Сёння мы вырашылі пашырыць межы праекту. Іменем гэтага Героя Савецкага Саюза названая вуліца ў аграгарадку Крынкі.

Сёлета мы адзначаем васьмідзесяцігоддзе перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У сувязі з гэтым давайце назавём імя аднаго з тых, хто вызваляў Лёзненшчыну. Гэта Герой Савецкага Саюза Георгій Аляксеевіч Дуброўскі (1901-1975), ураджэнец вёскі Бабракі Урыцкага раёна Арлоўскай вобласці (Расія), намеснік камандзіра па палітычнай часці 850-га стралковага палка 277-й стралковай дывізіі. Яго імя носіць вуліца ў аграгарадку Крынкі.

А падрабязней пра яго раскажа нарыс у зборніку «Кавалеры Залатой Зоркі. Нарысы пра Герояў Савецкага Саюза» (Данецк, 1976).

«Гэты чалавек быў падрыхтаваны да здзяйснення подзвігаў усім сваім жыццём. Сын патомнага селяніна падчас Грамадзянскай вайны пайшоў у Чырвоную Армію адстойваць новы свет. У 1925 годзе стаў членам ленінскай партыі. Вучыўся ў Маскве на Ленінскіх курсах пры ЦК УКП(б), а ў пачатку вайны – у Ваенна-палітычнай акадэміі імя У.І. Леніна. У канцы ліпеня 1941 года Георгій Аляксеевіч становіцца камісарам палка.

Бой за Чаркасы

Ішлі цяжкія месяцы вайны. 1944 год. Дуброўскага ён застаў у раёне Віцебска.

Два батальёны 617-га стралковага палка (199-й стралковай дывізіі -аўтар) з боку саўгаса «Крынкі» павінны былі заняць суседняе сяло Чаркасы. З каманднага пункта, дзе знаходзіўся Георгій Аляксеевіч разам з кампалка, было бачна, як спачатку паспяхова развівалася атака. Але вось ля самай ускраіны сяла роты трапілі пад згубны кулямётны агонь і вымушаны былі залегчы ў снезе. Яны неслі страты.

Недалёка ад КП размяшчалася танкавая рота. Дуброўскі кінуўся туды:

– Наперад!

Байцы, убачыўшы на галоўным танку Дуброўскага, узняліся ў атаку і хутка ўварваліся ў Чаркасы.

Адчуваючы, што групе Дуброўскага давядзецца цяжка, камандзір палка даслаў на дапамогу самаходную гармату. Толькі паспелі ўстанавіць яе, як гітлераўцы рушылі ў контратаку. На пазіцыі двух батальёнаў ішлі 15 танкаў і каля палка пяхоты.

Першая, другая, трэцяя контратакі былі адбітыя, але – занадта дарагой цаной: з двух батальёнаў засталося ўсяго васямнаццаць чалавек. Дуброўскі аддаў загад адыходзіць.

Немцы пайшлі ў чацвёртую контратаку. Наша гармата падбіла адзін іх танк. Змяніўшы пазіцыю, падпалілі другі. І ў гэты час самаходка здрыганулася ад выбуху. Ледзь Георгій Аляксеевіч паспеў выскачыць з яе, як побач разарваўся снарад…

«Бераг левы, бераг правы…»

Калі 850-ы стралковы полк, у які пасля выздараўлення быў прызначаны нампалітам Дуброўскі, выйшаў да Бярэзіны, мост цераз раку аказаўся падарваным. Ноччу, пад покрывам цемры, полк на плытах і лодках фарсіраваў раку ў тым месцы, дзе вораг менш за ўсё чакаў – на картах значыліся непраходныя балоты – і ўдарыў з тылу.

Пачуўшы стральбу, праціўнік вырашыў, што яго абышлі буйныя сілы, і пачаў пакідаць умацаванні на беразе Бярэзіны.

Надыхнёныя нампалітам

Падчас наступлення ў накірунку на Каўнас 850-ы полк вырваўся далёка наперад і аказаўся ў акружэнні. На яго пазіцыі скідваліся сотні бомб, не перастаючы, біла варожая артылерыя.

Абяскроўлены полк адбіваў адну атаку за другой. І калі здавалася, што апошнія сілы на зыходзе, Дуброўскі загадаў вынесці палкавы сцяг, каб яго бачылі ўсе байцы і ведалі: адыходзіць няма куды. І воіны, якія былі натхнёны нампалітам, выстаялі.

На трэці дзень нашы войскі, што падышлі на дапамогу, прарвалі кольца акружэння і адкінулі фашыстаў.

Узор мужнасці і адвагі

І зноў баі ўжо на зямлі Усходняй Прусіі. Пра гэты час скупа паведамляе ўзнагародны ліст Дуброўскага. «Неаднаразова ў цяжкіх умовах баявой абстаноўкі т. Дуброўскі ўяўляў сабою ўзор мужнасці і адвагі, ведучы за сабой асабовы склад палка. Поспехі палка непарыўна звязаныя з умелай арганізацыяй і правядзеннем на ўсіх этапах наступальных баёў летам 1944 года партыйна-палітычнай работы сярод асабовага складу палка.

За ўмелую арганізацыю партыйна-палітычнай работы і праяўленыя пры гэтым гераізм і адвагу тав. Дуброўскі дастойны прысваення звання Героя Савецкага Саюза»…

Заслужаныя ўзнагароды

(Аўтар) Як вынікае з аповеду, высокае званне падпалкоўнік Дуброўскі атрымаў па выніках Беларускай наступальнай аперацыі, больш вядомай пад назвай «Баграціён». На той момант ён меў два цяжкіх (лістапад 1941 года, студзень 1944 года) раненні і адно лёгкае (чэрвень 1942 года), быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў. У радах 850-га стралковага Віцебскага Чырвонасцяжнага ордэнаў Суворава і Аляксандра Неўскага палка 277-й стралковай Рослаўльскай Чырвонасцяжнай ордэна Суворава дывізіі адважны камісар прайшоў шлях да пераможнага мая сорак пятага. Вызначыўся ў першых баях Усходнепрускай наступальнай аперацыі і быў узнагароджаны другім па ліку ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.

Мірнае жыццё

У 1946 годзе ён быў звольнены ў запас і вярнуўся да партыйнай работы ў Сталінскай (пазней Данецкай) вобласці Украінскай ССР. Жыў у гарадскім пасёлку Яма (цяпер горад Северск). Працаваў сакратаром райкама партыі. Да баявых узнагарод дабавіўся ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Пасля выхаду на пенсію Георгій Аляксеевіч пераехаў на жыхарства ў горад Часаў Яр, дзе на цагельні пачынаў працаваць пасля першай дэмабілізацыі ў далёкім 1924 годзе.

Канстанцін Гайдукоў.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости