Іван Аляксандравіч Узін нарадзіўся 24 кастрычніка (па новым стылі 6 лістапада) 1903 года ў колішнім мястэчку Калышкі ў сям’і рабочага-сталяра. Член Камуністычнай партыі з 1927 года.

Сваю працоўную дзейнасць пачаў у 1912 годзе пастухом у заможных сялян. У 1925 годзе быў прызваны ў Рабоча-Сялянскую Чырвоную Армію. Адслужыў тэрмін сапраўднай ваеннай службы ў войсках Заходняй (з 1926 года – Беларускай) ваеннай акругі. Пасля звальнення ў запас у 1927 годзе працягнуў працоўную дзейнасць у ваенізаванай чыгуначнай ахове. З 1929 па 1931 год вучыўся ў савецкай партыйнай школе, пасля заканчэння якой загадваў Домам камуністычнай асветы.

У 1932 годзе зноў быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію Нікапальскім гарваенкаматам Днепрапятроўскай вобласці і накіраваны на партыйна-палітычную работу. Служыў палітруком курсанцкай роты артылерыйскага вучылішча. Затым вучыўся ў Ваенна-палітычнай ордэна Леніна акадэміі імя М.Г. Талмачова (са студзеня 1938 – імя У.І. Леніна), пасля заканчэння якой у 1938 годзе працягнуў службу ў палітычным упраўленні 2-й Асобнай Чырвонасцяжнай Арміі на Далёкім Усходзе інструктарам, затым начальнікам арганізацыйна-інструктарскага аддзела.

У ліпені 1940 года 2-я Асобная Чырвонасцяжная Армія ўвайшла ў склад Далёкаўсходняга фронту і да жніўня 1945 года выконвала задачы па абароне далёкаўсходніх граніц Савецкага Саюза, праводзіла вялікую работу па падрыхтоўцы рэзерваў для дзеючай арміі. Са жніўня 1943 года палкоўнік Узін займаў пасаду намесніка начальніка палітупраўлення Далёкаўсходняга фронту. За перыяд Вялікай Айчыннай вайны ён праявіў сябе як здольны партыйна-палітычны арганізатар, які правёў вялікую работу па стварэнні і ўмацаванні партыйных арганізацый у войсках. Прымаў актыўны ўдзел у згуртаванні і выхаванні часцей і злучэнняў, што накіроўваліся на фронт. За добрасумленнае выкананне сваіх абавязкаў па выхаванні высока-маральнага стану, дысцыпліны і арганізаванасці асабовага складу часцей і злучэнняў Далёкаўсходняга фронту, за выкананне заданняў камандавання па падрыхтоўцы часцей і злучэнняў для дзеючай арміі быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Чырвонай Зоркі.

У жніўні 1945 года прымаў удзел у савецка-японскай вайне. У пасляваенныя гады займаў адказныя кіруючыя пасады на партыйна-палітычнай рабоце ў Савецкай Арміі. З 1953 года служыў першым намеснікам начальніка палітупраўлення Беларускай ваеннай акругі. З лістапада 1961 года – у запасе.

Памёр 21 чэрвеня 1973 года.

Генерал-маёр (11.05.1949 г.). Узнагароджаны ордэнам Леніна (05.11.1954 г.), двума ордэнамі Чырвонага Сцяга (08.09.1945 г., 15.11.1950 г.), двума ордэнамі Чырвонай Зоркі (04.06.1944 г., 30.04.1945 г.), медалямі, у тым ліку «За баявыя заслугі» (03.11.1944 г.).

Член Цэнтральнага Камітэта Кампартыі Беларусі (1956-1961 гг.), дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 4-га (1955-1959 гг.) і 5-га (1959-1963 гг.) скліканняў. Член цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах у Вярхоўны Савет БССР 5-га склікання.

Павел Аляксандравіч Узін нарадзіўся 16 (па новым стылі 28) жніўня 1898 года ў мястэчку Калышкі.

Удзельнік Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў. У ліпені 1941 года быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. Са жніўня таго ж года служыў сапёрам у 105-м асобным інжынерна-аэрадромным батальёне, затым у 15-м раёне авіяцыйнага базіравання. Дайшоў да Кёнігсберга. У красавіку 1945 года на аэрадроме ў горадзе Тыльзіт (цяпер – горад Савецк, Калінінградская вобласць, Расія) быў цяжка паранены. Працяглы час лячыўся ў тылавым шпіталі, перанёс ампутацыю нагі. У далейшым быў камісаваны. Пасля дэмабалізацыі вярнуўся да сям’і ў Оршу. Працаваў у прамысловай арцелі. Памёр 7 мая 1951 года ад наступстваў ранення. Узнагароджаны медалём «За абарону Масквы».

Канстанцін Гайдукоў.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости