
З дарэвалюцыйных часоў і да восені 1918 г. гэтая навучальная ўстанова называлася вышэйшым пачатковым вучылішчам, а затым, як таго патрабавала савецкае заканадаўства, была перайменавана ў адзіную працоўную школу. Гэта была школа ІІ ступені – іншымі словамі, тут вучыліся дзеці ад 13 да 17 гадоў. Натуральна, дзейнічала яна ў непарыўнай сувязі са школай І ступені, якая таксама мелася ў Высачанах.
На пасяджэнні педагагічнага савета, якое адбылося 17 верасня 1918 г., было пастаноўлена прыём вучняў пачаць 18 верасня, пераэкзаменоўку для іх правесці 23 верасня, праверачныя іспыты для новых вучняў 1-3 класаў арганізаваць 24 верасня, а заняткі пачаць 1 кастрычніка.
У першыя гады працы школы межы навучальнага года вызначаліся ў залежнасці ад абставін. Напрыклад, у 1919 г. навучальны год завяршыўся 24 мая, але яшчэ з 25 мая па 1 чэрвеня праводзіліся практычныя заняткі і экскурсіі для вучняў. Наступны навучальны год распачаўся 1 кастрычніка 1919 г. і завяршыўся ён крыху пазней, чым у мінулы раз – 28 мая. У 1921 г. заняткі скончыліся 15 мая, бо сяляне прыцягвалі сваіх дзяцей да палявых работ, а школьным работнікам 3 месяцы не плацілі заробак, таму яны шукалі розныя падпрацоўкі і не праводзілі заняткі. Праз гэта педсавет пастанавіў наступны навучальны год пачаць на 2 тыдні раней, і сапраўды школа адчынілася15 жніўня 1922 г.

Акрамя летніх, у вучняў былі студзеньскія і красавіцкія вакацыі. Здараліся яшчэ і незапланаваныя перапынкі ў вучобе: так, у лістападзе 1919 г. у будынку школы размясцілася ваенная праверачная камісія, а ў лістападзе 1920 г. заняткі спыніліся праз адсутнасць дроў.
У пачатку 1918-1919 навучальнага года ў школе не было настаўніка агульнаадукацыйных прадметаў і графічных мастацтваў. І хоць да 15 кастрычніка 1918 г. першага з іх удалося знайсці і прызначыць на пасаду, па невядомых прычынах на працы ён так і не з’явіўся. Яшчэ аднаму настаўніку з 11 лістапада 1918 г. дазволілі пайсці ў адпачынак, таму выкладчыцкіх кадраў было недастаткова. З 1920 г. у школе працавала 8 школьных работнікаў, і гэтая колькасць была больш-менш пастаяннай і ў наступныя гады.
У першыя паслярэвалюцыйныя часы не хапала не толькі настаўнікаў, але яшчэ падручнікаў, дроў для ацяплення школы і будаўнічых матэрыялаў. І калі кнігі ды цэглу вырашана было здабыць з бліжэйшых маёнткаў (у прыватнасці, з Крынак), то па прычыне холаду вучняў нярэдка адпускалі на вакацыі.

З лютага 1919 г. у школе меўся вучнёўскі камітэт, які сачыў за выкананнем правіл унутранага распарадку. Упаўнаважанымі камітэта лічыліся дзяжурныя, якія выбіраліся ў кожным класе ў ліку 2 асоб тэрмінам на тыдзень. Пра ўсе здарэнні і парушэнне дысцыпліны яны паведамлялі бацькам.
Асноўнымі прадметамі, якія выкладаліся ў школе, былі матэматыка, прыродазнаўства, фізіка, гісторыя, геаграфія, руская, нямецкая і французская мовы, рукадзелле. Для вучняў праводзіліся экскурсіі ў лес, па наваколлях і на фабрыку. У снежні 1918 г. да школы была далучана Высачанская рамесніцкая вучэбная майстэрня – так з’явілася магчымасць праводзіць заняткі па ручной працы. У красавіку 1919 г. у школе было ўведзена навучанне ваеннаму строю, гімнастыцы і спорту, а ў снежні 1920 г. арганізаваны гурток «Аматараў мастацтваў». Вучні займаліся тут маляваннем, музыкай і літаратурай (першапачаткова гурток наведвала ўсяго 10 хлопчыкаў і дзяўчынак).
Вучэбныя групы былі розныя па велічыні: напрыклад, у маі 1919 г. у 1-ю групу ІІ ступені было пераведзена 25 вучняў, у 2-ю групу – 19, у 3-ю групу – 7. Усяго ў канцы 1919-1920 навучальнага года школу наведвала 75 вучняў (50 хлопчыкаў і 25 дзяўчынак).А вось выпускныя класы звычайна былі невялікімі: у 1921 г. школу скончыла 6, а ў 1922 г. – 11 вучняў.
(На фотаздымках – настаўніцы Высачанскай адзінай працоўнай школы ІІ ступені).
Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
