Рота Васіля Зайцава ў жніўні 1944 года першай перасекла мяжу СССР і фашысцкай Германіі, дзе баец з Іжэўска, які вызваляў і наш раён, узняў савецкі сцяг.

У ліку іншых злучэнняў 39-й арміі 184-я стралковая Духаўшчынская дывізія вызваліцельніцай ўступіла на лёзненскую зямлю ў далёкім кастрычніку сорак трэцяга. Потым яна працяглы час знаходзілася ў абароне на рубяжы ракі Альшанка. Спачатаку яе часці ўваходзілі ў склад 84-га стралковага корпуса 39-й арміі (1-шы Прыбалтыйскі фронт), а са снежня 1943 года – 45-га стралковага корпуса 5-й арміі (Заходні / 3-ці Беларускі фронт). За гэтыя дзевяць месяцаў ў летапіс дывізіі былі ўпісаны залатымі літарамі імёны салдат і афіцэраў, якія вызначыліся ў шматлікіх баях мясцовага значэння.
А раскажа пра некалькі эпізодаў з баявой гісторыі 184-й стралковай на лёзненскай зямлі ўзнагародны ліст да ордэна Айчыннай вайны 2-й ступені, якім быў узнагароджаны камандзір 5-й стралковай роты 2-га стралковага батальёна 297-га стралковага палка дывізіі лейтэнант Васіль Пятровіч Зайцаў (з захаваннем стылю арыгінала):
«Лейтенант Зайцев в наступательном бою на Витебском направлении показал себя как храброго, смелого и умеющего командовать ротой – офицера нашей Родины. В бою при взятии дер. Стожарище и железной дороги Смоленск-Витебск в районе д. Стожарище 19.01.1944 года умелым манёвром своей роты обеспечил захват железной дороги и д. Стожарище; 22-23.02.1944 г. выбил противника из траншей в районе севернее дер. Речки и занял их; в ночь на 24.02.1944 г.(,) блокировав опорный узел сопротивления противника на безымянной высоте, что севернее дер. Речки 1,5 км(,) штурмом овладел этой высотой и при этом захватил 2-х пленных, склад с боеприпасами, 1 ручной пулемёт, 15 винтовок и тем ликвидировал от нескольких наблюдательных пунктов противника. 24.02.1944 г. отразил несколько три контратаки противника с пятью самоходными пушками, при малочисленности своего подразделения, уничтожив при этом более взвода солдат и офицеров и превращая их в бегство…».
Што ж нам вядома пра самога героя? Нарадзіўся Васіль Пятровіч 11 сакавіка 1915 года ў в. Верхняя Лудзя сучаснага Заўялаўскага раёна Удмурціі (Расійская Федэрацыя), а па іншых дадзеных, 26 лютага 1916 года ў гор. Іжэўск, сучаснай сталіцы Удмурціі. Скончыў сельскую семігодку. Працаваў паштальёнам, затым старшынёю сельсавета. З 1937 па 1940 год служыў у пагранічных войсках на Далёкім Усходзе. Пасля звальнення ў запас жыў у Іжэўску, дзе працаваў на галоўным паштамце рэспублікі. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны ў чэрвені 1941 года быў мабілізваны ў Чырвоную Армію. З канца ліпеня ўжо ваяваў на Заходнім фронце. У 1942 годзе скончыў курсы малодшых лейтэнантаў. На чале стралковага ўзвода 612-га стралковага палка 144-й стралковай дывізіі вызначыўся ў ходзе Ржэўска-Вяземскай наступальнай аперацыі ў сакавіку сорак трэцяга, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Затым была паспяховая Смаленская наступальная аперацыя. 13 верасня 1943 года Васіль Пятровіч быў цяжка паранены і накіраваны на лячэнне ў тыл.
Са снежня 1943 года ён ужо камандаваў ротай у складзе 184-й стралковай дывізіі. За баі на лёзненскай зямлі заслужыў другі па ліку ордэн. Тут жа 22 сакавіка 1944 года атрымаў пятае раненне, але пасля непрацяглага лячэння вярнуўся ў строй. З чэрвеня ў складзе дывізіі старшы лейтэнант Зайцаў прымаў удзел у прарыве варожай абароны на поўдзень ад Віцебска, акружэнні і знішчэннні віцебскай групоўкі немцаў. На чале роты вызначыўся пры фарсіраванні р. Нёман, захопе і ўтрыманні плацдарма ў раёне гор. Алітус Літоўскай ССР. Быў узнагароджаны палкаводчым ордэнам Аляксандра Неўскага. Выключную мужнасць і гераізм камандзір і яго пехацінцы праявілі ў цяжкіх баях Каўнаскай наступальнай аперацыі, калі першымі з дывізіі 17 жніўня сорак чацвёртага выйшлі да дзяржаўнай мяжы з гітлераўскай Германіяй на поўнач ад літоўскага горада Кудзіркас-Наўміесціс. У той жа дзень камандзір палка падпалкоўнік Вадавозаў падпісаў прадстаўленне старшага лейтэнанта Зайцава да звання Героя Савецкага Саюза.
Исторический рапорт Сталину
«Я рапортую Вам по службе и по душе. 17 августа в 7 часов 30 минут на мою долю выпала честь первым водрузить наше победоносное Красное Знамя на государственной границе социалистического Отечества с гитлеровской Германией… Мы знаем, что врага надо добить. Всё, что от меня и моих бойцов потребует борьба для полного сокрушения Германии, мы отдадим не задумываясь».
Але атрымаць заслужаную ўзнагароду Васіль Пятровіч так і не паспеў: канчатковую рэзалюцыю камандуючы фронтам генерал арміі Чарняхоўскі наклаў 29 кастрычніка, а сам Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў выдадзены значна пазней – 24 сакавіка 1945 года. Мужным, ініцыятыўным і валявым камандзірам паказаў ён сябе ў першыя дні Гумбіненскай наступальнай аперацыі, якую войскі 3-га Беларускага фронту правялі з 16 па 30 кастрычніка 1944 года. Рота Зайцава адважна і рашуча дзейнічала пры фарсіраванні пагранічнай ракі Шашупэ, пры прарыве моцна ўмацаванай абароны праціўніка з вялікай колькасцю дотаў і інжынерных збудаванняў на тэрыторыі Усходняй Прусіі, цытадэлі германскага мілітарызму. У баі 19 кастрычніка Васіль Пятровіч атрымаў раненне ў галёнку левай нагі і праз тры дні памёр ад цяжкасці ранення ў тылавым шпіталі ў літоўскім Каўнасе. Там, у зямлі Прыбалтыкі, ён знайшоў апошні спачын, а яго апошняй узнагародай – за кастрычніцкія баі – стаў ордэн Чырвонага Сцяга…
Канстанцін Гайдукоў, настаўнік Выдрэйскай базавай школы Лёзненскага раёна.
