Танкісты ласкава звалі яе Марыя
Механік-вадзіцель танка “Баявая сяброўка” Марыя Васільеўна Акцябрская была цяжка паранена 17 студзеня 1944 года на подступах да станцыі Крынкі
Мінулае… Яно ніколі не праходзіць бясследна. Асабліва, калі гэта мінулае – вайна. Вайна… Калі вымаўляем гэтае слова, сэрца сціскаецца ад болю. Колькі скалечана лёсаў, колькі праліта слёз, а колькі яшчэ і абарваных жыццяў. Я ведаю пра той суровы час толькі з кніжак, кінафільмаў, успамінаў родных і блізкіх, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Аб ёй мне напамінаюць помнікі і абеліскі, якія ўзвышаюцца на маёй роднай зямлі. Тут, у цішыні і пад засенню дрэў, пад магільнымі плітамі маладыя і сталыя, тыя, хто аддаў сваё жыццё за незалежнасць нашай Радзімы, за мірнае неба над маёй галавой.
Мінула 76 гадоў, як наша беларуская зямля была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Усім, хто удзельнічаў у вызваленні маёй Лёзненшчыны, маёй роднай вёскі Крынкі, мы, пасляваеннае пакаленне, удзячны. Прыходзім да мемарыяльных комплексаў, помнікаў і абеліскаў і ўскладаем жывыя кветкі, заміраем у хвіліне маўчання і нізка схіляем галаву перад подзвігам салдат і афіцэраў.
На самай страшнай вайне XX стагоддзя жанчыне прыйшлося стаць салдатам. Яна не толькі выратоўвала, перавязвала раненых, але і страляла са снайперкі, лятала на бамбардзіроўшчыках, мініравала, хадзіла ў разведку… Жанчына забівала… Яна забівала ворага, які абрынуўся з нябачнай жорсткасцю на яе зямлю, на яе дом, на яе дзяцей. “Не жаночая гэта доля – забіваць”, – скажа адна з гераінь кнігі Святланы Алексіевіч “У вайны не жаночае аблічча”, выкрываючы ўсю жудасць і ўсю жорсткасць таго, што адбылося. Другая распішацца на сценах рэйхстага: “Я прыйшла ў Берлін, каб забіць вайну”. Жанчыны забівалі яе ў 41, 42, 43, 44 і 45-м. Яны хацелі забіць яе назаўсёды.
Вайна перавярнула ўсё. Мірнае жыццё са сваімі радасцямі, самотамі засталося ў мінулым. Наперадзе была толькі вайна. Вялікая Айчынная стала часткай лёсу дзяўчат і жанчын, часткай юнацтва, якое скончылася на світанку 22 чэрвеня 1941 года. Як гэта было? Як гэта супала: бяда і мара, вайна і юнацтва, жанчына і вайна?
Імя Марыі Васільеўны Акцябрскай – адзінай жанчыны Героя Савецкага Саюза, якая ваявала ў бранятанкавых часцях, – упісана залатымі літарамі ў гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. Яна з тых байцоў, хто вёў за сабой, хто аддаў усё, што меў, на карысць Радзіме. Імя гэтай адважнай жанчыны, механіка-вадзіцеля танка “Баявая сяброўка”, носіць піянерская дружына нашай школы.
Жыццёвы шлях Марыі Васільеўны Акцябрскай (дзявочае прозвішча Гарагуля) пачаўся 16 жніўня 1902 года ў вёсцы Кіят (зараз в. Бліжняе Краснагвардзейскага раёна Крыма) у сялянскай сям’і. Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў Севастопалі. У 1921 годзе сям’я пераехала ў Джанкой, дзе дзяўчынка закончыла 6 класаў. Затым жылі ў Сімферопалі. Марыя Васільеўна працавала на кансервавым заводзе, тэлефаністкай на гарадской тэлефоннай станцыі. У 1925 годзе выйшла замуж за курсанта Ілью Фядотавіча Радненку.
Муж і жонка ўзялі прозвішча Акцябрскія. У сувязі са зменамі месца службы мужа Марыя Васільеўна пераязджала ў розныя населеныя пункты Украіны. Закончыла курсы медыцынскай дапамогі, шафёра. Засвоіла стральбу з кулямёта.
Летам 1940 года разам з мужам, камісарам 134–га гаўбічнага артылерыйскага палка, пераязджае ў Кішынёў – на месца дыслакацыі палка. Марыя Васільеўна ўдзельнічала ў чырвонаармейскай самадзейнасці, спявала рускія народныя песні.
Цікавае і разнастайнае было жыццё ў Марыі, але ўсё разбурыла вайна. І.Ф. Акцябрскі пайшоў на фронт. Марыя Васільеўна эвакуіравалася з Кішынёва ў Томск. Ілья Фядотавіч у пісьмах паведамляў пра сябе, аб тым, як полк змагаецца з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. «Вер, родная, перамога абавязкова будзе за намі, – пісаў Ілья Фядотавіч, – мы знішчым ворага».
Але ўбачыць перамогу яму не прыйшлося. Пад Кіевам, ведучы байцоў у атаку, Ілья Фядотавіч быў забіты кулямётнай чаргой.
Вялікае гора не зламала моцную духам жанчыну. Яна рашыла пайсці на фронт. Прадала ўсе свае рэчы, а грошы ўнесла ў дзяржбанк на будаўніцтва танка. Напісала тэлеграму ў Крэмль: “Масква, Крэмль, Іосіфу Вісарыёнавічу Сталіну. Дарагі Іосіф Вісарыёнавіч! У баях за Радзіму загінуў мой муж, палкавы камісар Акцябрскі Ілья Фядотавіч. За яго смерць, за смерць савецкіх людзей, замучаных фашысцкімі варварамі хачу адпомсціць фашысцкім сабакам, для чаго ўнесла ў дзяржбанк на будаўніцтва танка ўсе свае асабісыя зберажэнні – 50 тысяч рублёў. Танк прашу назваць “Баявая сяброўка” і накіраваць мяне на фронт у якасці вадзіцеля гэтага танка. Маю спецыяльнасць шафёра, выдатна валодаю кулямётам, з’яўляюся варашылаўскім стралком. Марыя Акцябрская”.
Праз некаторы час прыйшоў адказ: “Благодарю Вас, Мария Васильевна, за заботу о бронетанковых силах Красной Армии. Ваше желание будет исполнено, примите мой привет. Верховный Главнокомандующий Иосиф Сталин». (Матэрыялы былі апублікаваны ў газеце “Красное Знамя” ад 5 сакавіка 1943 года).
У хуткім часе Марыя Васільеўна была накіравана ў Омскае танкавае вучылішча. 3 мая 1943 года пачалася напружаная баявая вучоба, якая была мала падобная на даваенныя заняткі ў гуртках. Неабходна было мець вялікую сілу волі, упартасць і настойлівасць, каб авалодаць складанай ваеннай прафесіяй і, нарэшце, патрабавалася фізічная вынослівасць.
Месяцы вучобы закончыліся. Марыя Васільеўна Акцябрская ўсе экзамены здала на “выдатна”, атрымала пасведчанне механіка-вадзіцеля. Ёй было прысвоена званне сяржанта. Быў сфарміраваны і экіпаж танка: камандзір – малодшы лейтэнант Пётр Чабацько, які ўжо меў ваенны вопыт, башанны стралок – сяржант Генадзь Ясько, стралок-радзіст – Міхаіл Галкін. На башні новенькай “трыццацьчацвёркі” на абодвух баках белай фарбай было выведзена “Баявая сяброўка”.
А далей фронт. Танкісты трапілі ў 2 батальён 26 гвардзейскай “Ельніцкай” танкавай брыгады 2 гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса Заходняга фронта. Папаўненне прыбыло дажджлівай вераснёўскай ноччу. Танкісты выбраліся з цёплых зямлянак і з цікавасцю разглядвалі праходзячыя новыя танкі. На башні аднаго з іх мільгануў белы надпіс. “Баявая сяброўка”, – прачытаў хтосьці ўслых. Танк прыцягнуў да сябе ўвагу. “Баявую сяброўку” абкружылі танкісты.
– Таварыш, скажы, калі ласка, што гэта за танк такі незвычайны? – аклікнуў малодшы сяржант танкіста, які схіліўся над трансмісійным люкам. Танкіст падняў галаву – на воінаў глядзелі цёмна-шэрыя вочы.
– Чаму незвычайны? Звычайны “Т-34”, – мяккім грудным голасам адказаў танкіст. – Няўжо ў вас не такія машыны?
Яму ніхто не адказаў. У бывалых гвардзейцаў быццам мову адняло. Не адрываючы вачэй, глядзелі яны на мяккія валасы, што выбіліся з-пад шлема. “Жанчына?!”.
“Першае баявое хрышчэнне. Марыя Васільеўна Акцябрская павяла сваю “Баявую сяброўку” у атаку. Помню ўсхваляваны голас у навушніках механіка-вадзіцеля: ”Па полі бягуць фашысты, дазвольце мне давіць іх гусеніцамі. Біце іх з пушкі, кулямета. Вось так ім за смерць замучаных і расстраляных.” Яна ўважліва сачыла за полем бою, маніўрыруючы машынай, выкарыстоўваючы складкі мясцовасці, ствараючы экіпажу ўмовы весці знішчальны агонь.
Увечары фашысты, падцягнуўшы рэзервы, зрабілі спробу перайсці ў контратаку. Вось тут і папрацавалі танкісты, у тым ліку і наш экіпаж. Разбілі дзве пушкі, тры мінаметы, чатыры аўтамашыны і знішчылі дзясяткі фрыцаў – такі вынік першага баявога дня. “Цяпер я абстрэлены воін”, – гаварыла Марыя Васільеўна сябрам-танкістам. Так пачаліся баявыя будні нашага экіпажа. Марыя Васільеўна, не ведаючы зморанасці, днём і ноччу вадзіла сваю “Баявую сяброўку” у бой. У любое надвор’е па дарогах Смаленшчыны ”Баявая сяброўка” выконвала баявыя задачы, за рычагамі сядзела мужная жанчына, якая паклялася адпомсціць фашыстам за смерць свайго мужа, за смерць замучаных і расстраляных савецкіх людзей.
Шмат клопатаў было ў Марыі Васільеўны ў час адпачынку. Паштальён прыносіў добрую паўсотню пісем, іх трэба было перачытаць і адказаць. Пісалі жанчыне-патрыётцы сябры мужа, воіны, жанчыны з тылу. Усе яны захапляліся патрыятычным учынкам Марыі Васільеўны, ганарыліся ёю. Наша танкавая часць вяла баі на лініі Орша–Віцебск”, – успамінаў камандзір танка баявая сяброўка П. Чэбацько.
Фронт адышоў на захад. 14 лістапада 1943 года часць перакінулі на новы накірунак, дзе супраціўленне ворага было асабліва лютае. ”Баявая сяброўка” ішла ў першым эшалоне атакуючых. Марыя Васільеўна бачыла, як пад агнём танка падалі фашысты. Танк імчаўся наперад.
У баях каля вёскі Новае Сяло Лёзненскага раёна Віцебскай вобласці танк “Баявая сяброўка” першым уварваўся ў рады абароны праціўніка, знішчыў супрацьтанкавую пушку і каля трыццаці фашыстаў.
Суровы, небяспечны і цяжкі баявы шлях танкіста-мужчыны, у многа разоў ён цяжэйшы для жанчыны. Але гвардыі сяржант М.В. Акцябрская доблесна выконвала свой воінскі абавязак.
Гэта здарылася 17 студзеня 1944 года ў раёне чыгуначнай станцыі і калгаса “Крынкі”. Галоўныя танкі, у тым ліку і “Баявая сяброўка”, адбівалі атакі праціўніка, чакаючы сваю пяхоту, якую адрэзаў моцны кулямётны і артылерыйскі агонь. Палажэнне было цяжкае. Закончыўся сухі паёк, на зыходзе былі і боепрыпасы. Пачалося наступленне. Разам з усімі рванулася да вёскі Крынкі і “Баявая сяброўка”. Але толькі да першай траншэі ёй было суджана дайсці. З засады ва ўпор ударыла нямецкая пушка. Перабітая гусеніца танка распласталася на снезе. Танкісты выскачылі з машыны. М.В. Акцябрская агледзелася. У некалькіх метрах дагарала пара нямецкіх “тыграў”. Як рамантаваць правую гусеніцу, адкрытую ворагу? Трэба было мець мужнасць, каб у такіх умовах адрамантаваць танк, вывесці яго з-пад агню і прадоўжыць выкананне баявой задачы. Марыя Васільеўна зняла з крыла танка запасныя тракі і саскочыла на зямлю. Яна не пачула вою міны. Раздаўся ўзрыў. Акцябрская адчула боль у левым воку. Боль аддаўся ў левай руцэ і левым бядры. Жанчына страціла прытомнасць. З поля бою Марыю Васільеўну вывезлі на самаходцы. На самалёце даставілі ў ваенны шпіталь Смаленска. Пажылы хірург агледзеў рану. Цяжка было штосьці зрабіць. Асколак, прабіўшы вока, дакрануўся да вялікага паўшар’я мозгу. “Вялікая страта крыві. Агульны стан слабы”, – адзначыла ў картачцы медсястра.
Пасля аперацыі Марыю Васільеўну перанеслі ў палату. 16 лютага 1944 года праведаць Акцябрскую прыйшлі ўсе члены экіпажа яе танка, а разам з імі і начальнік палітаддзела брыгады гвардыі палкоўнік Мікалай Гетман, які ўручыў Марыі Васільеўне ордэн Айчыннай вайны I ступені.
Праз некалькі дзён Акцябрскую наведаў член ваеннага савета фронта Леў Мехліс. Ён паведаміў Марыі Васільеўне, што камандванне прадставіла яе да прысваення звання Героя Савецкага Саюза. Пакінуўшы шпітальную палату, Мехліс загадаў урачам тэрмінова рыхтаваць Акцябрскую да адпраўкі ў Маскву. Але стан яе здароўя рэзка пагоршыўся. Усё часцей наступалі правалы ў памяці, моцны галаўны боль, жар, трызненне. Аб эвакуацыі ў сталічны шпіталь не магло быць ніякай размовы…
На досвітку 15 сакавіка 1944 года Марыя Васільеўна Акцябрская памерла. Пахавалі яе з салдацкімі ўшанаваннямі ў Смаленскім крамлі на беразе Дняпра, побач з героямі Айчыннай вайны 1812 года.
2 жніўня 1944 года Марыі Васільеўне Акцябрскай было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна).
Экіпаж танка “Баявая сяброўка” удзельнічаў у вызваленні Мінска. Імя першай згарэўшай “трыццацьчацвёркі” – “Баявая сяброўка” – атрымала ў спадчыну другая машына, якая пасля вызвалення Мінска была здадзена ў рамонт. Трэцяя загінула пад прускім горадам Гумбінен. Чацвёрты танк з надпісам “Баявая сяброўка” з баямі дайшоў да Кёнігсберга, дзе закончыўся баявы шлях экіпажа пад камандваннем П. Чэбацько. Надпіс “Баявая сяброўка” напамінаў танкістам аб гвардыі сяржанце Марыі Васільеўне Акцябрскай.
Людзі свята захоўваюць памяць слаўнай дачкі Айчыны. У школах Томска, Смаленска, Омска, Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, в. Крынкі яе імя носяць піянерскія дружыны, у г. Джанкоі, г.п. Лёзна, Смаленску ёсць вуліцы імя Марыі Васільеўны Акцябрскай. Гімназіі №24 г. Томска прысвоена імя Героя Савецкага Саюза М.В. Акцябрскай. У двары гімназіі ўстаноўлены помнік.
Няма вышэйшай доблесці на зямлі, як смела і з карысцю праліць кроў за Радзіму, за яе незалежнасць і мірнае неба над галавой. Навекі застануцца ў памяці народнай героі Вялікай Айчыннай вайны, бо подзвіг іх бессмяротны.
Наталля СУДАРЫКАВА,
настаўнік беларускай мовы
і літаратуры Крынкаўскай ЯССШ.
Популярность: 1%
Поделиться в соц. сетях
- Blink
- del.ici.ous
- Digg
- Furl
- Simpy
- Spurl
- Y! MyWeb
- БобрДобр
- Мистер Вонг
- Яндекс.Закладки
- Текст 2.0
- News2
- AddScoop
- RuSpace
- RUmarkz
- Memori
- Закладки Google
- Писали
- СМИ 2
- Моё Место
- Сто Закладок
- Ваау!
- Technorati
- RuCity
- LinkStore
- NewsLand
- Lopas
- Закладки - I.UA
- Connotea
- Bibsonomy
- Trucking Bookmarks
- Communizm
- UCA
Comments are closed.