Дзень, калі скончылася вайна

Ці адчувалі вы калі-небудзь асалоду ад паходу за грыбамі? Оооо! Гэта незвычайнае задавальненне. У нас у сям’і ўсе любяць гэты занятак, і мы часта радуем сябе ціхім паляваннем. Нахадзіўшыся ўдосталь па лесе, з паўнюткім кошыкам тоўстых крамяных баравікоў, якія ты звычайна кладзеш на самы верх, каб усе пазайздросцілі, адчуваеш сябе найшчаслівейшым чалавекам у свеце.

І толькі аднойчы я прыехала з грыбнога паходу сумная і раўнадушная да свайго поўнага кошыка. Аднак, лічу, што гэты паход быў самы цікавы. Прынамсі, я запомню яго на ўсё жыццё.

Той паход за грыбамі быў у вёску Глоданкі, за якой раскінуліся вялікія балоты, якіх у Беларусі зашмат. Там расце безліч падбярозавікаў, або, як іх называюць у народзе, бабак. Назбіраўшы грыбоў, мы прыселі адпачыць.

– Дааа… Балоты тут бяскрайнія. У час вайны яны выратавалі ад фашыстаў шмат жыхароў навакольных вёсак і партызанаў. Немцы гэтай твані як агню баяліся, – завёў гутарку бацька.

– Дарэчы, Маша, і твой прапрадзед адсюль, з вёскі Таўпа. Ён прайшоў усю вайну і вярнуўся жывым дадому, – падхапіла маці.

Я вельмі здзівілася і зацікавілася пачутым: «А кім ён быў, мой далёкі дзядуля?», «Дзе ён жыў?», «Дзе ваяваў?», «Што ён расказваў пра вайну?».

І ад бацькі я пачула наступнае. Мой прапрадзед, Васіль Маркавіч Селязнёў, нарадзіўся ў 1908-м годзе. Да вайны жыў у вёсцы Таўпа. Працаваў старшынёй калгаса. Калі пачалася Вялікая Айчынная, пайшоў на фронт. Ваяваў у стралковым батальёне. Быў двойчы паранены: адно раненне было ў нагу, другое – у грудзі. Пасля другога ранення асколак так і застаўся ў грудзях. Усё астатняе жыццё напамінаў ён аб перажытых страшных ваенных днях пякучым болем. Але яму пашчасціла застацца жывым і дачакацца таго дня, калі скочылася вайна, і ён, нарэшце, вярнуўся дадому. Вярнуўся героем: з падзякамі ад камандавання і медалямі.

А тут, дома, яго чакалі разруха і папялішчы. Мужчын у вёсцы амаль не засталося. Таму можна сабе ўявіць, колькі прыйшлося ўзваліць яму на свае хворыя параненыя плечы. Некоторы час Васіль Маркавіч працаваў, як і да вайны, старшынёй калгаса, а пазней, калі тры калгасы аб’ядналі ў адзін, брыгадзірам.

Я слухала вельмі ўважліва, стараючыся не прапусціць ніводнай дробязі. Але на гэтым аповед скончыўся. Маці ўздыхнула і пашкадавала аб тым, што так мала мы ведаем пра сваіх сваякоў, што заўсёды не хапае часу на самае важнае, роднае, крэўнае, святое…

Для мяне ж у гэты дзень вайна, па сутнасці, толькі пачалася. Нягледячы на тое, што ў школе нам шмат расказваюць пра вайну, яе ахвяры, герояў, гэты невялікі аповед крануў тыя стрункі душы, якія, здаецца, драмалі. Раней вайна для мяне была нечым страшным і далёкім. А цяпер стала блізкім і вельмі балючым.

Пасля мы пасядзелі яшчэ колькі хвілін, прыціхлыя, узрушаныя ўспамінамі. І тады тата прапанаваў заехаць на брацкія могілкі, якія знаходзяцца на ўскрайку лесу, недалёка ад вёскі Сялішча. На жаль, у нас не было з сабой кветак, каб пакласці да помніка. Тады я ўзяла з кошыка некалькі самых лепшых грыбоў, якія ляжалі зверху, і паклала на магілу.

Гэта быў мой самы цікавы і памятны паход за грыбамі.

Дзень, калі скончылася вайна, стаў, безумоўна, самым шчаслівым днём пасля бясконца доўгіх пяці ваенных годоў для тысяч жыхароў нашай краіны. Але нельга дапусціць таго, каб хоць на адзін дзень скончыліся ўспаміны пра вайну, бо тады яна можа паўтарыцца зноў.

Марыя Саўчык, сярэдняя школа імя М.В. Акцябрскай.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости