На каляндары быў студзень 1985 года. Краіна рыхтавалася святкаваць саракагоддзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Абласная газета «Віцебскі рабочы» пачала друкаваць артыкулы, што былі прысвечаны юбілейнай даце. Адметным быў нумар за 31 студзеня. Ён быў прысвечаны камсамолу і камсамольцам. Чытачоў лёзненскай «раёнкі», напэўна, зацікавіць публікацыя, якую падрыхтаваў наш зямляк М.У. Дарафеенка. Мікалай Уладзіміравіч быў франтавіком. Двума гадамі раней сышоў на пенсію з пасады галоўнага рэдактара газеты, але памяць аб родных, памяць аб вайне яго не адпускала, жыла ў ім. Артыкул былога лётчыка-знішчальніка быў прысвечаны старэйшаму брату і называўся наўпрост «Франтавое пісьмо».

Давайце перачытаем гэты артыкул:

«Аўтар гэтага пісьма камсорг батальёна Аляксандр Уладзіміравіч Дарафеенка нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Заверына Лёзненскага раёна ў сялянскай сям’і. Пайшоў на фронт добраахвотнікам. Мужна змагаўся з ворагам на Курскай дузе, там і аддаў сваё жыццё ў імя нашай Перамогі.

Гэты ліст Аляксандр Дарафеенка пісаў у час кароткага зацішку паміж баямі свайму таварышу са школы малодшых камандзіраў на Далёкім Усходзе Віктару Нікіценку.

“Добры дзень, дарагі Віктар!

Учора атрымаў тваё пісьмо, якое ты пісаў 6 ліпеня. Сардэчна дзякую. Спяшаюся паведаміць табе некаторыя навіны з баявых дзеянняў. Пасля наступлення фашыстаў 5 ліпеня 1943 года мы зноў і зноў уступалі з імі ў бой. Павінен сказаць табе, што біліся няблага, можна сказаць, добра біліся. Прывяду пару лічбаў. З 7 на 10 ліпеня, калі фрыцы наступалі пры моцнай падтрымцы авіяцыі, мы (а правільней, наш полк) знішчылі 5000 варожых салдат і афіцэраў, 40 танкаў, у тым ліку сем «тыграў». Самалёты ворага на працягу цэлых чатырох дзён наляталі на нас, у атаку немец кідаў па 30-40 танкаў. Мы ні на крок не адступілі і вытрымалі яго націск. А таварышы, якія паехалі на фронт разам са мной, многіх ты ведаеш, змагаліся дужа добра. Амаль усіх узнагародзілі. Я таксама атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі.

За нашы баявыя справы мы маем дзве ўдзячнасці ад таварыша Сталіна. Наш полк прадстаўлен да ордэна Чырвонага Сцяга, а дывізія – да звання гвардзейскай.

Цяпер, Віктар, мы наступаем, і нішто не можа нас стрымаць. І немцы зразумелі: гэта ім не 41-42-гі год, а 43-ці. Чырвоную Армію, рускага салдата нельга стрымаць. Мы ідзём насустрач нашай светлай будучыні.

Моцна паціскаю руку. З баявым прывітаннем да таварышаў-далёкаўсходнікаў – А. Дарафеенка».

У ліпені 1943 года напісаў свой апошні ліст малады баец. А праз колькі дзён яго скасіла варожая куля»…

Вазьму на сябе смеласць і трохі папраўлю паважанага аўтара публікацыі. Загад аб узнагароджанні сяржанта Дарафеенкі быў падпісаны 8 жніўня 1943 года, таму пісьмо пісалася, можна меркаваць, у жніўні 1943 года. Пасля цяжкіх кровапралітных баёў на Курскай дузе і не менш жорсткіх баёў Арлоўскай наступальнай аперацыі 140-я стралковая Сібірская дывізія, у якой служыў наш зямляк, нядоўга знаходзілася ў рэзерве. 26 жніўня 1943 года войскі Цэнтральнага фронту пачалі Чарнігаўска-Прыпяцкую наступальную аперацыю. Воіны-сібіракі перайшлі ў наступленне на поўнач ад горада Сеўск (цяпер у складзе Бранскай вобласці Расіі). Але баі па прарыве варожай палосы абароны прынялі цяжкі, кровапралітны характар і працягваліся некалькі дзён. Бой за сяло Новаямское, што адбыўся 28 жніўня, стаў апошнім для камсарга Дарафеенкі. Пахаваны Аляксандр Уладзміравіч у брацкай магіле ў гэтым жа населеным пункце.

Канстанцін Гайдукоў, краязнаўца.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости