Выхаванне пачынаецца з сям’і – упэўнена настаўніца Выдрэйскай пачатковай школы Г.Дз. Чачуева
Выхаванне пачынаецца з сям’і – упэўнена настаўніца Выдрэйскай пачатковай школы Г.Дз. Чачуева. Аднак ролю педагогаў у станаўленні асобы пераацаніць таксама немагчыма. Дадзеная ісціна поўнасцю пацвярджаецца асабістым жыццём Галіны Дзмітрыеўны.
Сцяжынкамі маленства
Нарадзілася яна ў вёсцы Волева Дубровенскага раёна ў сям’і калгаснікаў. Маці Аляксандра Фёдараўна працавала даяркай, бацька Дзмітрый Нічыпаравіч – брыгадзірам. Нягледзячы на шматлікія клопаты, у хаце заўсёды панавалі ўзорная чысціня і парадак. Бацька валодаў выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, якія дапамагалі такі ж парадак трымаць і на працы.
Вялікі ўплыў на выхаванне Галіны аказвалі ўспаміны дзядуль, якім пашанцавала прайсці праз усю вайну і застацца ў жывых. З пакалення ў пакаленне перадаецца вера ў тое, што дзеда Нічыпара Якаўлевіча на франтах Вялікай Айчыннай ратаваў падораны мамай абразок. Не аднойчы паранены, ён і двое яго родных братоў усё ж такі ўцалелі ў пекле вайны. Падчас кароткай перадышкі пасля бою пад Масквой Нічыпар літаральна на адну хвіліну адышоў да ветру, як у дом, дзе яны з таварышам адпачывалі, трапіў снарад… Гэтая хвіліна выратавала байцу жыццё. Удзельнічаў у прарыве блакады Ленінграда. Самае страшнае, што даводзілася перажыць на вайне – бачыць замучаных голадам дзяцей. У самога на акупіраванай тэрыторыі засталася жонка і трое маленькіх рабят. І таму заўсёды вучыў унукаў не выкідваць ні адной крошачкі хлеба… У маі 1945 года атрымаў вестку, што сям’я загінула (пераблыталі назвы вёсак Волева і Валяўкі). Са страшнай думкай аб гэтым з Чэхаславакіі быў накіраваны на Далёкі Усход. Праўда, ваяваць з японцамі не давялося, бо Другая сусветная вайна скончылася. Больш чым два месяцы дабіраўся да родных мясцін, дзе даведаўся, што сям’я жывая (памер у бежанцах малодшы сын Рыгор). На радасцях пасля такой навіны мужчына 15 кіламетраў бег у родную вёску. Маці, убачыўшы сына, страціла прытомнасць. У мірны час дзядуля стаў добрым краўцом, а яго кажухі з аўчыны, пашытыя на трафейнай машыне «Зінгер», славіліся на ўсю акругу. Другі родны дзядуля Фёдар Зіноўевіч, паранены, таксама вярнуўся з вайны.
Поўны радасных адкрыццяў перыяд у жыцці Галіны пачаўся з вучобы ў Волеўскай пачатковай школе. Менавіта першая настаўніца і адначасова суседка П.А. Гапеева паўплывала на жаданне маленькай дзяўчынкі стаць настаўніцай, вучыць дзяцей. Таму гуляць у школу даводзілася не толькі лялькам, але і малодшаму брату Генадзію. Паша Аляксееўна на ўсё жыццё стала прыкладам інтэлігентнай, ветлівай, высакароднай жанчыны.
– Кожнае яе слова, рух, позірк, з густам падабраны гардэроб выклікалі павагу, – успамінае Галіна Дзмітрыеўна. – Лічу, што настаўнік заўсёды павінен заставацца настаўнікам у любой сітуацыі: і паводзіны, і знешні выгляд – адпаведныя. Сама ніколі не дазволю сабе пайсці ў халаце ў краму, на пошту ці медпункт. Таму, што настаўнік, асабліва на вёсцы, выклікае ўвагу ўсіх сяльчан.
Майстар залатыя рукі
Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1976 годзе дзяўчына паступае ў Віцебскае вучылішча радыётэхнікі. А потым 9 гадоў працуе на заводзе «Мегом». Спачатку зборшчыкам кандэнсатараў, потым засвоіла сумежныя аперацыі. За бездакорную працу атрымала званні «Выдатнік якасці» і «Майстар залатыя рукі». Была актывісткай. З’ўлялася камсоргам камсамольска-маладзёжнай брыгады, узначальвала культурна-масавы сектар у цэху. Была абрана дэпутатам Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. У вольны ад работы час гулялі ў валейбол, ездзілі на турзлёты, экскурсіі, хадзілі ў паходы, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці.
– Мне прапаноўвалі накіраванне ў інстытут радыёэлектронікі ў Дубна. Гэты старажытны горад у Маскоўскай вобласці зараз вядомы як буйнейшы навуковы цэнтр па даследванні ў сферы ядзернай фізікі. Але зразумела: гэта не маё. Не пакідала мара стаць настаўнікам. І пасля чатырох гадоў работы на заводзе завочна паступіла ў Віцебскі педагагічны інстытут імя С.М. Кірава на філалагічны факультэт. Мара нарэшце збылася. Сумяшчала працу і вучобу.
Аднойчы і на ўсё жыццё
1 верасня 1987 года Г.Дз. Чачуева пераступіла парог Выдрэйскай сярэдняй школы і адразу стала кіраўніком выпускнога 10 класа.
– Вучыла вучняў, сама вучылася, і мяне вучылі, – кажа настаўніца. – Хачу выказаць удзячнасць вопытным педагогам: беларусаведу Ганне Ягораўне Мазікавай, настаўніцы замежнай мовы Вользе Фядотаўне Вінаградавай, былому дырэктару Вользе Рыгораўне Вінаградавай, якая без папярэджання прыходзіла на мае ўрокі і аднойчы сказала: «З вас атрымаецца добры настаўнік!». Гэтыя словы запалі мне ў душу на ўсё жыццё. У 1989 годзе скончыла ВУЗ. Выпусціла 10 клас, на змену прыйшоў 5 клас. Мае вучні дайшлі да 9 класа, калі мяне паставілі намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Але свой клас я не пакінула і працягвала класнае кіраўніцтва. Мы і зараз сустракаемся, звонімся, дзелімся радасцямі, у некаторых ужо ёсць унукі.
Скарбонка поспехаў
На сённяшні дзень за плячыма Г.Дз. Чачуевай шчаслівы педагагічны шлях даўжынёю ў 37 год, які працягваецца новымі радаснымі адкрыццямі побач з любімымі дзецьмі і паважанымі калегамі. За гэты час Галіне Дзмітрыеўне давялося паспрабаваць сябе на розных пасадах, у тым ліку ў якасці дырэктара Выдрэйскай школы. Яна ўпэўнена, каб быць добрым кіраўніком, патрэбен добры, згуртаваны калектыў аднадумцаў. А ён у дадзенай установе быў заўсёды. На працы гарэлі усе: і педагогі, і тэхперсанал.
З 1998 па 2009 гады ўстанову адукацыі ўзначальваў малады ініцыятыўны дырэктар Ірына Апалінараўна Дзерваед. Школа стала стартавай пляцоўкай для ўкаранення перадавых інавацый ў сферы адукацыі раёна. Тут першымі правялі апрабацыю 10-бальнай сістэмы і шостага школьнага дня. Менавіта Галіна Дзмітрыеўна з’ўлялася кіраўніком раённай пляцоўкі па выхаваўчай працы «Работа з маральнымі паняццямі па Кашлеву» і абласной пляцоўкі «Этнашкола».
Намеснік старшыні райвыканкама І.А. Дзерваед:
– У свой час я была дырэктарам Выдрэйскай сярэдняй школы. З Галінай Дзмітрыеўнай працавалі ў адным калектыве шмат гадоў і магу з ўпэўненасцю сказаць, што такіх педагогаў сустракала няшмат. Такіх людзей адзінкі. Гэта чалавек старой закалкі. Прыстойны, інтэлегентны, высакародны. І пры гэтым вясёлая і камунікабельная жанчына. Карыстаецца бясспрэчным аўтарытэтам не толькі ў школе, але і сярод мясцовага насельніцтва. Увесь свой час прысвячае дзецям. У бягучым годзе адзначыла 65-гадовы юбілей, але па-ранейшаму з маладым запалам працягвае работу з дзецьмі. Узнагароджана Граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама, Ганаровай граматай Лёзненскага выканаўчага камітэта… Разам з ёй і вучнямі садзілі елачкі ў вёсцы Мар’янова на месцы памятнага знака малалетнім вязням. Дрэўцы ўжо вымахалі вышынёй ледзь не ў самае неба. Так і вучні. Адных выпускаем, на змену прыходзяць другія. Адзін з вучняў Мікалай Сцежкін зараз працуе першым намеснікам старшыні – начальнікам упраўлення па сельскай гаспададарцы і харчаванні; Аляксандр Ерафееў – дэпутат Крынкаўскага сельскага Савета, часова прызначаны на пасаду дырэктара сяльгаспрадпрыемства «Выдрэя». Акрамя таго, падчас палітычных кампаній Галіна Дзмітрыеўна з’яўлялася сакратаром, а потым старшынёй выбарчай камісіі. Увогуле яе асобу можна ахарактарызаваць так: носьбіт не толькі роднай мовы, але і культурнай спадчыны нашага раёна.
У скарбонцы дасягненняў Г.Дз. Чачуевай – стварэнне драматычнага гуртка, этнаграфічнага кутка. Пракладзены краязнаўчы маршрут «Сцежкамі роднага краю» ад Пагосцішча да Мар’янова, з якім на абласным узроўні занялі прызавое месца. Галіна Дзмітрыеўна ганарыцца тым, што дзесяць яе вучняў атрымалі спецыяльнасць настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. У іх ліку Ксенія Махлаева, Міхаіл Чэбаў, Аляксей Трубін і іншыя. Хрысціна Краснабарод, да прыкладу, скончыла з адзнакай Віцебскі педуніверсітэт імя П.М. Машэрава, а затым Кракаўскі ўніверсітэт. Зараз жыве ў Віцебску і працуе перакладчыкам з польскай мовы. Радасна бачыць, калі колішніх выпускнікоў, якія працуюць у калгасе, узнагароджваюць за працу. Прыемна, калі спыняюць аўтамабіль і кажуць: «Сядайце, Галіна Дзмітрыеўна, падвязу!».
– Якія былі раней актыўныя дзеці! – успамінае педагог. — На месцы не сядзелі. Выступленні на сцэне, конкурсы і алімпіяды на ўзроўні раёна і вобласці, спартыўныя спаборніцтвы, падарожжы, экскурсіі, дапамога калгасу ва ўборцы бульбы. Уборка мемарыяльных могілак – гэта святы абавязак. Люблю дзяцей, хоць часам бываю строгая, патрабавальная, мэтанакіраваная. З дзецьмі маладзееш душой. Калі выйшла на пенсію, зноў прапанавалі ўзяць класнае кіраўніцтва ў 5 класе. Вяла іх да 9-га, а потым і па сённяшні дзень працую ў групе падоўжанага дня. Увогуле, дзеці зараз іншыя. Раней, калі не было гаджэтаў, тэлефонаў, вучні запоем чыталі кніжкі. А зараз у руках толькі тэлефон. І зноў трэба ўмець падысці да кожнага, зразумець, дапамагчы, зацікавіць. Канечне, дзеці розныя па характары. Але з імі весела і цікава. Хачу яшчэ сказаць: калі за выхаваннем і вучобай сочаць бацькі, то вынікі ёсць.
Разважанні пра беларускую мову і культуру
На пытанне, ці не страчваем мы, беларусы, родную мову, а разам з ёю нацыянальную культуру, Г.Дз. Чачуева прыводзіць канкрэтныя аргументы.
– Мне, здаецца, што не. У гэтым накірунку вядзецца работа ўстановамі адукацы, клубамі, бібліятэкамі. Далёка хадзіць не трэба. Паглядзіце, на дзень аграгарадка выступаюць у нацыянальных касцюмах, спяваюць беларускія песні, ладзіцца выстава народнай творчасці, народных беларускіх страў. Адраджаюцца народныя рамёствы. У нашай установе праводзілася вялікая работа, калі дзейнічала пляцоўка «Этнашкола». Прымалі гасцей на ўзроўні вобласці, дзяліліся сваімі напрацоўкамі. Канешне, уплывае тое, што мы жывём на мяжы з Расіяй. Трэба, каб беларускае слова гучала часцей. Дарэчы, мой зямляк, ураджэнец Дубровенскага раёна Уладзімір Бабічаў некаторы час быў дырэктарам раённага Дома культуры і праводзіў вялікую працу па адраджэнні беларускай культуры.
Сама лічу і дзецям кажу: мы жывём у Беларусі, мы – беларусы, наша мова беларуская. Перш за ўсё мы павінны ведаць сваю родную мову, а потым і іншыя. Не магу стаяць у баку, калі хтосьці гаворыць непрыстойна пра родную мову. Мая суседка, былая вучаніца, калега Ксенія Анатольеўна стала перачытваць творы Шамякіна. Прыходзіць да мяне, дзеліцца ўражаннямі пра прачытанае. І становіцца прыемна. Гэта, дарэчы, і мой любімы празаік.
У хвіліны адпачынку
З гутаркі з апантанай педагагічнай дзейнасцю жанчынай становіцца зразумелым, што яна не размяжоўвае рабочы і асабісты час, а праца поўнасцю супадае з патрабаваннямі душы. Рэдкія хвіліны адпачынку прысвячае навядзенню добраўпарадкавання каля шасцікватэрнага дома. Робіць гэта разам з суседзямі. У мінулым годзе і вуліца Наследнікава, і жыхары дома былі адзначаны Крынкаўскім сельвыканкамам першым месцам за чысціню і парадак.
А яшчэ Галіна Дзмітрыеўна вельмі любіць падарожнічаць. Яшчэ працуючы на заводзе, пабывала ў Балгарыі, Венгрыі, Румыніі, маладзёжным лагеры «Валгар», здзейсніла круіз па Чорным моры. Адна з апошніх паездак адбылася ў Маскву. Разам з вучнямі наведалі Мінск, Мірскі замак, Нясвіж, Брэст, Глыбокае, Оршу, Смаленск, Магілёў, рэзідэнцыю Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы…А Віцебск – гэта родны горад. Паездзілі і пахадзілі пешшу па раёне. А колькі новага і цікавага даведаліся пра свой родны кут!
Творчы патэнцыял і каштоўны вопыт няўрымслівай настаўніцы па-ранейшаму запатрабаваны ў раёне. Скажам па сакрэту, перад пачаткам новага навучальнага года Галіну Дзмітрыеўну запрашалі на працу ў іншыя ўстановы. Але яна засталася вернай лёсавызначальнай Выдрэйскай, з якой звязана поўнае радасных клопатаў жыццё.
Вольга Пінчук.
Популярность: 1%
Поделиться в соц. сетях
- Blink
- del.ici.ous
- Digg
- Furl
- Simpy
- Spurl
- Y! MyWeb
- БобрДобр
- Мистер Вонг
- Яндекс.Закладки
- Текст 2.0
- News2
- AddScoop
- RuSpace
- RUmarkz
- Memori
- Закладки Google
- Писали
- СМИ 2
- Моё Место
- Сто Закладок
- Ваау!
- Technorati
- RuCity
- LinkStore
- NewsLand
- Lopas
- Закладки - I.UA
- Connotea
- Bibsonomy
- Trucking Bookmarks
- Communizm
- UCA
Comments are closed.