Ці задумваліся вы пра тое, чым пахне Радзіма? Як толькі сыходзіць апошні снег, хмызнякі выпускаюць пушыстыя «коцікі», на якія злятаюцца яшчэ крыху сонныя пасля зімовага адпачынку пчолы. І Радзіма напаўняецца саладкаватым водарам вербалозу і мёду. Гэтым часам пачынецца сяўба, і тады ноздры прыемна казыча пах толькі што ўзаранай глебы. Неўзабаве надыходзіць пара чаромхі, затым – тонкага, ледзьве ўлоўнага водару квітнеючых яблынь, вішань, ігруш… Самыя розныя, на ўсялякі густ пахі садовых і палявых кветак, дымных кастроў з печанай бульбай і шашлыкамі, духмяных яблык на пачатку восені дазваляюць ярчэй і паўней успрымаць Радзіму, адчуваць яе прыгажосць, свежасць і разнастайнасць.

Але што рабіць, калі твая малая радзіма – гэта невялічкі ручай у гарпасёлку ў мікрараёне за чыгуначным пераездам, які немаведама калі і за што атрымаў крыўдную назву Ванючка, і таму вымушаны адпавядаць непрыемнай мянушцы? Так здарылася, што менавіта ў гэтым парослым хмызнякамі вадаёме з году ў год гняздзіцца сям’я качак. Нягледзячы на тое, што месца для жыхарства, мякка кажучы, тут не вельмі ўдалае. Справа ў тым, што ад самага вытоку ручая да месца ўпадзення ў кар’ер (той самы кар’ер, дзе ўладкавана афіцыйна дазволеная зона купання) ён проста завалены адходамі жыццядзейнасці homo sapiens. Прабачце, але цяжка падабраць іншае вызначэнне чалавека, які павінен быў прайсці пэўны шлях эвалюцыі, але далей чым засвоіць няхітрую навуку спажывання, так і не прасунуўся. На працягу паўтысячы гадоў (менавіта столькі часу трэба для разлажэння пластыкавых вырабаў) археолагі з лёгкасцю могуць рабіць вывады пра побыт людзей пачатку трэцяга тысячагоддзя. Чаго толькі не знойдзеш у пацямнелай ад гора вадзе Ванючкі! Бітае шкло, дзіцячыя цацкі, жаночыя і мужчынскія чаравікі, зубныя шчоткі, пластыкавыя бутэлькі, аўтамабільныя колы, крэслы і дзверы… Дабра столькі, што бедны качар са сваёй вернай спадарожніцай не знаходзіць месца паплаваць, і таму, каб размяць ногі, вымушаны час ад часу шпацыраваць па беразе, забываючыся на тое, што народжаны быў вадаплаваючай птушкай. Палепшыць становішча сямейная пара можа толькі змяніўшы месца жыхарства. Але чамусьці не робіць гэтага ўжо шмат гадоў. Цудоўны прыклад птушынага патрыятызму, які выглядае як папрок людзям, што шукаюць сыцейшых месцаў.

Уздоўж правага берага Ванючкі віецца пясчаная сцяжынка, якая вядзе прама да дзіцячага садзіка №1. Кожная раніца для сястрычак Ані і Тані Лагвінковых пачынаецца з прагулкі па гэтай сцяжынцы. Кожную раніцу суправаджае іх старэйшы брат Данік. У параўнанні з імі – ён ужо амаль што дорослы, сур’ёзны мужчына, які не можа змірыцца з тым, што качкі плаваюць у брудзе, і што яго маленькія сястрычкі павінны назіраць такую надзвычай непрывабную карціну. І таму падгаварыў сваю маці, Ірыну Сяргееўну, прыходзіць на ручай вечарамі і збіраць смецце.

Пазнаёмілася я з Данікам падчас суботніка у мікрараёне «Чкалаўскі», калі ён з лёгкасцю завіхаўся ў двары свайго шматкватэрнага дома з граблямі і тачкай. А праз гадзіны дзве выпадкова сустрэла хлопчыка разам з мамай на беразе забруджанага ручая. Два чалавекі з поўнымі мяхамі смецця выклікалі адначасова павагу і шкадаванне. Адразу ўзнікла думка, што не толькі адзін, а нават двое «ў полі не воіны». Усведамляючы аб’ём працы, разумелі гэта і барацьбіты за чысціню навакольнага асяроддзя. Але пакінуць так, як ёсць, ім не дазваляла сумленне. І тады нарадзілася ідэя. Газета вырашыла арганізаваць каманду дабраахвотнікаў па навядзенню парадку на ручаі. Прызнаюся чэсна – у поспех гэтай задумы не дужа верылася. Але паспрабаваць рэзон быў. У першую чаргу заручыліся падтрымкай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і акаляючага асяроддзя. Яе начальнік М.У. Лук’яновіч адразу ўхваліў грамадскую ініцыятыву і дамовіўся з намеснікам дырэктара жыллёва-камунальнай службы В.А. Анціпенкай аб выдзяленні трактара з прыцэпам. Мы заклікалі дабраахвотнікаў далучыцца да карыснай справы праз аб’яву ў «раёнцы». Бацька Даніка, Андрэй Рыгоравіч, надрукаваў аб’явы аб правядзенні суботніка, якія распаўсюдзілі сярод жыхароў мікрараёна.

І вось у назначаны дзень, 21 красавіка, а шостай гадзіне вечара ля Ванючкі пачалі збірацца людзі. З граблямі, мяшкамі, тачкай, бензапіламі, сякерамі. Сабралася без усялякага прымусу – ні многа ні мала – цэлая брыгада з дваццаці чалавек! Вельмі добра, што ў камандзе былі мужчыны, бо без мужчынскіх інструментаў і фізічнай сілы жанчынам і дзецям было б не справіцца. Сям’я Лагвінковых прыйшла поўным саставам пад кіраўніцтвам дзядулі Сяргея Міхайлавіча Антаненкі. Нават двухгадовай Ані ўручылі дзіцячыя ярка-чырвоныя грабелькі, і яна, як умела, з выглядам заклапочанай справамі гаспадыні падграбала сухія галінкі. М.У. Лук’яновіч прыехаў разам з калегай, галоўным спецыялістам Лідзіяй Афанасьеўнай Асіпенкавай і, не шкадуючы рук, тут жа далучыўся да агульнай справы. Жыхар мікрараёна Уладзімір Сяргеевіч Агеенка ў высокіх рыбацкіх ботах шчыраваў пасярэдзіне ручая, і нават, паслізнуўшыся і апынуўшыся цалкам у халоднай вадзе, не пакінуў працы. Па берагах завіхаліся яго дочкі Кацярына Данілевіч і Ганна Кулакова з мужам Васілём Паўлавічам. Кіраўнік клуба «Ветэран» Вольга Мікалаеўна Вяршыніна прыйшла на талаку з іншага канца гарпасёлка. Самы актыўны ўдзел у суботніку прынялі таксама Алена Вараб’ёва, Кацярына Цымбаліст, Мікалай Літвянкоў, Аляксей Аляксееў, Стас Даўгяла, Людміла Іванова, Дзмітрый Красноў.

Мужчыны абрэзалі сухое вецце, кагалам выцягнулі з вады набрынялае цяжкое бервяно, аўтамабільныя колы, пагрузілі на прыцэп (ЖКГ не падвяла!) выкінутую ў ручай мэблю. Трэба сказаць, што яшчэ задоўга да завяршэння справы ўсе добра запэцкаліся і прапахлі водарам Ванючкі. Тым не менш, агульная мэта ператварыць закінуты смеццем ручай у маляўнічы куток была мацнейшай за часовыя нязручнасці і не перашкаджала жартаваць.

Мабыць, заўтра на ручай прыляцяць не толькі качкі, але і лебедзі, – сказаў нехта.

Ага, можа, мы яшчэ і фарэль сюды запусцім? – адгукнуўся іншы.

Не ведаю пра фарэль, а пакуль што тут можна злавіць хіба што «хварэль», – згумарыў трэці.

Так за працай і размовамі пачало змяркацца. Прыцэп быў запоўнены з гарою. Ручай змяніўся і пачаў выглядаць значна прывабней. Больш за іншых навядзеннем парадку быў задаволены Данік. Ад прапановы зрабіць агульнае фота на памяць палова ўдзельнікаў мерапрыемства наадрэз адмовілася з-за ўласнай сціпласці. Маўляў, сабраліся не дзеля «галачкі», а таму, што адчувалі ў гэтым патрэбу. Таму што так не павінна быць, каб мы жылі на сметніку, каб дзеці з малых гадоў прызвычаіліся бачыць усюдыісныя ўпакоўкі, абгорткі і бутэлькі. Мы павінны жыць на дадзенай Богам прыгожай, чыстай, квітнеючай зямлі, якая так цудоўна сёння пахне мёдам і чаромхай…

Праўда, каб давесці ручай да ідэальнага стану, спатрэбіцца яшчэ хаця б адзін такі суботнік. Крыху пазней, калі знізіцца ўзровень вады, і на паверхні з’явяцца новыя «сюрпрызы». А таксама неабходна прачысціць экскаватарам адрэзак русла вадаёма каля маста. Дапамагчы ў гэтай справе зноў паабяцала В.А. Анціпенка. І магчыма, ручай сапраўды ператворыцца ў маляўнічы куток гарпасёлка, а нашы чытачы прыдумаюць яму новую, прыгожую назву. Паспрабуем?

Вольга Пінчук.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости