібліятэкар Анастасія Кудраўцава (на здымку), якая працуе ўсяго паўгода, але, па словах больш вопытных калег, зарэкамендавала сябе як энергічная, творчая і закаханая ў кнігу асоба.
– Давайце праверым, колькі нацыянальных сімвалаў вы можаце назваць? – пытаецца Анастасія. – А іх у нашай краіне дзявятнаццаць! Не блытаць з сімваламі дзяржаўнымі! Пра бусла і васілёк ведае кожны. А ў спісе яшчэ і слуцкія паясы, і Знак якасці, і нават літара Ў! І канешне ж, бульба! Пра астатнія вы можаце даведацца з маленькай, але неверагодна захапляльнай кніжачкі «Сімвалы суверэннай Беларусі».
Загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Вольга Юркова адзначае, што бібліятэка – гэта не проста набор паліц.
– Калі на абанеменце захоўваюцца мастацкія творы, то ў чытальнай зале галоўным чынам перыёдыка і спецыяльная літаратура, – кажа яна. – Так, мы выпісваем 19 найменняў выданняў беларускіх рэдакцый і дзевяць расійскіх. Часопіс «Мастацтва» і газеты «Звязда» і «Культура» цалкам выходзяць на беларускай мове. Асаблівае месца займае наша любімая і непаўторная «раёнка».
Калі гаварыць увогуле пра культуру Беларусі, то ў нас маецца багатая калекцыя энцыклапедый – ад гісторыі тэатра і кіно да нацыянальнага арнаменту і дойлідства. Сярод унікальных кніг – факсімільнае выданне Скарынаўскага «Апостала». Такі экзэмпляр набыць ва ўласную бібліятэку здолее далёка не кожны бібліяфіл, але яе можна пагартаць у нашай чытальнай зале.
Павышаным попытам карыстаецца навінка мінулага года – калекцыйнае выданне «Наш прэзідэнт». Прадстаўлена толькі ў адным экзэмпляры. Дарэчы, дадзены дакументальна-біяграфічны нарыс імгненна стаў хітом продажаў на папулярных маркетплэйсах, нягледзячы на высокі кошт. Але гэта той самы выпадак, калі каштоўнасць не вызначаецца коштам.
Шмат твораў прысвечана тэме Вялікай Айчыннгай вайны. У многіх у дзяцінстве настольнай кнігай была «Ніколі не забудзем». У 2024 годзе абноўленае выданне зноў пабачыла свет. Яно карыстаецца асаблівым попытам сярод чытачоў. З навінак – чатырохтомнік «Генацыд беларускага народа», які выйшаў пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора доктара юрыдычных навук Андрэя Шведа. За кароткі час праца паспела стаць лідарам па ўвазе чытачоў. У кнігу ўвайшлі матэрыялы і з нашага раёна. Так, у адным з раздзелаў выпадкова трапляю на фотаздымак палонных у лагеры смерці ў раёне станцыі Крынкі, зроблены 4 чэрвеня 1944 года… Такі матэрыял нагадвае, што гісторыя малой радзімы ўпісана ў агульнанацыянальную памяць.
Акрамя таго, у чытальнай зале размешчаны публічны цэнтр прававой інфармацыі – ад Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь да Крымінальнага Кодэкса.
Але галоўнае – тут ніколі не бывае сумна. Гэта прастора імпрэз, творчых вечароў, сустрэч для дзяцей і дарослых. Больш таго, супрацоўнікі бібліятэкі гатовы падрыхтаваць любы адукацыйны праект для працоўных калектываў, які пашырыць кругагляд і дасць нагоду ганарыцца сваёй Радзімай!
© Аўтарскае права «Сцяг перамогі». Гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Аўтар: Вольга ПІНЧУК, фота аўтара.
