Дарагія браты і сёстры, шчыра віншую вас са святам Уваскрасення Хрыстовага. Хрыстовае Уваскрасенне з’яўляецца святам перамогі жыцця над смерцю. Паміраючы на Крыжы, Госпад Езус далучыўся і да смерці, якая ўладарыла над гэтай прыродай. Той, хто з’яўляецца Жыццём, аддаў сябе ў халодныя абдымкі смерці, сышоў у глыбіню пекла дзеля таго, каб знайсці там грэшнага чалавека і вызваліць яго ад улады граху, смерці і д’ябла. Смерць паглынула жыццё, але была пераможана Жыццём, не здолеўшы ўтрымаць Таго, хто даў пачатак усяму стварэнню.
Уваскрасенне Хрыста – гэта фундамент нашай веры, краевугольны камень, пакладзены ў падмурак нашай надзеі на збаўленне. Гэта крыніца моцы і змены нашага жыцця.
У гэты святочны дзень шчыра жадаю ўсім вам Божай дапамогі і Божага бласлаўлення, здароўя і сапраўднага супакою. Няхай у вашых сем’ях заўсёды пануе любоў і ўзаемапаразуменне, а ў душах – радасць ад Уваскрасення Хрыстовага. І няхай гэтая радасць умацоўвае ў вашых сэрцах веру, надзею і любоў як да Бога, так і да ўсіх людзей. Хрыстос Уваскрос! Аллелюя! Сапраўды уваскрос! Аллелюя!