Чым займаліся краязнаўцы Лёзненшчыны ў 1920-я гады
Любая мясцовасць – багатая на цікавыя гістарычныя і прыродныя мясціны. Калі раптам іх не бачна з першага позірку, то варта толькі прыгледзецца – і яны знойдуцца ў вялікай колькасці. Пошукам такіх цікавасцяў актыўна займаліся краязнаўцы Лёзненшчыны ў 20-я гг. мінулага стагоддзя.
Дарэчы, шукалі не толькі прафесійныя краязнаўцы: у хуткім часе пасля кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. у Адаменках на тэрыторыі былога памешчыцкага маёнтка мясцовыя сяляне знайшлі 13 костак маманта: лапатку, сцёгны, суставы і іншыя рэшткі. Першапачаткова гэтыя знаходкі патрапілі ў аддзел адукацыі валаснога выканкама, адкуль іх потым перадалі ў Віцебскі губернскі музей.
Цікавілася гісторыяй нашага краю і Віцебская губернская камісія па ахове помнікаў старажытнасці і мастацтва: у ліпені 1921 г. яе сябры абследавалі маёнтак Крынкі. Адтуль у Віцебскі губернскі музей яны перавезлі каменную бабу, а таксама ажыццявілі пошук карцін, зніклых з былых памешчыцкіх збораў.
Сапраўдны ўздым краязнаўчага руху разгарнуўся з сярэдзіны 1920-х гг., калі па ўсёй Беларусі былі створаны спецыяльныя грамадскія арганізацыі. Так, у жніўні 1924 г. узнікла Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. І сярод першых раённых аддзяленняў, якія ўтварыліся ў яго складзе, сталі Высачанскае (у верасні 1924 г.) і Лёзненскае (2 лістапада 1924 г.). Першапачаткова сябрамі Высачанскага аддзялення з’яўляліся 20 чалавек, у Лёзненскае ўвайшлі ўсе настаўнікі мястэчка, а таксама аграном і доктар.
Сярод краязнаўцаў Лёзненшчыны сапраўды было шмат настаўнікаў, пры тым з даволі незвычайнымі лёсамі.
Адным з самых актыўных даследчыкаў мінуўшчыны з’яўляўся Якаў Іванавіч Сяргеенка, які нарадзіўся 16 сакавіка 1897 г. і зусім не на Лёзненшчыне, а ў Сялюцкай воласці. У маі 1917 г. ён скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю, у верасні 1918 – чэрвені 1919 г. працаваў у Зазыбскай школе, пасля чаго быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію. У верасні 1921 г. Я. І. Сяргеенка вярнуўся да педагагічнай дзейнасці – працаваў у Крынках. Гэты настаўнік даследаваў раслінны і жывёльны свет ля Бабінавіцкага і Зеляноўскага азёр, гісторыю Бабінавічаў, цікавіўся ганчарным промыслам, які быў распаўсюджаны ў гэтым мястэчку. У 1926-1927 гг. свае назіранні ён надрукаваў у галоўным рэспубліканскім краязнаўчым часопісе “Наш край”.
Неабыякавым да краязнаўства быў яшчэ адзін настаўнік – Уладзімір Васільевіч Зяленскі. Першапачаткова ён увогуле быў святаром, але з 1 лістапада 1920 г., паводле яго ўласнага жадання, з яго быў зняты святарскі сан. У верасні 1921 – студзені 1923 г. ён працаваў настаўнікам у Дрысенскім павеце, затым – у Емельяноўскай школе, пасля чаго перасяліўся ў Горбава, дзе настаўнічаў у мясцовай беларускай школе. У 1925 г. Уладзімір Зяленскі абследаваў гарадзішча і курганы каля в. Сітна. Апроч таго, ён агледзеў урочышча “Гута”, якое размяшчалася ў Горбаве ўздоўж дарогі на Любавічы. Яно займала плошчу каля 1 га, і ўся яго тэрыторыя была ўсыпана вялізнымі камянямі, цэглай і шклом. Сваю назву тое ўрочышча атрымала з-за таго, што там знаходзіўся памешчыцкі шкляны завод. Мясцовыя жыхары называлі ўрочышча яшчэ і “Катаргай”, бо нярэдка за правіннасці ім даводзілася адпрацоўваць на заводзе па некалькі месяцаў. У 1925 г. на тым месцы знаходзілася сядзіба селяніна Ягора Бондара.
Таксама ў 1927 г. краязнаўцы спрабавалі адшукаць сцягно маманта, якое яшчэ ў 1870 г. выкапалі з глею сяляне, і якое нібыта было передадзена ў Віцебскі губернскі музей, але там згубілася.
Дарэчы, у сённяшніх краязнаўцаў Лёзненшчыны таксама вельмі шырокае поле для дзейнасці, бо гісторыю роднага краю можна вывучаць бясконца.
Канстанцін КАРПЕКІН,
галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
Популярность: 3%
Поделиться в соц. сетях

- Blink
- del.ici.ous
- Digg
- Furl
- Simpy
- Spurl
- Y! MyWeb
- БобрДобр
- Мистер Вонг
- Яндекс.Закладки
- Текст 2.0
- News2
- AddScoop
- RuSpace
- RUmarkz
- Memori
- Закладки Google
- Писали
- СМИ 2
- Моё Место
- Сто Закладок
- Ваау!
- Technorati
- RuCity
- LinkStore
- NewsLand
- Lopas
- Закладки - I.UA
- Connotea
- Bibsonomy
- Trucking Bookmarks
- Communizm
- UCA