Невялікі храм з надзейным архівам (гісторыя Новабельскай Успенскай царквы)
Яшчэ не мінула і стагоддзя, а ўжо шмат чаго змянілася: цяпер тут не сяло Новая Бель – а вёска Яськаўшчына, не праваслаўная царква – а будынак, дзе размяшчаецца сельскі Савет дэпутатаў і выканаўчы камітэт. Калі была ўзведзена гэтая царква – невядома, але ў 1839 г. яна дакладна дзейнічала. Менавіта гэтым годам былі датаваны самыя старадаўнія метрычныя кнігі, якія былі знойдзены тут у 1919 г. – напярэдадні перадачы іх у Лёзненскі валасны выканаўчы камітэт.
У 1886 г. у Новай Белі замест старога, сапсаванага часам, будынку быў узведзены новы – каменны храм. Колькасць вернікаў, прыпісаных да царквы, з года ў год павялічвалася: у 1895 г. было 1249 прыхаджан-мужчын і 1306 жанчын, а ў 1897 г. – 1332 мужчыны і 1391 жанчына.
25 чэрвеня 1899 г. адбылася важная для царквы падзея: сюды завітаў епіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Місаіл, які з мэтай рэвізіі падначаленых яму прыходаў адправіўся ў паездку па Аршанскім, Горацкім, Сенненскім і Магілёўскім паветах. Прыбыўшы ў Новую Бель, епіскап убачыў, што царква там невялікая па памерах, аднапрастольная, вакол яе – драўляная агароджа. Маёмасць і рызніца былі небагатыя, бібліятэка – невялікая, царкоўны архіў ахоўваўся надзейна. Пад час візіту епіскапу падалося, што спявалі ў царкве не асабліва складна. Высокапастаўленаму госцю паведамілі, што прыхаджан тут налічвалася 2815 асоб абодвух палоў з 20 навакольных вёсак. Прычт жа складаўся з 2 асоб, якія жылі ва ўласных дамах, бо казённага жылля для святароў і псаломшчыкаў не было (затое пры царкве мелася 80 дзесяцін зямлі). У Новай Белі дзейнічала прыходская школа, дзе навучалася 48 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак. Акрамя таго, у іншых вёсках прыхода знаходзілася яшчэ 4 школы з 54 вучнямі і 11 вучаніцамі.
У той жа дзень епіскап з Новай Белі накіраваўся ў Лёзна, а царква прадоўжыла жыць сваім размераным жыццём. Да 1914 г. за ёй лічыліся ўсё тыя ж 80 дзесяцін зямлі, а вось колькасць прыхаджан адчувальна павялічылася: 1713 мужчын і 1714 жанчын.
У «Магілёўскіх епархіяльных ведамасцях» зафіксаваліся імёны святароў, якія служылі ў Новабельскай Успенскай царкве.
Так, з 7 лютага 1850 г. святаром быў прызначаны Іаан Максімавіч Зязюлін, які меў шмат спецыфічных царкоўных узнагарод (набедранік – элемент адзення, скуф’ю – галаўны ўбор, цёмна-бронзавы наперсны крыж), а яшчэ – медалі ад імператара: ў памяць пра Крымскую вайну 1853-1856 г.г. і за падаўленне паўстання К. Каліноўскага 1863-1864 г.г. Гэты святар праслужыў ва Успенскай царкве да 13 лютага 1886 г.
Пасля І.М. Зязюліна ў Новую Бель прыбыў Канстанцін Піатуховіч, які таксама старанна сачыў за сваім прыходам і час ад часу атрымліваў ад епархіяльнага кіраўніцтва заахвочванні: 20 сакавіка 1890 г. яго узнагародзілі набедранікам, 22 студзеня 1899 г. – фіялетавай скуф’яй, у 1900 г. святару была выказана ўдзячнасць Епархіяльнай Вучылішчнай Рады за дабраўладкаванне прыходскіх школ, а 30 сакавіка 1900 г. нададзена архіпастырскае дабраслаўленне. К. Піатуховіч пакінуў Новую Бель 21 верасня 1907 г., бо яго перавялі ў Прошыцкую царкву Сенненскага павета.
Апошнім святаром Новабельскага храма стаў Аляксей Піліпавіч Васільеў. Ён скончыў двухкласную царкоўна-настаўніцкую школу, спачатку служыў дыяканам-псаломшчыкам Аршанскага сабора, а з 25 кастрычніка 1907 г. – у Новабельскай царкве. У хуткім часе – з 13 лістапада 1907 г. – яго перавялі ў святары. 6 мая 1916 г. епархіяльнае ўпраўленне узнагародзіла яго набедранікам.
У адрозненне ад святароў псаломшчыкі ў Новабельскай царкве асабліва надоўга не затрымліваліся.
10 чэрвеня 1898 г. быў зволены псаломшчык Феафілакт Сільніцкі (але ён заставаўся пазаштатным псаломшчыкам аж да сваёй смерці 28 студзеня 1911 г.). На яго месца прызначылі выпускніка Магілёўскага духоўнага вучылішча Мікалая Катовіча, але 10 кастрычніка 1905 г. перавялі ў Марыявільскую царкву Клімавіцкага павета.
24 кастрычніка 1905 г. выконваючым абавязкі псаломшчыка быў прызначаны паслушнік Магілёўска-Брацкага манастыра Аляксандр Токараў. З 7 красавіка 1907 г., пасля хадайніцтва мясцовага дабрачыннага, ён стаў паўнацэнным псаломшчыкам, але ў хуткім часе – 4 студзеня 1910 г. – яго адправілі ў Заходскую царкву Горацкага павета.
28 студзеня 1910 г. новым выконваючым абавязкі псаломшчыка ў Новабельскай царкве прызначылі паслушніка ўсё таго ж Магілёва-Брацкага манастыра Васіля Воранава. Праўда, 17 верасня 1912 г. ён падаў прашэнне, каб яго перавялі служыць у Дудаковіцкую царкву Магілёўскага павета. Па нейкіх прычынах В. Воранаў усё ж перадумаў і з 4 кастрычніка 1912 г. зноў быў замацаваны за Успенскай царквой. 31 жніўня 1914 г. ён быў рукапаложаны ў дыякана, а з 13 кастрычніка 1914 г. адправіўся служыць у Дабрамыслянскую царкву.
Усяго два тыдні царква была без псаломшчыка: 1 лістапада 1914 г. сюды з Дзяніскавіцкай царквы Рагачоўскага павета прыехаў Ігнацій Жарыкаў, які быў тут псаломшчыкам да самага моманту закрыцця царквы ў канцы 1920-х г.г.
Канстанцін Карпекін,
галоўны захавальнік фондаў
Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
Популярность: 1%
Поделиться в соц. сетях

- Blink
- del.ici.ous
- Digg
- Furl
- Simpy
- Spurl
- Y! MyWeb
- БобрДобр
- Мистер Вонг
- Яндекс.Закладки
- Текст 2.0
- News2
- AddScoop
- RuSpace
- RUmarkz
- Memori
- Закладки Google
- Писали
- СМИ 2
- Моё Место
- Сто Закладок
- Ваау!
- Technorati
- RuCity
- LinkStore
- NewsLand
- Lopas
- Закладки - I.UA
- Connotea
- Bibsonomy
- Trucking Bookmarks
- Communizm
- UCA
Comments are closed.