Льнопрадзільная фабрыка аўстра-венгерскага прадпрымальніка
Знаходзілася яна ў Высачанах, а ўладальнікам прадпрыемства з’яўляўся не хто іншы, як падданы Аўстра-Венгерскай імперыі Ігнац Іосіфавіч Этрых, які першапачаткова займаўся распрацоўкай мадэляў планераў, пасажырскіх і ваенных самалётаў, а затым засяродзіўся на тэкстыльнай індустрыі. У 1900 г. ён купіў будынак былой папяровай фабрыкі ў маёнтку Высачанск і да 1902 г. узвёў новы, цагляны, у якім наладзіў льнопрадзільню. Напачатку прадпрыемства называлася 1-й Магілёўскай льнопрадзільняй (ці Магілёўскай льнопрадзільнай фабрыкай “Высачанск”).
У 1914 г. фабрыка працавала ў адну змену, працоўны дзень доўжыўся 10 гадзін, заробак тут выдавалі па суботах кожныя 2 тыдні. Усяго на фабрыцы быў заняты 461 рабочы: 378 – на машынах, 42 – на ручных працах, апроч таго налічвалася 30 часовых работнікаў, 4 вартаўнікі і 7 служачых.
У сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны з 1 жніўня 1914 г. фабрыка часова спынілася, бо як-ніяк яе гаспадаром з’яўляўся падданы Аўстра-Венгрыі, а яна, як вядома, варагавала з Расійскай імперыяй.
Прадпрыемства аднавіла сваю дзейнасць толькі 1 лістапада 1915 г., неўзабаве змяніўся і яе ўладальнік: прыкладна з мая 1916 г. арандатарам фабрыкі стаў Іван Рыгоравіч Смалякоў. Пры ім колькасць рабочых скарацілася: у студзені 1917 г. іх налічвалася 418. З 1 ліпеня 1917 г. фабрыка чарговы раз прыпыніла выпуск прадукцыі, а ў канцы жніўня знік з Высачанаў і сам арандатар (пераехаў ва Уладзімірскую губерню).
Гады вайны і рэвалюцыі дрэнна адбіліся на Высачанскай фабрыцы: у верасні 1918 г. дзейнічалі толькі механічныя майстэрні па вырабу сельскагаспадарчых машын, дзе было занята ўсяго 32 чалавекі. Але 11 кастрычніка 1918 г. і яны перасталі вырабляць прадукцыю (аднаўленне працы фабрыкі планавалася на пачатак снежня 1918 г. – і то ў тым выпадку, калі б з’явілася сыравіна).
Далёка не ўсе рабочыя льнопрадзільні мелі сваё жыллё, таму ў 1918 г. некаторыя з іх пасяліліся ў доме, які належаў святару Міхаілу Свідэрскаму і быў пабудаваны яго бацькам у 1902 г. Будынак быў драўляным, складаўся з двух пакояў, кладоўкі і меў электрычнае асвятленне, што на той час было рэдкасцю. Сам М. Свідэрскі з 1917 г. жыў у Мсціслаўі, а калі ў 1918 г. вярнуўся ў роднае сяло, то выявіў, што яго дом ужо заняты, таму быў вымушаны здымаць жыллё ў брата.
Усяго восенню 1921 г. за фабрыкай лічылася 45 будынкаў: фабрычны корпус, 14 жылых дамоў для рабочых і 2 хлявы для іх жывёлы, 21 склад для сыравіны і паліва, 2 памяшканні для хворых, 2 вартоўні, а таксама стайня, кузня і кінатэатр.
З кастрычніка 1921 г. фабрыка ўвайшла ў склад Віцебскага тэкстыльнага групавога аб’яднання, у якім акрамя яе знаходзіліся такія буйныя прадпрыемствы, як льнопрадзільная фабрыка “Дзвіна”, панчошна-трыкатажная фабрыка, канатна-вяровачная майстэрня (усе яны размяшчаліся ў Віцебску) і Касцяёўскі завод. Прыкладна з гэтага ж часу высачанскае прадпрыемства стала называцца “Льнопрадзільная фабрыка імя Карла Маркса”.
Лён для апрацоўкі ў Высачаны прывозілі з Віцебскага і Смаленскага раёнаў. У гэты перыяд фабрыка працавала вельмі нераўнамерна: так, у кастрычніку 1922 г. тут налічвалася 183 рабочыя, а выхад прадукцыі склаў 600 пудоў пражы. Да лютага 1923 г. колькасць рабочых узрасла да 355 чалавек, якія вырабілі 895 пудоў пражы, а ў ліпені таго ж года на прадпрыемстве зноў засталося 184 рабочыя, выпуск прадукцыі знізіўся да 376 пудоў.
Другая палова 1920-х гг. прынесла з сабой індустрыялізацыю, і на прадпрыемстве пачалася мадэрнізацыя: у пачатку 1927 г. былі ўсталяваны два новыя паравыя катлы, у чэрвені 1927 г. дабудавана новае машыннае памяшканне для лакамабіля магутнасцю 295 конскіх сіл.
У сувязі з гэтым значна павялічылася колькасць працоўнай сілы. У сакавіку 1928 г. на прадпрыемстве працавала 622 рабочыя: 200 мужчын, 383 жанчыны і 39 падлеткаў. У гэты час умовы працы тут былі далёка не ідэальныя: у многіх памяшканнях рукамыйнікі і ручнікі былі бруднымі, рамяні, якія прыводзілі ў рух машыны, не паўсюль закрываліся ахоўнымі муфтамі, ды і падлога на другім паверсе была ненадзейнай. Працоўны дзень доўжыўся 8 гадзін для дарослых і 7 – для падлеткаў. Фабрыка працавала ў 3 змены: першая пачыналася а 4-й гадзіне, другая – а 13-й, трэцяя – а 19-й. Пад час кожнай змены пасля 4 гадзін працы меркаваўся перапынак для прыняцця ежы працягласцю ў 1 гадзіну. Пры завяршэнні адной змены і пачатку другой падаваліся два гудкі, і за 5 хвілін да завяршэння працы кожны рабочы павінен быў прыбраць пасля сябе інструменты і смецце. Акрамя таго кожны тыдзень на фабрыцы ажыццяўлялася ўсеагульная ўборка. Спазненне на 10 хвілін прыраўноўвалася да прагулу, да таго ж рабочыя не павінны былі праносіць на тэрыторыю фабрыкі ніякія пакункі і скруткі, а таксама нічога адтуль не выносіць.
Вось такой карыснай фабрыцы даў пачатак знакаміты аўстра-венгерскі прадпрымальнік.
Канстанцін Карпекін,
галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці
Популярность: 2%
Поделиться в соц. сетях

- Blink
- del.ici.ous
- Digg
- Furl
- Simpy
- Spurl
- Y! MyWeb
- БобрДобр
- Мистер Вонг
- Яндекс.Закладки
- Текст 2.0
- News2
- AddScoop
- RuSpace
- RUmarkz
- Memori
- Закладки Google
- Писали
- СМИ 2
- Моё Место
- Сто Закладок
- Ваау!
- Technorati
- RuCity
- LinkStore
- NewsLand
- Lopas
- Закладки - I.UA
- Connotea
- Bibsonomy
- Trucking Bookmarks
- Communizm
- UCA