КАЛЕЙДОСКОП
1 минута для чтения
222

Вялікі юбілей Ганны Рыгораўны

4 сентября, 2020
0
Вялікі юбілей Ганны Рыгораўны

Сёння 100-гадовы юбілей адзначае простая працавітая жанчына Г.Р. Петрашкевіч, якая жыве ў г.п. Лёзна. Працоўны стаж на калгасных фермах Ганны Рыгораўны складае 42 гады. Прыйшлося таксама жыць і працаваць на розных работах у далёкай Сібіры

Па прычыне аслабленага слыху ў маёй субяседніцы гутарку аб пражытым вялі ўтрох: падключылася дачка юбіляркі Людміла Архіпаўна Чаркасава, якая цяпер даглядае маці і ўвесь час знаходзіцца побач з ёй. Дарэчы, Ганна Рыгораўна, як кажуць, на сваіх нагах і ў добрае надвор’е яе часта можна ўбачыць на двары, у палісадніку, дзе шмат прыгожых кветак. Да бабулі лашчацца хатнія гадаванцы – гэта некалькі коцікаў, ёсць таксама і сабачка. У такім узросце, пэўна, няма нічога лепей, як адчуваць клопат родных людзей і быць гаспадыняй у сваёй хаце.

Успаміны дапамаглі ўзнавіць даўнія падзеі з вялікага жыцця, пачынаючы з 30-40-х гадоў мінулага стагоддзя: сціплы вясковы побыт сям’і, у якой расла Анечка з дзвюма сястрычкамі, праца з маленства. Татка іх памёр рана. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны дзяўчыне ўжо споўнілася 20. Таму яе аповеды – гэта сведчанні дарослага чалавека. Іх вёску Зоры (была такая ў Кавалёўскім сельсавеце) немцы спалілі за сувязь з партызанамі разам з жыхарамі, якія не паспелі схавацца ў лесе. Так загінула бабуля Ганны. Пасля пажару дзяўчаткі вырашылі разведаць, што там у вёсцы. Прыйшоўшы, убачылі на папялішчы цэлым толькі адзін калгасны свіран. Раптам з’явіліся немцы, пачалі біць прыкладамі, страляць. Падпалілі свіран, куды паспелі забегчы сёстры. У Ані балела ад удараў плячо. Калі яна зразумела, што агонь ужо зачапіў валасы, забралася ў бочку з вадой, якая, на шчасце, трапілася побач. Затым ёй удалося выскачыць з палаючай пабудовы і яна кінулася бегчы да лесу. Услед ляцелі варожыя кулі, адна з іх дагнала дзяўчыну, прайшла навылет праз нагу. Але неяк усё ж дапаўзла да сваіх, а абедзьве сястрычкі так і згарэлі ў тым свіране. Відаць, удары нямецкіх прыкладаў прыйшліся ім па галаве, мяркуе мая субяседніца.

Пасля вызвалення жылі з маці, як і ўсе, у зямлянцы, галадалі. Потым працавалі ў калгасе за палачкі-працадні. Выйшла замуж за Архіпа Лукіча Петрашкевіча ў вёску Старыны. Там нарадзіліся дзеці, Міхаіл і Людміла. Рабіла ў калгасе даяркай, было вельмі цяжка даіць і кармы разнасіць уручную. Вырашылі з мужая пашукаць лепшай долі і паехалі ў далёкі Краснаярскі край.

– З намі яшчэ жыла там бабуля, – распавядае ўжо Людміла Архіпаўна. – Усё складвалася добра, а потым у 1963 годзе памёр бацька. Праз тры гады – бабуля. Калі я скончыла школу, мы з маці вярнуліся на Лёзненшчыну. Спачатку атрымалі ў Пронскім дом, а маці зноў пайшла працаваць даяркай у калгас імя Чапаева, затым даглядала цёлак на лёзненскай ферме. Міхаіл наш займеў сваю сям’ю і застаўся ў Пронскім, а мама купіла невялічкі домік у Лёзне па вуліцы Гагарына, ёй спадабалася, што побач рэчка, лугі, дзе можна пасвіць скаціну. У нас былі тады карова, свінні, авечкі. І зараз жывём у тым жа доме, толькі ніякай гаспадаркі больш няма. Усяму свой час.

Так, гады бягуць, спяшаюцца. На вяку юбіляркі шмат працы, ваенныя адмеціны і жыццёвыя выпрабаванні. 57 гадоў як яна ўдава. Але ўсё змагла пераадолець і сёння аптымістычна глядзіць на белы свет, дзякуя Богу за тое, што дае ёй у жыцці.

Таццяна ІГНАЦЕНКА.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости