План будаўніцтва нафтавага млына ў Калышках (вонкавы выгляд), 1924 г.

Без іх жыццё было немагчымым, бо ва ўсе часы людзям хацелася есці. Знаходзіліся яны ў асноўным у памешчыцкіх маёнтках, і неўзабаве пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі – з верасня 1918 г. – пачалося іх абследаванне прадстаўнікамі новай, савецкай улады. Трэба ж было ведаць, колькі мукі магчыма атрымаць з кожнага з іх. Яны – гэта млыны, якія штодня грукатам жорнаў запрашалі да сябе вяскоўцаў.

Зусім незвычайна для Лёзненшчыны выглядаў млын у Выдрэі, бо гэта быў вятрак. Па ўсёй верагоднасці, яго пабудавалі мясцовыя латышы, і не дзіўна, што ў 1918 г. ён належаў аднаму з іх – Івану Іванавічу Какіту, які быў прызначаны загадчыкам млына і надалей. Пры пастаянным моцным ветры тут можна было намалоць 300 – 500 кг мукі за гадзіну.

Вецер дзьме не заўсёды, а вось вада ў рэках – з’ява больш пастаянная, таму і вадзяных млыноў было значна больш. Адзін з іх мясціўся ў маёнтку Пнёва,што на рацэ Лучосе. Млын быў драўляным, трох’ярусным, і пры ім мелася сукнавалка. Сто гадоў назад арандатарам тут з’яўляўся Рафаіл Гдальевіч Гурэвіч, а ў працы яму дапамагалі яшчэ трое рабочых.

Калісьці на вадзяным млыне малолі муку і ў колішнім маёнтку Сухадрове, але ў 1918 годзе ён ужо амаль не працаваў і не даваў ніякага прыбытку. Яго арандатарам лічыўся Захарый Гаўрылавіч Філіпенка з вёскі Жары, а млынаром – яго бацька Гаўрыла Іосіфавіч.

У Сітне таксама быў вадзяны млын, і таксама вельмі стары. Яго драўляны будынак, плаціна і ўсе механізмы былі настолькі пашкоджаны, што ён не дзейнічаў.

Паўнаводны ручай выкарыстоўвалі і ў Завольшы: за 8-гадзінны працоўны дзень магчыма было намалоць каля 16 тыс. кг мукі. З кастрычніка 1918 г. яго загадчыкам з’яўляўся Казімір Восіпавіч Сірмый, якога лёс закінуў на Лёзненшчыну з Болаўскай воласці Люцынскага павета.

Рачное цячэнне выкарыстоўвалася яшчэ і на млынах у Дабрамыслях ды Станіславове.
У мястэчку Лёзна дзейнічаў удасканалены варыянт вадзянога млына – з паравым рухавіком.Той млын быў вялікім, двухпавярховым і калісьці належаў памешчыку М.Д. Хлюсціну, а пасля рэвалюцыйных падзей загадчыкам тут стаў Іван Цімафеевіч Бараноўскі. Усяго ж на млыне працавала 7 чалавек.

Меліся на Лёзненшчыне і такія млыны, што працавалі на розным паліве, да прыкладу, на дровах ці нафце. Вось у Барсееве малолі муку на мураваным паравым млыне, які ў архіўных дакументах называецца Бенідыктаўскім. На яго ўскладаліся вялікія спадзяванні, бо восень 1918 г. выдалася вельмі сухой і ў працы вадзяных млыноў маглі здарыцца перабоі. Нягледзячы на тое, што тут працавалі толькі тры чалавекі – машыніст, качагар і вагаўшчыца – за суткі магчыма было намалоць каля 25 тыс. кг мукі.

На ўсю акругу распаўсюджвалася слава пра Касцяёўскі паравы млын, бо пры ім мелася ваўначоска, сукнавальня і лесапілка. Воўну на апрацоўку сюды прывозілі не толькі з Віцебскай, але і з Магілёўскай ды Смаленскай губерняў. Да рэвалюцыі ўсе гэтыя прадпрыемствы належалі Аўгусту Пятровічу Пакальнету, але потым перайшлі ў рукі Якава Маісеевіча Ханькевіча. Пад яго кіраўніцтвам на млыне працавала 9 рабочых.

Дровы ў якасці паліва выкарыстоўваліся таксама і на млыне ў былым маёнтку Міхайлава ў Веляшковіцкай воласці.
Млыны ў Чарніцах і Глоданках працавалі на нафце. Чарніцкі быў двухпавярховым:мураваны ўнізе і драўляны зверху. Яго арандатарам з’яўляўся Іуда Левіт, які працаваў разам з двума сваімі сынамі не толькі днём, але і ў начныя змены. Ды толькі ў верасні 1918 г. прадстаўнікі Лёзненскага валвыканкама абвінавацілі яго ў спекуляцыі і перадалі млын у веданне аддзела земляробства. Рэквізавалі ў І.Левіта і нафту, прычым нямала яе разлілі без патрэбы.

У наступныя гады на Лёзненшчыне з’яўляліся новыя прадпрыемствы для памолу мукі: напрыклад, у 1924 г. быў пабудаваны нафтавы млын у Калышках.

Канстанцін Карпекін,
галоўны захавальнік фондаў
Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости