Ёсць у Першамайскай базавай школе куток, дзе ўсё дыхае гісторыяй, беларускай спадчынай, традыцыямі нашых продкаў. А гаспадарыць тут кіраўнік гуртка “Кудзелька”, былы выкладчык рускай і беларускай мовы С. С. Глот. У мінулым годзе Соф’я Савельеўна па асабістай ініцыятыве арганізавала для мясцовых школьнікаў заняткі па ткацтву. Перавезла сюды з дому (а жыве жанчына ў абластным цэнтры) самаробныя кросны. Займацца рамяством аказалася цікава не толькі дзяўчынкам. І хлопцы з задавальненнем садзяцца за ткацкі станок. Бачачы такі інтарэс, сёлета кіраўніцтва раённага цэнтра дзяцей і моладзі прапанавала Соф’і Савельеўне афіцыйна весці гурток на базе вышэйназванай школы.
Каб дабрацца да Якубаўшчыны, па словах маёй суразмоўцы, падымацца прыходзіцца яшчэ да свету. Потым перасадка з цягніка на аўтобус. А між тым Соф’і Савельеўне 76 гадоў. Таму першае пытанне, як на усё хапае энергіі. У адказ даведалася, што спробы асесці дома і весці звычайнае пенсіянерскае жыццё былі. Праўда, у такім выпадку пачынае падводзіць здароўе. Ціск падымаецца, пагаршаецца самаадчуванне. А як только ідзе да дзяцей, забывае пра ўсе хваробы. І малыя цягнуцца да яе.
Нарадзілася С. С. Глот у Глыбоцкім раёне. Малой з зайздрасцю назірала за мамай і старэйшымі сёстрамі, калі тыя ткалі покрыўкі.
– У два ніты на той час я ткаць ужо ўмела, – успамінае Соф’я Савельеўна. – Але покрыўкі ткаліся на чатыры, ды яшчэ з дошчачкай. Вось мяне і не пускалі за кросны. Бывала залезу, пакуль нікога няма ў хаце. Канечне, усё наблытаю. А маці потым лаецца: “Вось зноў гэтая жаба ўсё сапсавала!”.
З цягам часу ткацкую навуку дзяўчына асвоіла. І любоў да яе пранесла праз усё жыццё. Як і да беларускай мовы. У лінгвістычныс плане, скажам так, яе сям’я была незвычайнай. Маці Соф’і валодала латышскай мовай, таму што некалькі гадоў у перыяд першай сусветнай вайны пражыла на тэрыторыі Латвіі. Ведала і нямецкую, спявала на ёй песні і перакладала іх дзецям. Бацька мог гаварыць па-літоўску. А між сабой размаўлялі па-беларуску. Калі надышоў час выбіраць прафессію, дзяўчына паспрабавала паступіць на факультэт замежных моў у Мінску. Паспяхова здала экзамены, але выкліка так і не дачакалася. Каб не губляць дарма час, уладкавалася працаваць загадчыцай мясцовага Дома піянераў. А калі паехала забіраць дакументы ў інстытут, высветлілася, што была адзінай, хто здаў нямецкую мову на “выдатна”. І выклік з’явіцца на заняткі ей быў высланы, толькі вось згубіўся дзесьці па дарозе.
– Студэнткай усё ж такі я стала, але выбрала іншы факультэт – беларускай і рускай мовы, – працягвае Соф’я Савельеўна. – Вучылася завочна. У той час пісала вершы. Менавіта іх выкарыстала, калі абараняла дыпломную работу. Маім навуковым кіраўніком быў пісьменнік Дзмітрый Бугаёў, а рэцэнзентам – Ніл Гілевіч. Мне было вельмі прыемна, што такі таленавіты паэт, як Ніл Сымонавіч, высока ацаніў мае вершы, нават пацікавіўся, ці жадаю стаць прафесійнай паэткай. Адказала яму так: “Вучуся тут не з мэтай стаць паэтам, а каб прывіваць вучням любоў да роднай мовы”.
У час вучобы С. С. Глот перайшла на працу ў райкам, была адказнай за работу з моладдзю. Хутка пазнаёмілася з будучым мужам. Павел Несцеравіч таксама вырас у цікавай сям’і. У ёй было 13 дзяцей. Яго дзед – дудар – сам вырабляў музычныя інструменты. Бацька граў на скрыпцы, прычым адну з іх таксама зрабіў самастойна. Нажаль у вайну яна згарэла. Калі маладыя ажаніліся, перабраліся ў Полацк. А потым праз некаторы час Паўла Несцеравіча перавялі працаваць у абласны цэнтр. Тут і замацаваліся, атрымаўшы кватэру.
Соф’я Савельеўна добра памятае, што калі працавала ў школе і па праграме вывучалі “Новую зямлю” Якуба Коласа, дзеці сталі пытацца, а што такое красёнцы, чаўначкі. І вось тады прыйшла ідэя пазнаёміць іх з асновамі ткацкага рамяства. Па яе просьбе з фальклорнай экспедыцыі прывезлі кросны, старыя, патрапаныя. Некаторы час яны знаходзіліся ў кватэры педагога, а потым іх перавезлі ў школу. Вучням, асабліва малым, ткаць на іх было нязручна – вельмі шырокія. І тады сын, Аляксей Паўлавіч, зрабіў яшчэ адны, на две ніты. Прычым Аляксей сам па прафессіі педагог, выкладаў беларускую мову і гісторыю, але ў апошні час, як і маці, вучыць дзяцей ткацкай прамудрасці. У гімназіі № 4 горада Віцебска, дзе раней працавала наша суразмоўца, вядзе гурток “Чаўначок”.

Выкладала некалі рускую мову С. С. Глот і ў Сушчоўскай школе Віцебскага раёна. Калі дзецям не было чым заняцца, яны прыходзілі да яе, размаўлялі. Тут і з’явілася думка: відаць, трэба зрабіць яшчэ адны кросны, каб вучням быў карысны занятак. Пайшла на мясцовую пілараму, паказала эскіз, які склеіла з кардону. Па яе заяве выдзялілі піламатэрыялы. Чакала два месяцы, не вытрымала і зноў адправілася на пілараму і пачула, што зараз часу няма, трэба смецце вывозіць, дошкі складваць… Соф’я Савельеўна не разгубілася і прапанавала асабіста вывезці смецце, каб только майстры выканалі яе заказ. Узяла тачку, нагрузіла, вывезла, выкінула. Усе дошкі паскладвала. Рабочым нічога не заставалася, як выканаць яе заказ.
І няхай урокі ў Сушчоўскай школе яна ўжо не вядзе, але з дзяцьмі займацца ў гуртку працягвае. З цягам часу з’явіліся і яшчэ адны кросны, але іх перавезлі ў Бабінічы – там адкрыўся Дом рамёстваў. Цяпер Соф’я Савельеўна наведваецца і туды, вядзе заняткі па выхадных.
Сяброўства з Лёзненшчынай пачалося даўно. Яшчэ працуючы ў гімназіі, па праграме гуртка Соф’я Савельеўна павінна была пазнаёміць сваіх віцебскіх вучняў з фабрыкамі мастацтваў і льнозаводамі Прыдзвінскага краю. Экскурсію па фабрыках здзейснілі ў абласным цэнтры, а на завод вырашылі паехаць у Лёзна. Грунтоўна падрыхтаваліся: купілі караваі, выткалі рушнікі, вывучылі народныя песні.
– У нас была традыцыя спраўляць свята першай баразны. Вось і паехалі ў Лёзна, каб павіншаваць механізатараў ільнозавода. Там нас сустрэлі дырэктар і аграном прадпрыемства. Адвязлі на льняное поле, дзе мы спелі песні і ўручылі падарункі. Так склалася, што ў Якубаўшчыне жыве мая свацця. Неаднаразова прыязжала ў Лёзненскі раён, каб наведаць яе. Пазнаёмілася з выкладчыкам беларускай мовы Ірэнай Іосіфаўнай Казловай, якая паказала мне мясцовую школу. Згадзілася арганізаваць гурток і тут. Кросны, на якіх мы працуем у першамайцы, раней выносіла ў Горад майстроў на “Славянкім базары”. Да мяне падыходзілі немцы, англічане, французы… Усім давала крыху паткаць, атрымоўваліся своеасаблівыя майстар-класы.
Цікава і тое, што яшчэ працуючы у Віцебску, яна прыносіла ў школу льняное семя і раздавала яго выхаванцам. Тыя высаджвалі яго дома на градках, а па восені прыносілі снапы. Лепшы адзначаўся. За свае грошы педагог набывала падарунак пераможцу. Перанесла гэтую традыцыю жанчына і ў цяперашні гурток. Як і тое, што кожныя заняткі пачынаюцца з песні. Вось зараз малькаўскія школьнікі развучваюць “шчадроўкі”, якія пеліся на каляды і ткуць калядныя зоркі. Рыхтуюцца разам пакалядаваць. За той час, што Соф’я Савельеўна працуе ў Лёзненскім раёне, арганізавала ў Якубаўшчыне свята “Масленіца”, “Гуканне вясны”. З задавальненнем на вуліцу выйшлі не толькі вучні, але і педагогі школы.
– Хачу адзначыць, што дзе б ні працавала, усюды пануе вельмі цёплая, добразычлівая атмасфера. І дзеці з задавальненнем наведваюць гурткі, і педагогі праяўляюць цікаўнасць, калі трэба, дапамагаюць.
А ў бліжэйшых планах – адкрыццё музею Лёну і Саломкі ў ДУ «Культурна-гістарычны комплекс «Залатое кальцо горада Віцебска «Дзвіна». Перанясці яго сюды плануецца з гімназіі № 4. У музеі знаходзяцца чатыры ткацкія станкі, прылада для трапання, навівання лёну, ткацкія вырабы. Немалаважна, што ўсе задумкі падтрымлівае муж.
– Ён нават не крыўдзіцца, калі замест смажання катлет, збіраюся на чарговыя заняткі – жартуе Соф’я Савельеўна. – Разумее, што галоўнае ў жыцці, калі маешь магчымасць займацца любімай справай. Толькі ў такім выпадку і можна стаць шчаслівым.
Юлія ПАХОЛКІНА.
