Адразу чатыры ўзнагароды прывезлі ўдзельнікі народнага калектыву «Ветэран» па выніках абласнога агляду-конкурсу творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», прысвечанага 80-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, які адбыўся 16 сакавіка ў аграгарадку Ноўка Віцебскага раёна.

Хор народнага клуба «Ветэран» раённага Цэнтра культуры (мастацкі кіраўнік Ніна Раманькова) стаў дыпламантам І ступені. Узнагароду роўнай пробы атрымаў танцавальны калектыў «Бабіна лета» (кіраўнік Аляксандр Усцінаў), які прэзентаваў гледачам прэм’еру пяшчотнага танца з хусткамі. Дуэт Валянціны Маскаленка і Аляксандра Драўніна стаў дыпламантам ІІ ступені. У намінацыі «Мастацкае слова» дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджаны Міхаіл Фесюноў.
Трэба адзначыць, што многія ўдзельнікі «Ветэрана» з’яўляюцца наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту ТЦСАН. Па словах загадчыка аддзялення Святланы Сліжыкавай, яе сябры «сярэбранага ўзросту» займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю, дзякуючы чаму заўсёды атрымліваюць добрыя вынікі падчас разнастайных мерапыемстваў. У многім гэта заслуга і кіраўніка клуба Вольгі Вяршынінай.
Вольга Пінчук.
/Фота: Вольга Вяршыніна/
