Сяло і сяльцо Станіславова на плане 1783 г.

Багаццямі былога маёнтка Станіславова карыстаюцца па сённяшні дзень: хтосьці шукае тут залатыя панскія гадзіннікі, хтосьці разбірае на цэглу стайню і капліцу, а хтосьці прыязджае сюды, каб падзівіцца на вялізных вінаградных смаўжоў, якіх у мінулым разводзілі мясцовыя памешчыкі. А сядзіба ў гэтым утульным месцы на беразе рэчкі Рубяжніцы існавала ўжо ў першай палове XVIII ст. Недзе ў 1740-я гг. гэтыя землі набыў у свайго брата Багуслава ваявода віцебскі Марцыян Міхал Агінскі. У жніўні 1744 г. ён перадаў уладанне Станіславова, якое таксама называлася Замошшам, у карыстанне падстаросце барысаўскаму Самюэлю Рагозе.

У 1772 г. маёнтак належаў удаве С. Рагозы. Цэнтрам яго было сяльцо Станіславова, і абшары распасціраліся на фальварак Марцеткава, вёскі Замошша, Азярок, Дразды, Пронскае і Баравую. Усяго ў маёнтку налічвалася 272 мужчын-хрысцяін і 5 іудзеяў.

Праз колькі часу падраслі сыны Самюэля Рагозы – Адам, Антон і Фадзей – і ў 1783 г. ужо яны валодалі Станіславоўскімі землямі. Акрамя ўжо існуючых пасяленняў на тэрыторыі маёнтка з’явілася сяло Станіславова, якое знаходзілася на поўдзень ад аднайменнага сяльца, тут былі могілкі і царква. У тыя часы маёнтак займаў вялізную тэрыторыю – 2410 дзесяцін, з якіх амаль палова (1004 дзесяціны) было пад лесам, 642 – пад балотамі, 632 – пад ворывам, 31 – пад агародамі. У сёльцах Станіславове і Марцеткаве, сяле Станіславове у гэты час налічвалася 11 асоб мужчынскага полу (верагодна, тут жылі толькі ўладальнікі маёнтка), а вось вёскі былі даволі шматлюдныя: у Замошшы пражывала 49 мужчын і 44 жанчыны, у Баравой – 23 мужчыны і 26 жанчын, у Драздах – 41 мужчына і 38 жанчын, у Пронскай – 34 мужчыны і 36 жанчын, у Азярку – 43 мужчыны і 39 жанчын.

У 1810 г. уладальнікам Станіславова значыўся толькі Казімір Фадзеевіч Рагоза (несумненна, гэта сын Фадзея Самюэлевіча Рагозы). Нарадзіўся ён у 1780 г., з’яўляўся пяцісоцкім начальнікам земскага войска і засядальнікам Бабінавіцкага павятовага земскага суда.

Да 1850 г. тэрыторыя маёнтка Станіславова значна скарацілася: частку ўладання набыў палкоўнік Урбан Восіпавіч Велямовіч. Цэнтрам маёнтка па-ранейшаму з’яўлялася сяльцо Станіславова. А сяло Станіславова перайменавалі ў вёску Прудзішча, у межах маёнтка засталіся вёскі Замошша, Баравая і Дразды, з’явілася сяльцо Гарадок. Усе гэтыя землі, плошчай 1780 дзесяцін, перайшлі ў спадчыну да чарговага Рагозы – Ягора Казіміравіча, які, як і яго бацька, рабіў кар’еру ваеннага і меў чын штабс-капітана. У 1850 г. на яго працавалі 90 сялян і столькі ж сялянак, якія жылі ў 24 дварах.

Сяльцо Станіславова і вёска Прудзішча ў 1850 г.

У 1853 г. Станіславова набыла дваранка рымска-каталіцкага веравызнання Стэфанія Антонаўна Віткоўская. Сумесна з ёй уладальніцамі маёнтка з’яўляліся яе шматлікія сёстры: Кацярына Антонаўна Карніцкая, Адэлаіда Антонаўна, Ксаверыя Антонаўна і Сафія Антонаўна Піянткоўскія.

20 снежня 1880 г. сёстры падзялілі маёнтак на 2 часткі: уладальніцай Станіславова стала К.А. Карніцкая, а Прудзішча – С.А. Віткоўская (астатнія сёстры, па ўсёй верагоднасці, да гэтага часу ўжо перасяліліся ў іншыя мясціны).

Пасля такога падзелу памеры маёнтка скараціліся яшчэ больш: цяпер яго плошча складала 963 дзесяціны: 802 з іх займаў лес, 64 – ворыва, 40 – сенакосныя лугі, 57 – іншыя ўгоддзі. Апроч таго, у маёнтку меўся вадзяны млын.

А да 1910 г. у Станіславове засталося ўсяго толькі 140 дзесяцін зямлі і 1 двор, дзе жыло 11 асоб мужчынскага полу і 8 – жаночага.Гарадок цяпер з’яўляўся самастойным маёнткам, а ў вёскахЗамошша, Баравая і Дразды, якія адносіліся да Замашчанскага сельскага грамадства, зямлёй карысталіся мясцовыя сяляне.

Гісторыя маёнтка скончылася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі: 20 лістапада 1917 г. уся маёмасць у Станіславове была прынята ад нашчадкаў Кацярыны Карніцкай і апісана Лёзненскім валасным зямельным камітэтам. 1 студзеня 1918 г. пры маёнтку быў створаны рабочы камітэт, і адзін з былых памешчыцкіх работнікаў, які дарэчы, з’яўляўся сакратаром гэтага камітэта, – Канстанцін Іванавіч Букаты – прыняў на сябе абавязкі наглядаць за ўсёй маёмасцю ў Станіславове і захоўваць яго.

Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости
Предыдущая новость

Следующая новость

Связанные новости