Вёскі са старадаўняга рэестра
У Расійскім Дзяржаўным архіве старажытных актаў захаваўся цікавы дакумент – рэестр маёнтка Дабрамысль, што належаў Станіславу Піоры. Ён датаваны 1782 г., і ў ім насупраць назваў населеных пунктаў указаны лік двароў і колькасць пражываючых там мужчын ды жанчын. Параўноўваючы звесткі канца XVIII ст. з больш познімі, можна прасачыць не толькі змены ў назвах вёсак, але і тое, як яны рабіліся больш мнагалюднымі ці наадварот знікалі.
Цэнтрам маёнтка з’яўлялася сяло Дабрамысль, і апроч яго на тэрыторыі ўладання мясціліся тры сяльцы (Вішнякі, Зазер’я ды Зачэрня) і 39 вёсак.
У тыя часы Дабрамысль была зусім невялікай: складалася ўсяго з 6-ці двароў, у якіх пражывала 20 мужчын і 23 жанчыны. Атрымліваецца, што ў сярэднім сям’я складалася з 7-і чалавек. За паўтара стагоддзя сяло стала ладным мястэчкам: у 1927 г. тут налічвалася 154 двары і 460 жыхароў – прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў. Больш за іншых тут жыло яўрэяў – 83 сям’і, а таксама беларусаў (49 двароў) і рускіх (14 сем’яў).
У 1782 г. у кожным сяльцы было ўсяго толькі па аднаму двару. Затое да 1927 г. Вішнякі пераўтварыліся ў пасяленне Вішняк-Барані з насельніцтвам 55 сялян, Зазер’е – у маёнтак Заазер’е (у ім было 3 двары і 43 жыхары), а Зачэрня “раздваілася” на сельскагаспадарчую арцель і хутар, у якіх пражывала адпаведна 26 і 25 чалавек.
Сярод вёсак маёнтка Дабрамысль самымі вялікімі былі Янкоўская, дзе ў 10 хатах мясцілася 66 сялян, а таксама Зубакі з такой жа колькасцю насельнікаў, але ў 9 дварах. З цягам часу Янкоўская змяніла сваю назву на Янкаўцы, у 1924 г. тут пражывала 185 чалавек, а ў 1927 г. – 159. Зубакі сваёй назвы не змянілі і па сённяшні дзень, і ў 1920-я гг. вёска паступова разрасталася: у 1924 г. тут было 220 жыхароў, і за 3 гады колькасць вяскоўцаў павялічылася на 10 чалавек.
Цікава, што Малая Малкава была больш за звычайную, а Барсучына Малая – больш за проста Барсучыну. У Малай Малкаве пражывала 45 сялян супраць 17-ці, што жылі ў Малкаве, а ў Барсучыне Малай – 23 супраць 19-ці. Відавочна, што гэтыя пасяленні знаходзіліся адно ля другога і назву “Малая” можна лічыць адпаведнікам слова “Новая”, альбо іншымі словамі – “узніклая пазней”.
Самымі маленькімі вёскамі маёнтка – з аднаго двара кожная – былі Старына (3 вяскоўцы), Малыя Стайкі, Сутокі (па 4 жыхары) і Лугуны (5 чалавек). Але да 20-х гг. мінулага стагоддзя ўсе яны вельмі павялічыліся: у 1924 г. у Старыне пражывала 140 чалавек, у Лагунах – 104, у 1927 г. у Стайках – 299, у Сутоках – 68.
Вёскі Арцёмава, Бандары, Барсеева, Буракова, Жалудова, Лындзіна, Слабадзішча, Сяло, Ціханова існуюць і сёння, а вось на пытанне, дзе размяшчаліся Баброва, Ваўчкова, Васекава, Вінакурна, Дудкі, Касачова, Лагавая, Новыя Стайкі, Падворышча, Парымная, Пацеева, Сапная, Сарочына, Снігіры, Старая Сапная, дзве Слабады, Трапашкі, Хадакі, Шалахова, часткова можа адказаць карта 1920 г.
Канстанцін Карпекін,
галоўны захавальнік фондаў
Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
Популярность: 3%
Поделиться в соц. сетях

- Blink
- del.ici.ous
- Digg
- Furl
- Simpy
- Spurl
- Y! MyWeb
- БобрДобр
- Мистер Вонг
- Яндекс.Закладки
- Текст 2.0
- News2
- AddScoop
- RuSpace
- RUmarkz
- Memori
- Закладки Google
- Писали
- СМИ 2
- Моё Место
- Сто Закладок
- Ваау!
- Technorati
- RuCity
- LinkStore
- NewsLand
- Lopas
- Закладки - I.UA
- Connotea
- Bibsonomy
- Trucking Bookmarks
- Communizm
- UCA