«Полковник Дгебуадзе, в р-не д. Рублево Лиозненского р-на Витебской области, в течение 24 февраля 1944 года, благодаря правильной организации оборонительного боя, составом своего полка отразил 5 контратак противника с танками, нанеся ему большие потери в живой силе, подбив 2 танка и «Фердинанд».

Отражая 5-ю контратаку, товарищ Дгебуадзе, наблюдая и управляя боем с наблюдательного пункта, заметил, что противник на наши боевые порядки пустил до двух рот пехоты и 6 танков. Тогда он отдал приказ: «Огонь!». Артиллеристы сосредоточились на пехоте и танках противника, а сам стал наблюдать за полем боя и руководить боем. В этот момент вблизи наблюдательного пункта разорвался снаряд противника и полковник Дгебуадзе был тяжело ранен. 25 февраля 1944 года умер от ран».

Гэта апісанне апошняга бою камандзіра 1138-га стралковага палка 338-й стралковай дывізіі палкоўніка Дгебуадзэ, якога пасмяротна ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені. Што нам вядома пра яго, кадравага афіцэра Чырвонай Арміі, які аддаў сваё жыццё за Радзіму ў перадапошні год вайны?

Нарадзіўся Іван Лявонцьевіч 23 снежня 1910 года ў сяле Дыды-Чконі Сенакскага павета Кутаіскай губерні (цяпер – у складзе Мартвільскага муніцыпалітэта края Самегрэла-Зема Сванеці Грузіі) у сялянскай сям’і. У 1926 годзе скончыў шэсць класаў адзінай працоўнай школы, а праз год добраахвотна ўступіў у рады Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Скончыў Закаўказскую ваенна-падрыхтоўчую школу ў горадзе Баку. У 1930 годзе паступіў ва Уладзікаўказскую пяхотную школу. Праляцелі два годы вучобы – і пачалася армейская служба на камандных пасадах.

Як выдатніка вучобы яго накіравалі ў Маскоўскую ваенную акругу. Камандзірам узвода год адслужыў у Маскоўскай Пралетарскай дывізіі. Гэта была элітная часць, якая з’яўлялася пастаянным удзельнікам парадаў, смотраў і паказальных вучэнняў. На яе базе праводзіліся выпрабаванні новых узораў тэхнікі і ўзбраення. У маі 1933 года перавялі інструктарам у вучэбны цэнтр акругі у горадзе Каўрове Іванаўскай (цяпер – Уладзімірскай) вобласці Расіі. Але праз паўтара года – перавод на ранейшае месца службы ў Пралетарскую дывізію. За няпоўныя тры гады службы ў 2-м стралковым палку дывізіі вырас ад камандзіра вучэбнага ўзвода да памочніка камандзіра батальёна. З увядзеннем персанальных вайсковых званняў быў атэставаны ў пачатку 1937 года як старшы лейтэнант. Адначасова прайшоў навучанне ў камвузе (камуністычная вышэйшая навучальная ўстанова) і ў наступным годзе быў прыняты ў партыю.

З кастрычніка таго ж 1938 года ўзначальваў курсавую групу малодшых лейтэнантаў пры дывізіі, а праз пяць месяцаў атрымаў прызначэнне на пасаду камандзіра батальёна ў 2-м стралковым палку. У жніўні трыццаць дзявятага на базе 3-га стралковага палка Пралетарскай дывізіі была сфарміравана 126-я стралковая дывізія, у радах якой прадоўжылася служба старшага лейтэнанта Дгебуадзэ на пасадзе камандзіра стралковага, затым разведвальнага батальёнаў. Іван Лявонцьевіч прымаў удзел у вызваленчым паходзе ў Заходнюю Беларусь восенню 1939 года, ва ўводзе савецкіх войскаў у Латвію ў чэрвені наступнага года. Пазней ён быў накіраваны на разведвальныя курсы ўдасканалення каманднага саставу РСЧА ў Маскве. Заканчэнне вучобы на курсах супала з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны.

Баявая біяграфія для капітана Дгебуадзэ пачалася ў жніўні сорак першага на пасадзе старшага памочніка начальніка 2-га аддзялення разведвальнага аддзела штаба Бранскага фронту. Пра тое, што ён не жадаў адседжвацца ў штабе, кажа раненне (кулявое і асколачнае), якое атрымаў 24 лютага 1942 года. Пасля выздараўлення прайшоў навучанне на курсах удасканалення каманднага саставу пры штабе Заходняга фронту, а ў чэрвені таго ж года атрымаў званне маёра і накіраванне на страявую пасаду ў 338-ю стралковую дывізію, якая заканчвала фарміраванне ў бліжнім тыле 43-й арміі Заходняга фронту.

Ужо ў чэрвені таго ж 1942 года дывізія была ўведзена ў баявыя дзеянні на рубяжы ракі Угра, затым працяглы час знаходзілася ў пазіцыйнай абароне на тэрыторыі Ізноскаўскага раёна Смаленскай (цяпер – Калужскай) вобласці Расіі. У жніўні сорак другога Іван Лявонцьевіч прыняў пад камандаванне 1136-ы стралковы полк дывізіі, а праз тры месяцы яго віншавалі з прысваеннем пазачарговага звання падпалкоўніка. За перыяд знаходжання дывізіі ў абароне камандзір забяспечыў добрую падрыхтоўку асабістага склада да наступальных баёў, у выніку чаго полк пры наступленні ў сакавіку 1943 года прайшоў з баямі 120 кіламетраў па смаленскай зямлі, вызваліўшы 40 населеных пунктаў, у тым ліку раённы цэнтр сяло Знаменку. У прадстаўленні да ордэна Чырвонага Сцяга, якім узнагародзілі кампалка Дгебуадзэ ў чэрвені таго ж года, падкрэслівалася, што ён карыстаецца вялікім аўтарытэтам сярод байцоў і афіцэраў 1138-га стралковага палка, які ўзначаліў двума месяцамі раней.

4 жніўня 1943 года – павышэнне ў званні. Яго пагоны ўпрыгожылі тры палкоўніцкія зоркі. Павышэння па службе чамусьці не адбылося. У суровых рэаліях Вялікай Айчыннай вайны з яе вялікімі стратамі ў кадравым камандным саставе, калі палкі вадзілі ў бой маёры і нават капітаны, – гэта даволі рэдкая з’ява. Звычайным было, калі палкоўнікі камандавалі дывізіяй ці займалі пасаду начальніка штаба корпуса, а маглі быць дапушчаны да камандавання корпусам. Але менавіта на чале 1138-га стралковага палка 338-й стралковай дывізіі палкоўнік Дгебуадзэ прыме ўдзел у Смаленскай наступальнай аперацыі (жнівень-кастрычнік 1943), затым у цяжкіх кровапралітных баях пры вызваленні ўсходніх раёнаў Беларусі. У кастрычніку-лістападзе сорак трэцяга 338-я дывізія ў складзе 31-й арміі вяла малапаспяховыя наступальныя баі на аршанскім напрамку, потым была адведзена ў рэзерв штаба Заходняга фронту.

1 студзеня 1944 года яна была перададзена 5-й арміі і неўзабаве ўведзена ў баявыя дзеянні на лёзненскай зямлі. Разам са 43-й гвардзейскай танкавай брыгадай правяла наступальную аперацыю з 14 па 20 студзеня, калі 1138-ы і 1134-ы стралковыя палкі са складу дывізіі прарвалі моцна ўмацаваную абарону праціўніка на глыбіню да 5 кіламетраў і вызвалілі вёскі Вялікая Выдрэя і Малая Выдрэя, але развіць далейшага поспеху не здолелі. Цяжкія баі на ўчастку Крукова-Добрына-Кухарава-Замашчані ішлі яшчэ пяць дзён. Не маючы падтрымки ад суседзяў, якія таксама сустрэлі ўпартае супраціўленне праціўніка і не развілі наступальны поспех 338-й стралковай дывізіі, часці апошняй вымушаны былі з 20 студзеня перайсці да пазіцыйнай абароны на занятым рубяжы. Вынікам аперацыі стала ліквідацыя моцна ўмацаванага вузла абароны праціўніка, што займаў зручнае становішча для флангавага ўдара па групоўцы 45-га стралковага корпуса 5-й арміі.

Пасля шэрагу перагруповак і перадыслакацый часці дывізіі ў лютым 1944 года знаходзіліся ў абароне на ўчастку ад ракі Суходраўка (у раёне вёскі Мар’янова) да ракі Чарніца (на захад ад вёскі Вінакорна 1). Яны прымалі актыўны ўдзел у баях мясцовага значэння наступальнага і абарончага характару. Праціўнік неаднаразова контратакаваў, уводзячы ў бой танкі і самаходную артылерыю. Так было і 24 лютага, калі палкоўнік Дгебуадзэ атрымаў цяжкае раненне. Яго даставілі ў палявы перасоўны шпіталь №2, што размяшчаўся ў лесе ў 4 кіламетрах на паўднёвы захад ад чыгуначнай станцыі Лёзна. Але медыцына была бяссільнай. Іван Лявонцьевіч памёр ад цяжкасці ранення наступным днём і быў пахаваны на афіцэрскіх могілках пры станцыі Лёзна.

Канстанцін Гайдукоў, настаўнік Выдрэйскай базавай школы.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости