Полазава, або Засігава: старая вёска ў Лёзненскім раёне ад XVIII стагоддзя да нашых дзён
Пачатак існавання вёскі памятаюць, відаць, толькі вялізныя каменныя крыжы на мясцовых могілках, але яны ўжо напалову ўраслі ў зямлю, і ніякіх надпісаў на іх не бачна. Лічыцца, што такія крыжы высякалі ў XVI-XVIII стагоддзях. Архіўныя ж дакументы падказваюць нам, што ў XVIII ст. пасяленне гэтае ўжо існавала і мела яно аж дзве назвы: дзякуючы палазам, якія верагодна, тут выраблялі, яно звалася Палазовам, а з-за ручая, што працякаў побач – Засігавам.
Менавіта такія назвы згадваюцца ў дакументах 1772 г.: на той час тут пражывала 58 дарослых мужчын хрысціянскага веравызнання. Вёска належала князю Ігнацыю Агінскаму (1698-1775 гг.), які ў 1768-1775 гг. займаў высокую пасаду кашталяна віленскага – адказваў за ваенныя і судовыя справы ў Вільні. Наўрад ці гэты магнат, маючы магчымасць жыць у сталіцы Вялікага княства Літоўскага, калісьці выбіраўся ў свае шматлікія вёскі, раскіданыя пасярод глухіх лясоў.
Пасля смерці Ігнацыя Агінскага землі, у тым ліку тыя, на якіх знаходзілася Засігава, перайшлі да яго сваяка – Матэўша Агінскага. У 1776 г. Палазова-Засігава складалася з 11 двароў, у якіх было 108 прыгонных сялян – карацей, жылося ім цеснавата – чалавек па 10 у адной хаце. У тыя далёкія часы мала хто з сялян меў прозвішчы, звычайна іх называлі па імені ды імені па бацьку. Вось і ў спісе жыхароў за 1776 г. пазначаны Лазар Сямёнаў (імя па бацьку пісалася менавіта ў такой форме), Сямён Ходараў, Хомка Сямёнаў, Сахон Іваноў, Змітрок Сямёнаў і іншыя. А вось сем’і Купрэя Валодзіна Косціна і Піліпа Сцяпанава Цяцюліна ўжо мелі прозвішчы.
Адметна, што з сярэдзіны ХІХ ст. вёска пачынае згадвацца толькі пад адной назвай. У 1847 г. яна належала штабс-капітану Ягору Казіміравічу Рагозе. Разам з сялом Бель у вёсцы Засігаўцы (менавіта такі варыянт назвы ўказаны ў дакументах па размежаванні зямель) налічвалася 10 двароў, жыло 33 мужчыны і 37 жанчын. Гэтыя сяляне карысталіся 875 дзесяцінамі зямлі. Да 1857 г. жыхароў у Засігаве стала значна больш – 133 чалавекі – верагодна, памешчык перасяліў іх сюды з іншых вёсак.
Праз колькі дзесяцігоддзяў – у 1910 г. – за Сігаўскім ручаём жыло 89 сялян (40 мужчын і 49 жанчын). Вёска скаладалася з 12 двароў, за якімі было замацавана 318 дзесяцін зямлі.
З даўніх часоў засігаўскія сяляне хадзілі ў Нова-Бельскую царкву, і нават у савецкія часы, калі выказваць прыязнасць да рэлігіі было небяспечна, у прыходскім савеце гэтага храма меліся жыхары Засігава. У прыватнасці, у спіс 1923 г. унесены Фама Фёдаравіч і Андрэй Іпатавіч Самуйлавы.
У 1926 г. у вёсцы жыло 34 сям’і, 30 з якіх лічылі сябе беларусамі, астатнія – рускімі. Сярод 175 жыхароў было 89 мужчын і 86 жанчын. Гэта былі Казловы, Каралёвы, Кібаровы, Плешчанковы, Самуйлавы ды Шынкевічы.
Сёння да вёскі на два двары вядзе вузкая дарога, на якой нават аўтамабілям не размінуцца, і дзе, кажуць, можна сустрэць мядзведзяў. Відаць, неўзабаве яны стануць сведкамі знікнення старадаўняй вёскі за Сігаўскім ручаём.
Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
/Фота аўтара/
Популярность: 1%
Поделиться в соц. сетях
- Blink
- del.ici.ous
- Digg
- Furl
- Simpy
- Spurl
- Y! MyWeb
- БобрДобр
- Мистер Вонг
- Яндекс.Закладки
- Текст 2.0
- News2
- AddScoop
- RuSpace
- RUmarkz
- Memori
- Закладки Google
- Писали
- СМИ 2
- Моё Место
- Сто Закладок
- Ваау!
- Technorati
- RuCity
- LinkStore
- NewsLand
- Lopas
- Закладки - I.UA
- Connotea
- Bibsonomy
- Trucking Bookmarks
- Communizm
- UCA
Comments are closed.