Маляваныя дываны (у перакладзе на рускую мову «разрисованные ковры») – гэта карціны вялікага памеру, напісаныя на даматканым палатне/мешкавіне чорнага і цёмна-карычневага колеру алейнымі, але бывала і самаробнымі клеевыми, фарбамі. З’яўляецца выключна беларускім мастацтвам.

Самыя першыя маляванкі датаваны канцом XIX стагоддзя, а іх росквіт прыпаў на 1930—1950-я гады. У той час існавалі дываны толькі ручной працы, і беднякі не маглі дазволіць сабе такую раскошу. Таму маляванка стала аналагам таго самага дывана, бо кожны мог узяць мяшок і намаляваць сваю гісторыю. Яшчэ сто гадоў таму маляванка ўпрыгожвала практычна кожны сялянскі дом. Гэта было не толькі прыгожа, але і функцыянальна: з дапамогай шчыльнай тканіны можна было ўцяпліць хату. А яшчэ маляванку лічылі абярэгам ад злых духаў.

Для нанясення выявы выкарыстоўваўся пэндзлік са шчаціння і трафарэты, выразаныя з кардону, гумы і нават бульбы. Ў кожным раёне было некалькі майстроў, якія выконвалі карціны на замову.

Сюжэты маляванкі былі часцей за ўсё простыя: розныя хатнія і дзікія жывёлы, птушкі, вазы з букетамі, пейзажы і яшчэ шмат чаго. Па баках прысутнічае рамка з кветак.

Прыкладна да 1960-х гадоў гэты жанр імкліва развіваўся і быў папулярным ў вёсках і сёлах па ўсёй Беларусі, а затым гэтак жа імкліва пайшоў на спад і практычна забыўся. Прычына гэтага – імклівае развіццё прамысловасці і з;яўленне фабрычных дываноў.

Але ёсць тыя, хто адраджае забытае мастацтва нашых продкаў. Тыя, хто вывучае, захоўвае і перадае гэтыя ўнікальныя веды і навыкі, каб яны не зніклі назаўжды…

Жанна Ільюшкіна нарадзілася ў 1973 годзе ў Віцебску. У 1995-м скончыла Віцебскі педагагічны інстытут ім. П.М. Машэрава. З 2014 года ўваходзіць у склад Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці. Яе творчы шлях пачаўся з роспісу па дрэве і жывапісу. У 2013 годзе Жанна Уладзіміраўна пачала займацца інсітным мастацтвам і звярнула ўвагу на такі накірунак, як «маляванка». Яна прыцягнула сваёй яскравасцю, сакавітасцю фарбаў, прастатой і душэўнасцю.

Маляваць у такім стылю вучылася пры дапамозе літаратуры і старадаўніх размаляваных дываноў, якія знаходзяцца ў музейных фондах устаноў культуры Віцебскай вобласці, а таксама знойдзеных у ходзе этнаграфічных экспедыцый на тэрыторыі Лёзненскага раёна.

У працах Жанна Ільюшкіна выкарыстоўвае свабодны пэндзалевы роспіс і трафарэтны спосаб. Характэрная асаблівасць яе маляванак, па якой іх таксама вылучаюць знаўцы, – фірмовая аздоба: у якасці арнамента, акантоўкі Жанна Уладзіміраўна выкарыстоўвае набойку ўласнай вытворчасці. Больш ніхто так не робіць.

У 2014 годзе мастачка асвоіла тэхніку ручной набойкі на тканіне пры дапамозе штампаў. З мэтай адраджэння Віцебскай набойкі ў 2015 годзе яна праводзіла навучальныя курсы па набіванні пры Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, а ўжо ў 2020 годзе на гарадскім семінары-практыкуме “Маляванка”.

© Аўтарскае права «Сцяг перамогі». Гіперспасылка на крыніцу абавязковая.

Аўтар: Ганна МІКУЛЬСКАЯ, фота аўтара.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости