Бабінавіцкая свістулька прызнана культурным здабыткам Беларусі
І цяпер нашы брэндавыя свістулькі не толькі знаёмяць з традыцыямі продкаў, але і могуць стаць выдатнай сувенірнай прадукцыяй. Трэба толькі актыўна іх папулярызаваць
Нядаўна Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей папоўніўся новымі элементамі матэрыяльнай культурнай спадчыны Віцебскай вобласці. Па выніках пасяджэння Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па гісторыка-культурнай спадчыне такі статус прысвоілі групе майстроў Віцебшчыны, чыя творчасць аб’яднана адным напрамкам – «Традыцыйны вобраз і тэхналогія вырабу народных гліняных цацак Аршанскага Падняпроўя і Віцебскага Прыдзвіння». Майстроў – восем, і сярод іх Ірына Аляксандраўна Варона з аграгарадка Бабінавічы. Яе свістулькі – яркія пластычныя тэракотавыя фігуркі, якія нагадваюць розных жывёл, птушак, міфалагічных персанажаў.
Мастацтва лепкі з гліны Ірына Аляксандраўна ўбачыла ўпершыню маленькай дзяўчынкай, назіраючы за тым, як працавалі Мікалай Ягоравіч Арэхаў, Міхаіл Мікалаевіч Траяноўскі, патомныя ганчары, якія жылі па суседству. Разам з іншымі дзецьмі яна любіла глядзець, як з кавалка гліны нараджаецца збан ці іншая патрэбная ў гаспадарцы рэч. Адпачываючы, майстры рабілі для дзяцей простыя пацешныя свістулькі.
Першую сваю гліняную цацку Ірына зляпіла ў 1982 годзе, выпадкова патрапіўшы на занятак школьнага гуртка, які вёў у мясцовай школе М.М. Траяноўскі. У наступны раз сустрэча з глінай адбылася праз шмат гадоў, у 1998-м, калі ёй, настаўніку малявання і чарчэння, прапанавалі разам са школьнікамі адрадзіць традыцыю бабінавіцкай свістулькі. Вось тут і спатрэбіліся дзіцячыя ўспаміны, ды і вырабы М.М. Траяноўскага, якія захоўваліся ў школьным музеі, адчынялі для яе неабсяжныя прасторы творчай фантазіі. Падтрымалі ў гэтай справе раённы Дом рамёстваў, абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.
Ёсць у І.А. Вароны ўжо і свая калекцыя, адзначаная дыпломам II ступені Міжнароднага фестывалю песні і музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” у намінацыі “Лепшая дамашняя калекцыя”. А цяпер адноўленая Ірынай Аляксандраўнай бабінавіцкая свістулька стала культурным здабыткам краіны, захоўваючы ў сабе наш мясцовы каларыт і традыцыі ганчарства.
Бабінавіцкая свістулька зараз ўпрыгожвае не толькі розныя музеі (у тым ліку маецца ў калекцыях мастацкіх музеяў Мінска і Масквы), выстаўкі, яе можна ўбачыць і ў дамах мясцовых жыхароў, а таксама тых, хто пабываў у нашым раёне. Набыць каларытны сувенір можна ў краме раённага Дома рамёстваў, у час гандлю на святах, нават такіх значных, як “Славянскі базар у Віцебску”. Такім чынам мы набываем не толькі кавалачак гісторыі Лёзненшчыны, але і тутэйшы дух творчасці і майстэрства.
Аляксандр ПІУТА.
Популярность: 2%
Поделиться в соц. сетях

- Blink
- del.ici.ous
- Digg
- Furl
- Simpy
- Spurl
- Y! MyWeb
- БобрДобр
- Мистер Вонг
- Яндекс.Закладки
- Текст 2.0
- News2
- AddScoop
- RuSpace
- RUmarkz
- Memori
- Закладки Google
- Писали
- СМИ 2
- Моё Место
- Сто Закладок
- Ваау!
- Technorati
- RuCity
- LinkStore
- NewsLand
- Lopas
- Закладки - I.UA
- Connotea
- Bibsonomy
- Trucking Bookmarks
- Communizm
- UCA
Comments are closed.