Каб быў парадак у Бабінавіцкім павеце
У тыя часы, калі замест абласцей, раёнаў і сельсаветаў існавалі губерні, паветы і воласці, Бабінавічы былі адным з павятовых гарадоў. Такі статус яны мелі даволі працяглы час – у 1777-1796 г.г. і 1802-1840 г.г. Бабінавіцкі павет ахопліваў абшары ад м. Лёзна на поўначы да м. Ляды на поўдні, ад ракі Лучосы і возера Серакаротня на захадзе да рэчкі Рутавеч на ўсходзе.
У тыя часы ў кожным павеце меўся свой павятовы прадвадзіцель дваранства, павятовы суддзя, земскі спраўнік, засядальнікі павятовага і земскага судоў, дэпутат дваранскага сходу. Выбары на гэтыя пасады адбываліся кожныя тры гады на агульным сходзе дваран павета. І вось у маі 1832 г. у Бабінавіцкім павеце адбыліся чарговыя выбары, у якіх прынялі ўдзел 40 мясцовых дваран.
Прадвадзіцелем, ці галоўным сярод дваран павета, стаў Ігнацій Пятровіч Хлюдзінскі. Гэта быў малады 26-гадовы шляхціц, які да абрання на высокую пасаду паспеў непрацяглы час паслужыць у Аршанскім павятовым судзе, а таксама павучыцца ў Віленскім універсітэце. Ён меў маёнткі, дзе налічвалася 110 прыгонных сялян. Дарэчы, за кандыдатуру І.П. Хлюдзінскага прагаласавалі 38 з прысутных, а супраць – толькі двое.
Яго памочнікамі абралі Антона Савельевіча Заранека і Казіміра Антонавіча Піора. Праўда, апошняга на пасадзе не зацвердзілі, бо калісьці ён самавольна ўчыніў суд над сваім селянінам за крадзеж, пасля чаго той спрабаваў скончыць жыццё самагубствам.
Павятовым суддзёй амаль адзінагалосна абралі Казіміра Фадзеевіча Рагозу. Ён быў значна старэйшым і багацейшым за пана Хлюдзінскага: меў 47 гадоў ад нараджэння і валодаў 301 прыгонным. Да таго ж ён меў багаты вопыт – з невялікімі перапынкамі займаў розныя пасады ў Бабінавіцкім земскім судзе аж з 1802 г.
Месцы засядальнікаў павятовага суда занялі дваране Мацей Антонавіч Вайцяхоўскі і Іосіф Якаўлевіч Харошча. Цяпер яны мусілі займацца дробнымі крымінальнымі і грамадзянскімі справамі, у тым ліку пра куплю ці продаж маёмасці, атрыманне спадчыны і да т.п.
Земскім спраўнікам, ці іншымі словамі – кіраўніком паліцыі, стаў Віктар Вітавіч Біруля. Ён нарадзіўся ў 1783 г., дзяржаўную службу пачаў у 1801 г. Працаваць яму давялося ў Віцебску, Магілёве, Копысі і Рагачове, пакуль у 1808 г. ён не трапіў у Бабінавічы, дзе і затрымаўся на доўгія гады.
Апроч таго, у 1832 г. абралі чатырох засядальнікаў земскага суда: Іосіфа Весялоўскага, Адама Вінрэйха, Антона Смяроўскага і Іосіфа Дабравольскага. Першыя двое на пасадах зацверджаны не былі, бо раней мелі службовыя парушэнні (у прыватнасці, завышалі цэны па Бабінавіцкаму павету). Для засядальнікаў былі прадугледжаны памочнікі ў колькасці чатырох асоб, якімі таксама сталі мясцовыя памешчыкі.
Нарэшце, па выніках выбараў пасаду дэпутата дваранскага сходу заняў Фелікс Фадзеевіч Маеўскі. Ён меў узрост 42 гады, службовую кар’еру пачаў у Сенненскім павятовым судзе ў 1808 г., а з 1829 г. займаўся складаннем радаводных кніг для дваран Бабінавіцкага павета.
Дарэчы, нашчадкі некаторых з гэтых дваран валодалі маёнткамі на Лёзненшчыне і ў пачатку ХХ ст. Напрыклад, Піорам належалі фальварак Піарамонт, сядзібы Заазер’е, Маскалеўка, Стар, Дзянісаўка, Кабыльнішча і многія іншыя, дваранам Харошча – маёнтак Завольша, сядзіба Чарніца і ўрочышча Багуты.
Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці.
Популярность: 1%
Поделиться в соц. сетях

- Blink
- del.ici.ous
- Digg
- Furl
- Simpy
- Spurl
- Y! MyWeb
- БобрДобр
- Мистер Вонг
- Яндекс.Закладки
- Текст 2.0
- News2
- AddScoop
- RuSpace
- RUmarkz
- Memori
- Закладки Google
- Писали
- СМИ 2
- Моё Место
- Сто Закладок
- Ваау!
- Technorati
- RuCity
- LinkStore
- NewsLand
- Lopas
- Закладки - I.UA
- Connotea
- Bibsonomy
- Trucking Bookmarks
- Communizm
- UCA
Comments are closed.