У СШ № 1 г.п. Лёзна 37-ы год нязменна працуе настаўніцай замежнай мовы Т. Я. Собалева. Вынікамі педагагічнай дзейнасці Тамары Яўгенаўны задаволены адміністрацыя ўстановы адукацыі, вучні, іх бацькі. Славесны партрэт асобы педагога і чалавека сумесна стваралі дырэктар школы І. І. Апет і яе намеснікі Н. Б. Гурчанка, Ж. І. Пчолкіна, Р. М. Хаванская. Шмат добрых слоў пачула я ад калег у адрас Тамары Яўгенаўны. Яе цэняць за высокую адказнасць да справы, уменне знайсці падыход да любога чалавека, прымаць і адчуваць сваіх вучняў з іх інтарэсамі, запытамі і праблемамі.
Па словах дырэктара, Т. Я. Собалева вельмі сціплы і ўраўнаважаны чалавек, старанны работнік, працаваць з якім адно задавальненне. На яе можна ўскласці любыя абавязкі з упэўненасцю, што справіцца, не падвядзе. Дакументацыю заўсёды афармляе на выдатна. Назапашаны дзесяцігоддзямі вопыт перадае маладым настаўнікам, актыўна выступае на пасяджэннях раённых метадычных аб’яднанняў. Другі год на платнай аснове вядзе гурток па падрыхтоўцы старшакласнікаў да цэнтралізаванага тэсціравання па англійскай мове. Вышэйшая ацэнка працы настаўніцы – гэта ўдзячнасць выпускнікоў за веды, якія дазваляюць вучыцца далей і быць паспяховымі. Многія рабяты пад уплывам настаўніцы і з багажом ведаў, які яна перадала ім, скончылі або яшчэ вучацца ў лінгвістычным універсітэце.
– Для Тамары Яўгенаўны характэрна пастаянна рухацца наперад, – расказала Ж. І. Пчолкіна. – Яна заўсёды ў пошуку новага, займаецца самаадукацыяй. Адной з першых авалодала камп’ютарам і пачала працаваць з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Вучні яе кожны год займаюць прызавыя месцы ў раённых алімпіядах, удзельнічаюць і ў абласных. Сёлета настаўніца выкладае прадмет на павышаным узроўні.
А Н. Б. Гурчанка дадала, што зараз Тамара Яўгенаўна рыхтуе вучняў да ўдзелу ў чарговым фестывалі міжкультурных камунікацый, дзе яны звычайна становяцца прызёрамі. На гэты раз выступяць у намінацыі “Прэс-цэнтр” з газетай “Незвычайныя хобі”. Р. М. Хаванская ўспомніла, як прыемна было працаваць з Т. Я. Собалевай, калі тая выконвала абавязкі класнага кіраўніка. Прынцыповая, строгая і пры гэтым ў душы добры чалавек, які любіць дзяцей. З такімі педагогамі мець справу надзейна і спакойна.
Высокія балы вучняў у прадметных алімпіядах, выпускнікоў на цэнтралізаваным тэсціраванні, паступленні ў вну – сведчанне плённай працы таленавітага настаўніка. Аб тым, як ішла да педагагічнага майстэрства, і сціпла крыху пра сябе расказала сама Тамара Яўгенаўна. Мяккі, прыемны голас маёй суразмоўцы адразу зрабіў уражанне, што ў жанчыны не што іншае, як прызванне да працы з дзецьмі, да настаўніцкай прафесіі.
У сям’і Селязнёвых з Зубкоў, дзе расла Тамара, настаўнікаў да яе не было. Пакаленні продкаў, наколькі ёй вядома, працавалі на зямлі.
– А вось у бабулі, простай вясковай жанчыны, – заўважыла Тамара Яўгенаўна, – была ўнутраная культура, асаблівая цяга да пазнання. Яна чытала кнігі. Калі бывалі з ёю ў Віцебску, то наведвалі драмтэатр. Аднойчы ездзілі ў госці ў Маскву. Не памятаю, каб бабуля там доўга хадзіла па магазінах, а старалася звадзіць нас на выстаўку, у музей, паглядзець іншыя славутасці. Можа таму я і малодшы брат Валодзя ў школьныя гады шмат ведалі і добра вучыліся. Брат, дарэчы, стаў настаўнікам-біёлагам. А я любіла замежную мову, якую выкладала ў нас Зінаіда Паўлаўна Харчанка. Як старанная вучаніца, я шмат брала з урокаў ды яшчэ самастойна чытала дадатковую літаратуру. І прадмет мне лёгка даваўся. У 1974 годзе пасля заканчэння Лёзненскай сярэдняй школы № 1 паступіла ў Мінскі інстытут замежных моў.
Яшчэ студэнткай Тамара Яўгенаўна выйшла замуж, таму дыплом атрымала свабодны і прыехала ў Лёзненскі раён. На той час яна ўжо мела малое дзіця, і каб застацца працаваць у гарпасёлку, выйшла на працу, калі сыночку споўнілася толькі паўгода. Гэта было ў 1979-м. З той пары яна працуе на адным месцы. Першыя два гады выкладала нямецкую мову, а затым увесь час англійскую.
– Галоўным у выкладанні лічу, – гаворыць настаўніца, – зацікавіць вучняў разнастайнымі формамі заняткаў. Надаю шмат увагі развіццю навыкаў свабоднага маўлення. З кожным годам адкрываюцца ўсё новыя магчымасці: лінгафонны кабінет, інтэрнет-рэсурсы і іншае. Вялікае задавальненне атрымліваю працуючы з адоранымі дзецьмі, дзе можна хутчэй убачыць вынікі сваёй дзейнасці. Поспехі ж залежаць не толькі ад намаганняў настаўніка, а больш ад саміх вучняў. Мінулагоднія выпускніцы Таццяна Цыганкова і Наталля Дзмітрыева дасягнулі сваёй мэты і паступілі ў лінгвістычны ўніверсітэт. Зараз аб гэтым жа мараць і шмат працуюць над сабой Насця Іванова і Ліза Шпырковіч. Я рада ім дапамагаць. Успамінаю, як сама ішла да прафесіі.
Т. Я. Собалева адбылася ў жыцці і як жанчына-маці. Яна можа ганарыцца сваімі двума сынамі. Старэйшы Дзмітрый стаў інжынерам-праекціроўшчыкам, працуе і жыве ў Віцебску. Аляксандр застаўся ў Лёзне, ён індывідуальны прадпрымальнік у сферы будаўніцтва. Абодва маюць сем’і. У Тамары Яўгенаўны тры ўнучкі і адзін унук. Шчаслівая маці, бабуля, выдатная гаспадыня. Шчыруе на сваёй дачы ў Зубках, вырошчвае там агародніну, кветкі. Душа гэтай добрай і мудрай жанчыны заўсёды адкрыта для іншых людзей. За парадай і дапамогай ідуць да яе калегі, знаёмыя і былыя вучні.
Таццяна ІГНАЦЕНКА

1 комментарий
НИЗКИЙ ВАМ ПОКЛОН!!!!!!!!!super teacher would be more such!!!!!!!!!!спасибо за то что вы ещё учите !!!столько учеников могут выучить английский язык!!!!!!СПАСИБО ОТ ДУШИ РЕСПЕКТ И УВАЖУХА!!!!!!!!!!!