Угоддзі пана Слежаноўскага (з гісторыі маёнтка Альхімкава)
Адна з вуліц вёскі Якубаўшчына нездарма завецца Альхімкаўскай – яна скіравана ў бок колішняга маёнтка. Зараз ад яго застаўся толькі падмурак пасярод поля, ліпавая алея, што зліваецца з лесам, ды заплеценыя хмелем старыя яблыні.
Апошнім уладальнікам маёнтка быў пан Слежаноўскі. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, сабраных вучнямі Сутоцкай сярэдняй школы яшчэ ў 1960-я гг., частку сваёй зямлі ён здаваў у арэнду батракам, за што яны расплочваліся паловай ураджаю. Памешчык нібыта быў вельмі строгім і караў батракоў за любую правіннасць, а за спазненне на працу іх ўвогуле выганялі і не прымалі ў батракі ва ўсіх суседніх маёнтках.
Па ўсёй верагоднасці, пан Слежаноўскі любіў добры посуд: на месцы яго сядзібы можна знайсці рэшткі посуду з клеймамі фабрык І.Е Кузняцова, якія выраблялі ледзьве не самую якасную ў Расійскай імперыі парцаляну. Напрыклад, такія клеймы, як на фотаздымку, змяшчаліся на вырабах фабрыкі, заснаванай у 1898 г. у ваколіцах сяла Грузіна Наўгародскай губерні, і выкарыстоўваліся ў 1900 – 1913 гг.
Напярэдадні кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. памешчык з’ехаў са свайго маёнтка, а ў яго дом засяліліся мясцовыя сяляне, у якіх былі дрэнныя хаты.
Верагодна, што жонка і дачка памешчыка засталіся ў Альхімкаве, бо ў 1918 – 1923 гг. у школах Баравой, Замошша і Малькава працавала настаўніца – Марыя Аляксандраўна Слежаноўская, 1869 г. нараджэння. Хто яшчэ з такім прозвішчам у гэтай мясцовасці ў першыя паслярэвалюцыйныя гады мог выкладаць дзецям музыку, арыфметыку і рускую мову? Праўда, сама яна назвалася ўдавой – мабыць, не ведала пра лёс мужа, а можа, каб не пазначаць сваёй сувязі з “варожым класам”.
На землях маёнтка была створана сельскагаспадарчая камуна, але гэтыя ўгоддзі вельмі прываблівалі многіх сялян.
14 ліпеня 1921 г. у зямельны аддзел Лёзненскага валаснога выканкама паступіла хадайніцтва адразу ад траіх жыхароў Замошша: Ягора, Якава і Фёдара Зубавых. Яны жылі па суседству з былым маёнткам і карысталіся часткай гэтых земляў. Хоць сем’і ў іх былі невялікія (па 3 – 4 чалавекі), але ўласнай зямлі Зубавым не хапала. З дзвюх дзесяцін ворыва, паўдзесяціны луга, паўдзесяціны леса, паўдзесяціны сядзібнай і паўдзесяціны непрыгоднай зямлі пракарміцца было немагчыма, таму сяляне і прасілі вылучыць ім дадатковыя надзелы ў Альхімкаве.
Зямля, што знаходзілася на мяжы з надзеламі Зубавых, афіцыйна была ў карыстанні братоў Пятра, Фадзея і Фёдара Захарэнкавых, якія, дарэчы, арандавалі яе яшчэ і ў пана Слежаноўскага. Па гэтай прычыне ў жніўні 1921 г. кіраўніцтва камуны адмовіла Зубавым у іх просьбе.
У ліпені 1922 г. зямельны аддзел Лёзненскага валвыканкама размеркаваў 358 дзясяцін альхімкаўскіх угоддзяў паміж сялянамі з навакольных вёсак, многія з якіх адначасова карысталіся яшчэ і лугамі ва ўрочышчы Поплава. Супраць такога нераўнамернага размеркавання зямлі ў сярэдзіне сакавіка 1923 г. паўстаў Матушоўскі раённы Савет, які прапанаваў зямельнаму аддзелу Лёзненскага валвыканкама падзяліць зямлю па справядлівасці.
У выніку, 20 сакавіка 1923 г. адбылося адкрытае судовае пасяджэнне, на якім Лёзненскаму валземаддзелу прадпісалі зрабіць новае размеркаванне зямлі, таму не дзіўна, што ў кастрычніку 1923 г. у Альхімкаве былі новыя жыхары: Пётр і Яўлампія Бярозкіны, Іван, Настасся і Павел Жаўлачэнка, Іван і Ульяна Каралёвы, Піліп, Павел, Пётр, Захар і Іван Кукушкіны, Максім Маёраў, Сцяфан і Ганна Паўленкі, Міхаіл і Марыя Сімачэнкі, Ігнацій і Вольга Шарандзіны са сваімі сем’ямі.
Канстанцін Карпекін,
галоўны захавальнік фондаў
Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
Популярность: 2%
Поделиться в соц. сетях

- Blink
- del.ici.ous
- Digg
- Furl
- Simpy
- Spurl
- Y! MyWeb
- БобрДобр
- Мистер Вонг
- Яндекс.Закладки
- Текст 2.0
- News2
- AddScoop
- RuSpace
- RUmarkz
- Memori
- Закладки Google
- Писали
- СМИ 2
- Моё Место
- Сто Закладок
- Ваау!
- Technorati
- RuCity
- LinkStore
- NewsLand
- Lopas
- Закладки - I.UA
- Connotea
- Bibsonomy
- Trucking Bookmarks
- Communizm
- UCA