Гэта неверагодна прыгожая гісторыя пачалася яшчэ ў эпоху новага каменнага веку, калі ў Бабінавічах пасяліліся першабытныя людзі. Дзякуючы прыродным радовішчам гліны нашы продкі сталі выдатнымі ганчарамі. Майстэрства вырабу керамічнага посуду перадавалася з пакалення ў пакаленне і паволі дайшло да ХХ стагоддзя. Тут у 30-я гады нават дзейнічала ганчарная арцель «Чырвоны паліўнік». Зусім невыпадкова, што бабінавіцкая зямля нарадзіла знакамітых майстроў гліняных цацак – Міхаіла Траяноўскага і Мікалая Арэхава. Іх рамяство магло б трапіць у нябыт, калі б не знайшоўся чалавек, які адрадзіў тэхналогію вырабу і аднаго, і другога рамесніка. А яны, міжрэч, вельмі адрозніваюцца. Нават гук розны. Чатыры гаду таму дзякуючы майстру раённага Дома рамёстваў Ірыне Вароне бабінавіцкая свістулька папоўніла спіс матэрыяльных культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

– У 2020-м годзе я вырашыла набыць цацкі яшчэ сямі майстроў Віцебшчыны – носьбітаў матэрыяльнай культурнай спадчыны, – расказвае Ірына Аляксандраўна. – Так у мяне пачала фарміравацца асабістая калекцыя, у якую трапілі свістулькі з Сянно, Бешанковіч, Оршы, Дуброўна… Паступова яна дапаўняецца цікавымі вырабамі іншых майстроў з розных гарадоў і раённых цэнтраў Беларусі.
У бягучым годзе прафесійны ўзровень Ірыны Аляксандраўны адзначаны дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Традыцыйная свістулька» на Міжнародным свяце-конкурсе «Салавейка» ў межах ХХХІІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».
– Для калектыва Дома рамёстваў другое месца – таксама значная перамога, да якой мы ішлі дзесяць гадоў, – не можа стрымаць узнёслых эмоцый дырэктар установы Інэса Самусенка. – У прэстыжным конкурсе ўдзельнічала паўсотні керамістаў з розных куткоў краіны і іншых дзяржаў. Журы ўзначальваў Яўген Міхайлавіч Сахута – навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі, вядучы беларускі этнолаг і мастацтвазнаўца. Па выніках конкурсу Ірыну Аляксандраўну прынялі ў Саюз майстроў народнай творчасці.
На конкурснай выставе Дом рамсёстваў прадставіў каля сотні свістулек, выкананых у традыцыйных тэхніках: па Арэхаву і Траяноўскаму, глазурованых, задымленых, дэкарыраваных роспісам. У кожнай маленькай цацачцы лёгка ўзгадваецца вершнік на кані, качка, дудалка з мядзведзікамі, совы, пеўнік, барашак. На вынікі журы паўплывала свістулька-сабачка, якая з’явілася ў Лёзненскім ваенна-гістарычным музеі зусім нядаўна, а таксама яе дакладныя рэпліка.
У пачатку мая ў музей прыйшоў мужчына, які пажадаў застацца невядомым. Ён прынёс старанна ачышчаную ад глебы гліняную цацку, якую знайшоў у лясным масіве каля Зачэрні. На першы погляд фігурка не выклікала асаблівай цікавасці ў навуковых супрацоўнікаў. Але ў гэты час яны якраз рыхтаваліся да адкрыцця выставы «І ў вайну гулялі дзеці», і сабачка добра ўпісаўся на палічках сярод іншых цацак.
А ў Доме рамёстваў у гэты час ішла актыўная падрыхтоўка да фестывалю «Славянскі базар у Віцебску». І.А. Варона з гэтай нагоды вырашыла аднавіць адну з традыцыйных бабінавіцкіх свістулек. З гэтай мэтай наведалася ў музей і пачала працаваць над стварэннем копіі адной з цацак, якая займае пачэснае месца за шклом у адной з экспазіцый. Майстар старалася дэталёва паўтарыць цацку з кавалачка гліны, седзячы насупраць арыгінала. І раптам З.Ф. Малахава зразумела, што свістулька за шклом і сабачка, які трапіў да іх у маі, як дзве кроплі вады падобныя між сабою. Гэта было сапраўднае адкрыццё! Добра ведаючы почырк Траяноўскага і Арэхава, Ірына Аляксандраўна зразумела: свістулька ў вобразе сабачкі належыць зусім іншаму майстру.Дзякуючы вопыту і шматгадоваму вывучэнню асаблівасцей тэхналогій, І.А. Варона зрабіла выснову, што аўтар цацкі – Арына Рыжкова. Імя кераміста да вайны было добра знаёма не толькі ў Бабінавічах, але і ў Лёзне, дзе яе вырабы карысталіся папулярнасцю падчас кірмашоў.
– Майстрыха памерла ў 1945 годзе, не пакінуўшы пасля сябе ні дзяцей, ні ўнукаў, – кажа Ірына Аляксандраўна. – Можна з вялікай доляй верагоднасці меркаваць, што сабачку, якога прынёс у музей невядомы наведвальнік, зрабіла менавіта Арына Рыжкова. Праца над аднаўленнем копіі сабачкі прыйшлася мне вельмі да душы. Гэта проста неверагодна, што мужчына здолеў разгледзець у выпадковай знаходцы гістарычную каштоўнасць.
– Хочацца звярнуцца да чытачоў раёнкі з просьбай. Магчыма, у каго-небудзь дзе-небудзь на гарышчы ляжаць старыя пакінутыя рэчы, якія і выкінуць шкада, і невядома, што з імі рабіць. Мы будзем вельмі ўдзячны, калі вы аддасцё іх у Дом рамёстваў або ў музей. Нават калі гэта проста аскепкі ад гарлачыка ці кавалачак даматканай тканіны. Для нас кожны такі прадмет мае асаблівую каштоўнасць, – кажа Ірына Аляксандраўна.
Дарэчы, у апошні час І.А. Варона засвойвае новую для сябе прыладу працы – ганчарны круг, які з’явіўся ў Доме рамёстваў напрыканцы мінулага года. Метадам спроб і памылак на свет нараджаюцца кубачкі, талерачкі і збаны, з кожным разам усё больш дасканалыя і прыгажэйшыя. Што ж, ганчарная справа патрабуе немалога вопыту, але шлях здужае той, хто ідзе. І свістулькі І.А. Вароны – яркае таму сцверджанне.
Вольга Пінчук.
P.S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што сабачку ў музей прынёс Сяргей Дзянісевіч. Рэдакцыя просіць мужчыну адгукнуцца.
