Праца і рух – жыццёвыя правілы
Сённяшні аповед – пра былую працаўніцу калгаса імя Леніна В.І. Пруднікаву. Яна ўдастоена Ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга і бронзавага медаля ВДНГ. Валянціне Іванаўне 83 гады і жыве яна ў вёсцы Чарнаручча больш як 40 гадоў. Родам з Матушова, дзе вырасла і дзе пачалася яе працоўная біяграфія. У сям’і Ганны Мікалаеўны і Івана Кірылавіча Плаксіных Валя была першынцам. Брат Віктар на два гады маладзейшы. Дзяўчынцы ішоў пяты год, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Але памяць выразна захавала некаторыя эпізоды.
– Бацька быў на фронце, а мы з брацікам і мамай жылі ў бабулі Надзеі Фёдараўны Жарковай, – расказвае мая субяседніца. Аднойчы, памятаю, сядзелі мы на печцы, калі ў хату ўвайшлі двое нямецкіх салдат, абодва зусім маладзенькія. Папрасілі ці то загадалі: “Матка, яйка!”. А было гэта акурат на Вялікдзень. Бабуля вынесла ім фарбаваныя яйкі. А яны ў адказ насыпалі Віцю ў подал сарочкі белых кубікаў рафінаду. Мы тады не напужаліся. Гэта потым пачалося страшнае. Частка жыхароў падалася ў лес, а большасць, у тым ліку і мы, апынуліся ў латышскіх скляпах за вёскаю, дзе ратаваліся ад смерці. Памятаю, як уцякалі, хаваліся, убачыўшы ў небе варожы самалёт. Калаціліся ад страху, калі бамбілі. На лузе пад Мопрам засталіся потым вялікія варонкі. Гадамі пазней, калі вясною рака разлівалася, у іх з вадою пападала рыба і мы, дзятва, бегалі яе лавіць. Вызваліцеляў у 43-м сустракалі з вялікай радасцю. Калона нашых салдат рухалася пехатою, параненых везлі на конях і ў калясках, запрэжаных сабакамі. Вяскоўцы неслі хто што мог. Бабуля Надзя аддала вайскоўцам пяцілітровы жбан малака. Пасля вайны бацька вярнуўся дадому і ўгаворваў маці пераехаць у Казахстан, а яна не згадзілася. Так і рассталіся.
Валя скончыла чатыры класы ў Матушове, павучылася ў пятым у Стаях, ды больш не пайшла, бо да школы ад дому было 7 кіламетраў, і яшчэ апрануць, абуць не было чаго. У калгасе вельмі патрабаваліся рабочыя рукі, таму і дзіцячая дапамога не была лішняй. Валя з іншымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі спачатку заграбала сена за вазамі, потым даверылі кіраваць канём. Вазіла гной, баранавала поле.
– У 18 гадоў паслалі на цагельны завод у Баравую, – працягвае В.І. Пруднікава. – Працавала разам з сяброўкамі Валяй Пісаравай і Зінай Багуцкай. Жылі ў інтэрнаце. Там пазнаёмілася з Іванам Пруднікавым. Выйшла за яго замуж і засталася ў Баравой з 1956-га па 1979 год. Працавала ў паляводстве, вырошчвала лён, была звеннявой. А маці мая доўгі час рабіла трактарысткай у Лёзненскай МТС. Калгас наш быў мільянерам. Узначальваў яго Міхаіл Антонавіч Быкоўскі, сапраўдны гаспадар, разумны, талковы кіраўнік. Працавалі не шкадуючы сіл і намаганні многіх былі высока ацэнены. Не толькі я атрымала ордэн, а шмат хто быў узнагароджаны. Давалі прэміі, падарункі, добрую зарплату.
У 1959 годзе Валянціна Іванаўна нарадзіла сына Мікалая, затым Людмілу і Наталлю. Купілі з мужам у 1979-м домік у Чарнаруччы, зрабілі да яго прыбудову, адрамантавалі. Паступова змаглі набыць новую мэблю, бытавую тэхніку, забяспечыць дзяцей усім неабходным. У Чарнаруччы муж і жонка Пруднікавы працавалі на свінаферме. Ён карміў жывёлу, яна даглядала групу свінаматак (30 галоў). Да двух месяцаў гадавала ад іх парасят. За старанную працу на працягу 10 гадоў В.І. Пруднікава не раз адзначалася ганаровымі граматамі. Партрэт яе быў змешчаны на раённай Дошцы гонару. На заслужаны адпачынак выйшла ў 1992 годзе. І дома працы ім заўсёды хапала: па дзве-тры каровы трымалі, свіней, авечак, былі яшчэ трусы, індыкі, качкі, гусі. З воўны гаспадыня прала ніткі, з якіх вязала кофтачкі, шапкі, рукавічкі, шкарпэткі. І дочкі навучыліся ад яе таксама.
Валянціна Іванаўна і Іван Максімавіч вырасцілі дзяцей працавітымі, добрымі, чулымі. Мікалай пасля дзесяцігодкі скончыў вадзіцельскія курсы, прайшоў армію, ажаніўся і жыў у Віцебску. Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, яго як вадзіцеля направілі на ліквідацыю небяспечных вынікаў у 30-кіламетровую зону. Знаходжанне там адбілася на здароўі. Жонка яго таксама хварэла і рана пайшла з жыцця. У дачкі іх Ганны цяпер свая сям’я. Мікалай перабраўся ў вёску да маці. Бацька ж памёр 9 гадоў назад. Яны разам гаспадараць, трымаюць яшчэ курачак і індакачак. Сядзіба добра дагледжана, заўсёды своечасова абкошана, агарод у парадку, дом абсталёўваюць па-сучаснаму. Маці адзначае, што ў сына залатыя рукі.
– Дзякуй матулі і татку, што прывучалі нас да працы, – кажа Мікалай Іванавіч. – Як падрос, дык з бацькам нарыхтоўваў дровы, пілілі іх двуручкай, калолі. Удзячны таксама школьнаму настаўніку працы Аляксандру Мікалаевічу Панамарову, які навучыў рэзаць па дрэве. Гэта хобі ў мяне на ўсё жыццё. У вёсцы для творчасці больш магчымасцей, нават з цуркі ці якога сучкаватага карча можна зрабіць штосьці цікавае. Звычайна свае падзелкі, напрыклад, паліцу пад тэлефон, фігуркі жывёл, дару каму-небудзь.
Дочкі Валянціны Іванаўны жывуць недалёка. Л.І. Паўлоўская – у Адаменках, загадвае складам мясцовай гаспадаркі. У яе сын Дзмітрый і дачка Вікторыя. Н.І. Кузьмянкова – у Віцебску, яна старэйшая медсястра ў паліклініцы. А яе дачка Вераніка –студэнтка чацвёртага курса ветакадэміі. У бабулі ўжо тры праўнучкі. Родныя кожны дзень тэлефануюць, пытаюцца пра здароўе, расказваюць пра сябе. Гэта сагравае, супакойвае, надае жыццёвай энергіі.
Жанчына ўзгадвае час, калі ў Чарнаруччы было шмат жыхароў, працавалі не толькі магазін, а і клуб, дзе можна было паглядзець кінафільм, бібліятэка, якую часта наведваў муж, заўзяты чытач. Бібліятэкар Н.У. Іванова і пасля яшчэ збірала жанчын для ўдзелу ў мастацкай самадзейнасці. Ладзіліся святы для вяскоўцаў, якія цяпер – рэдкасць. Кажа, што жылося весялей, людзі былі адкрытыя, не замыкаліся ў чатырох сценах і не абгароджвалі дамы высокім шчыльным плотам.
Валянціна Іванаўна па-ранейшаму ніколі не сядзіць склаўшы рукі, стараецца як мага больш рухацца. Завіхаецца па гаспадарцы, ходзіць да аўталаўкі. “Раёнку” прачытвае вельмі ўважліва. Зацікавілася артыкулам пра скандынаўскую хаду, хоча сама паспрабаваць. А чаму б і не?
Таццяна ІГНАЦЕНКА.
Фота аўтара.
Популярность: 1%
Поделиться в соц. сетях

- Blink
- del.ici.ous
- Digg
- Furl
- Simpy
- Spurl
- Y! MyWeb
- БобрДобр
- Мистер Вонг
- Яндекс.Закладки
- Текст 2.0
- News2
- AddScoop
- RuSpace
- RUmarkz
- Memori
- Закладки Google
- Писали
- СМИ 2
- Моё Место
- Сто Закладок
- Ваау!
- Technorati
- RuCity
- LinkStore
- NewsLand
- Lopas
- Закладки - I.UA
- Connotea
- Bibsonomy
- Trucking Bookmarks
- Communizm
- UCA
Comments are closed.