Твае героі, Лёзненшчына
Незабыўная Марыя Андрэеўна… Усе, з кім давялося размаўляць аб знатнай звеннявой, пачыналі свой расказ менавіта гэтымі словамі. У няспешных гутарках з пажылымі людзьмі, якія не адзін дзясятак гадоў працавалі побач з М.А. Эзерын, вырысоўваўся цудоўны вобраз простай савецкай працаўніцы, сялянкі, якая ні на мінуту не ўяўляла сябе без калектыву, без справы, якая была ёй даручана.
Сёлета ёй споўнілася б 110 гадоў.
Эзерын – прозвішча не беларускага паходжання. Можа ў канцы мінулага стагоддзя ці ў пачатку гэтага ў вёсцы Матушова з’явілася некалькі латышскіх сем’яў. У пошуках лепшай долі зняліся з наседжаных месц гэтыя людзі. У дружбе-згодзе жылі з такімі ж беларускімі беднякамі. Марыя нарадзілася ўжо тут, на новым месцы.
Нялёгка прыйшлося ў маладыя гады. Беднасць і галеча літаральна праследавалі сям’ю. А хутка стала яшчэ горш. Памерла маці, затым бацька. Давялося Марыйцы, каб неяк зводзіць канцы з канцамі, выжыць разам з двума брацікамі і сястрычкай, працаваць па найму ў багатых вясковых мужыкоў. Памагалі чым маглі і добрасардэчныя сяльчане.
Прыйшоў час, і выйшла Марыя замуж. За Івана Эзерына, статнага суседскага хлопца. Такога ж бедняка, як і сама. Адной з першых у вёсцы маладая пара ўступіла ў калгас з назвай гучнай і загадкавай – «Інтэрнацыянал». Іван ды Мар’я – жартам звалі іх калгаснікі – усё ўмелі, усюды былі першымі: на касьбе, на ўборцы хлеба, ведалі толк у доглядзе жывёлы. Усё было б добра, ды грымнула хутка вайна. Засталася Марыя Андрэеўна з трыма малымі дзецьмі на руках – Іванам, Верай, Валянцінай.
М.А. Эзерын многа і самааддана працавала па аднаўленню гаспадаркі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Узначальваючы льнаводчае звяно ў калгасе “1 Мая”, паказвала ўзоры гераічнай працы
(З запісу у Кнізе народнай славы раёна).
Матушова – вёска вялікая. Да вайны тут налічвалася больш 100 двароў. Частку хат, у тым ліку і Марыі Андрэеўны, спалілі фашысты. Гора навокал. Амаль кожная другая жанчына – удава. Ды што паробіш – трэба жыць.
Выбіралі брыгадзіра, шумеў сход. Прыкідвалі і так, і гэтак, і ні на кім не маглі спыніцца.
– Давайце-ка такі, – выйшла ўперад Аляксандра Іванова, жанчына бойкая і рашучая, – прапаную Марыю Эзерын, суседку сваю. Удава яна і нас, гаротніц, зразумее хутчэй.
На тым і парашылі. Адразу ж Марыя Андрэеўна адчула, якую нялёгкую ношу ўзяла на свае плечы. Амаль усё даводзілася рабіць уручную. Сама іншы раз здзіўлялася, як гэта яе жанчыны слухаюць, не пярэчаць, хаця бывала рознае. Запознена ішла пасяўная, без выхадных, ад цямна да цямна працавалі. І трэба было ў выхадны брыгадзе зрабіць адзін-адзіны рывок, каб усё завяршыць. Але людзі так стаміліся. Да месца сбору амаль ніхто не з’явіўся. Зайшла да суседкі Марыя Андрэеўна.
– Ты што гэта, Аляксандра, прахалоджваешся? – запытала. – Сама ж бачыш, май на зыходзе.
– А, прападзі яно ўсё пропадам, – узарвалася Цярэнцьеўна, якая завіхалася ля печкі. – Глянь, вунь трое галодных на маёй шыі сядзяць, а я ўсё ў полі ды ў полі.
Стрымалася брыгадзір, узяла сябе ў рукі, села побач на лаўку з суседкай.
– А мне што, каша манная з неба сыплецца, – толькі і сказала ціха. – Але сяўбу завяршаць трэба абавязкова. Будзе ў нас хлеб, Цярэнцьеўна, будзе…
Ведала Цярэнцьеўна, што і ў Эзерын трое такіх жа малых, ды ў дабавак хаты сваёй няма. Пасядзелі на лаўцы абняўшыся, паплакалі, ды і пайшлі разам баб па вёсцы збіраць.
А час не даваў перадышкі. Адзін прыпар другі змяняў. З дзяцінства любіла Марыя Андрэеўна сенакос. Касілі ля лесу, за поплавам. Першай ішла Оленька Гранкова: яна маладзей за ўсіх, сама напрасілася. Потым Марыя Андрэеўна, брыгадзір, за ёй Наталля Пруднікава, Праскоўя Шапурова. І раптам быццам бы стоган пачуўся, усе спыніліся. Цяжка абапіраючыся на касу, бледная, прыпадаючы на нагу, адышла ўбок Эзерын. Што здарылася? Усур’ёз устрывожаныя, усе акружылі яе.
– Ай, ды што ж гэта ты, Марыя, робіш з сабой, – успляснула рукамі Цярэнцьеўна, якая першая зразумела, у чым справа. – Рана ж у цябе не загаілся ячшэ…
Толькі цяпер жанчыны ўспомнілі, што Марыя Андрэеўна, як, між іншым, і многім аднасяльчане, чым магла памагала ў гады вайны партызанам. Тады яна, несучы ў руцэ вузельчык з хлебам і бульбай, ужо амаль дасягнула лесу, як раптам наляцела невядома адкуль узяўшаяся “рама”, абстраляла адзінокую жаночую фігурку і паляцела. У Марыі аказалася сур’ёзна пашкоджана нага, вось і цяпер незажыўшая рана дала адчуць сябе.
Восень у той год выдалася не вельмі дажджлівай. Таму паспелі ўсё ўбраць з палёў, звезці снапы і скласці ў сцірты. Засталося толькі абмалаціць зерне. Ды вось усё чаргі чакалі, калі трактарная станцыя прышле малатарню-паўсложку. Тады ж як было: у адным калгасе дні тры-чатыры малоцяць, потым у другім, трэцім… І так ледзь не да сярэдзіны зімы.
Дачакалася малатарню і брыгада Эзерын. “На чацвёра сутак, – сказалі, – распараджайцеся”. Дзень і ноч не сціхаў гул. Пыльныя, стомленыя прыходзілі калгасніцы дадому адпачыць на некалькі гадзін. Але задаволеныя: справа ішла к канцу.
І тут – нечаканае ўказанне: перадаць малатарню ў іншы калгас. А засталася ўсяго пара сцірт жыта. “Нікуды не паедуць” – рашыла пра сябе Эзерын, калі просьбы і ўгаворы аказаліся бяссільнымі. Вось ужо і трактар падчэплены, зараз ён рушыць з двара. Але тут усе так і ахнулі: прама пад бліскучыя зубы колаў ХТЗ лягла Эзерын! Ні моцныя словы трактарыста, ні пагрозы паскардзіцца начальству не падзейнічалі.
Цэлую ноч яшчэ раздаваўся грукат малатарні і людскія галасы над Матушовам.
Ужо ў 1946 годзе звяно М.А. Эзерын было вядома атрыманнем высокіх ураджаяў ільну далёка за межамі раёна. У 1948 годзе звяно вырасціла небывалы па тым часе ўраджай. Яно атрымала па сем цэнтнераў ільнасемя і па восем цэнтнераў валакна з кожнага гектара
(З запісу ў Кнізе народнай славы раёна).
З палёгкай уздыхнула Марыя Андрэеўна, калі адбылося зліццё дзвюх брыгад і брыгадзірам выбралі І.А. Глядчанку. А Эзерын даручылі ўзначаліць ільнаводчае звяно. Здавалася б, прасцей работа: вось табе, Андрэеўна, 20 жанчын, будзь добрая, вырошчвай лён на 8 гектарах. А тое, што, пасееўшы, яго трэба некалькі разоў прапалоць, затым выцерабіць і звезці з поля, абмалаціць, разаслаць саломку, узняць, высушыць, аддзяліць кастру ад валакна – гэта само сабой разумеецца. І ўсё – уручную. Але не баяліся жанчыны работы. Без лішніх слоў рабілі тое, што прасіла звеннявая, а прасіць яна ўмела як ніхто. Ведала, як к каму падысці. І абдыме-пацалуе, і “бабанькі-дзеванькі мілыя” назаве. Ну як тут адмовіш?
У “Інтэрнацыянале” было дзве брыгады, у кожнай – па два льнаводчыя звяны. Спаборнічалі ўпарта, сумленна. Сакрэтаў ніхто не трымаў пры сабе. Але неяк так атрымлівалася, што кожны год звяно Марыі Андрэеўны мела лепшы вынік.
Зразумела, поспехі не прыходзілі самі сабой. Усю зіму звеннявая разам з адной-дзвюма сваімі памочніцамі на кані аб’язджала сялянскія двары, збіраючы драўнінны попел. “Для ўтварэння добрага валакна патрэбен калій,” – гэта ведала Эзерын. Ведала яна і многае іншае, што датычыць агратэхнікі вырошчвання гэтай працаёмкай культуры. Доўгімі зімовымі вечарамі звяно вучылася ў аграгуртку, кожная льнаводка мела поўнае ўяўленне аб угнаеннях, дозах і тэрмінах іх унясення.
Але галоўнае, што вызначала членаў звяна, гаспадарскія неабыякавыя адносіны да справы. Напрыклад, ні ў якім разе не дапускалася, каб звозіць выцераблены лён на незасланых подсцілкай калёсах. Інакш не пазбегнуць уцечкі семя з галовак. А трасту, калі добра ў ёўні не прасушыць – дрэнна будзе аддзяляцца валакно. Простыя сялянскія прамудрасці, але як яны дапамагалі! Звяно амаль усё валакно прадавала дзяржаве найвышэйшым дванаццатым нумарам.
1948 год асабліва ўдала склаўся для льнаводаў “Інтэрнацыянала”. Ураджай вырас на славу. Поспехі майстроў “паўночнага шоўку” былі адзначына па заслугах. Звеннявая М.А. Эзерын і брыгадзір І.А. Глядчанка атрымалі Залатыя Зоркі Героя Сацыялістычнай Працы і ордэны Леніна. Высокіх узнагарод удастоены многія члены звяна Марыі Андрэеўны: Аляксандра Іванова – ордэна Леніна, Наталля Пруднікава, Вольга Данькова, Вера Магучая – ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга. Заззялі ордэны Леніна на грудзях старшыні калгаса В.І. Брузгула, звеннявой В.І. Варкулевіч.
Гаворачы сёння аб тым нялёгкім, запоўненым гераічнай працай часе, калгасныя ветэраны з добрай усмешкай успамінаюць і светлыя мінуты жыцця. Яны ўсё памятаюць: і наваселлі пагарэльцаў, і пасляваенныя вяселлі, і, вядома ж, песні. Іх – народныя, савецкія – спявалі пры кожным зручным выпадку, забыўшыся на стому. Спявалі і прама ў полі.
– Ну што, бабанькі, спяём? – усклікне, бывала, Марыя Андрэеўна і тут жа першай зацягне:
Ой ты, лён, ты наш лён,
залацісты лён,
Цябе любіць даўно
нашае звяно…
Ляціць песня над блакітнымі пералівамі цвітучага даўгунцу. І вось ужо чутна, як падхапілі яе жанчыны з суседняга рускага саўгаса “Першамайскі”… Добрыя песні, як і добрыя справы, не ведаюць межаў.
Высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы М.А. Эзерын апраўдвала і ўсе наступныя гады
(З запісу ў Кнізе народнай славы раёна).
А потым здарылася так, што зноў прыйшлося прыняць Марыі Андрэеўне брыгадзірскую пасаду. Паўтара дзясятка гадоў прайшло, як праляцела. За гэты час выраслі дзеці, узмацнеў калгас (пасля ўзбуйнення стаў называцца “1 Мая”). Ужо будучы на заслужаным адпачынку, Марыя Андрэеўна не раз пераконвалася, што справа, якой прысвяціла жыццё, цяпер у надзейных руках.
…Добры след на зямлі пакінула пасля сябе камуніст М.А. Эзерын. І людзі глыбока ўдзячны ёй за гэта. Перад уваходам у будынак раённага камітэта партыі галерэя Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай Працы – ураджэнцаў Лёзненшчыны. Імя Марыі Андрэеўны назаўсёды застанецца сярод лепшых людзей раёна. А льнаводчыя звенні штогод змагаюцца за права атрымаць пераходны памятны вымпел імя М.А. Эзерын.
Популярность: 2%
Поделиться в соц. сетях

- Blink
- del.ici.ous
- Digg
- Furl
- Simpy
- Spurl
- Y! MyWeb
- БобрДобр
- Мистер Вонг
- Яндекс.Закладки
- Текст 2.0
- News2
- AddScoop
- RuSpace
- RUmarkz
- Memori
- Закладки Google
- Писали
- СМИ 2
- Моё Место
- Сто Закладок
- Ваау!
- Technorati
- RuCity
- LinkStore
- NewsLand
- Lopas
- Закладки - I.UA
- Connotea
- Bibsonomy
- Trucking Bookmarks
- Communizm
- UCA
Comments are closed.