Чалавечае жыццё – нібыта ільняное палатно. Чыстае, бялюткае, доўгае. Які арнамент будзе вышыты на ім, залежыць ад чалавека ды яшчэ ад акалічнасцей лёсу.
Чароўныя ўзоры падоранага Богам таленту, дабрыні, самаадданай працы і славы перапляліся з элементамі выпрабаванняў на палатне лёсу нашай знакамітай зямлячкі Тамары Дзмітрыеўны Дзядковай. Маленькай дзяўчынкай яна разам з сяброўкамі выбягала на заліты першымі прамянямі ўзыходзячага сонца луг і рассцілала свежавытканае ільняное палатно на роснай траве. Вечарам забірала, а назаўтра паўтарала зноў. Каб дабіцца белага колеру тканіны, патрабавалася сем дзён. Затым маці Лукер’я Сямёнаўна шыла мужчынскую і жаночую бялізну, вышывала рушнікі. Вельмі прыемна, распарыўшыся ў гарачай лазні, выцірацца рушніком, які мае асаблівасць утрымліваць прахалоду.
Матчын рушнік, вышыты ў далёкім 1907 годзе, разам з кашуляй ды саматканай спадніцай да сённяшніх дзён беражліва захоўваецца ў доме Тамары Дзмітрыеўны. Рушнік яшчэ адыграе знакавую ролю ў жыцці жанчыны, але аб гэтым трошкі пазней.
А пакуль звернемся да сімвалу дарогі. Гэта не проста вузкая сцяжынка або шырокая шаша. Гэта жыццёвы шлях, яго накірунак у будучыню. У вёсцы Кісялёўка Касцюковіцкага раёну Магілёўская вобласці, дзе нарадзілася гераіня публікацыі, пясчаная дарога была месцам бесклапотных гульняў дзятвы і першай сустрэчы з сапраўдным горам – нямецкія танкі заставілі разбегчыся напалоханых хлопчыкаў і дзяўчынак у розныя бакі і зруйнавалі цяжкімі гусеніцамі пабудваныя імі пясчаныя гарады ды свежаспечаныя “піражкі”. Па гэтай дарозе сярод ночы ў акупіраваную ворагам вёску прыйшлі чатыры таварышы-партызаны з камандзірам Яроміным і папрасілі ратунку ў Дзмітрыя Трафімавіча Анціпенкі – бацькі Тамары Дзмітрыеўны. Добра ўсведамляючы небяспеку, гаспадар – былы марак Балтыйскага флоту – рызыкуючы жыццём жонкі і семярых дзяцей, схаваў партызан у пуні. Цёмнымі вечарамі запрашаў у хату пагрэцца. Госці з’явіліся аднымі з першых прыхільнікаў спеваў малых сясцёр Тамары, Евы і Раі Анціпенак. Па гэтай жа дарозе завіталі неяк уначы і бандыты. Разварушылі ўсю хату і забралі схаваную пад печкай бацькаву марацкую форму ды шынель, з якіх маці збіралася пашыць дзецям вопратку.
Гэтая дарога праз лес і рэчку вадзіла пасля вайны мясцовую дзятву ў суседнюю вёску ў школу. Па глыбокіх сумётах у высокіх валёнках, як правадыр, пракладала сцяжынку Тамара. За ёю гурбою ступалі сябры. Шмат гадоў пасля, калі шлях прывядзе Тамару Дзмітрыеўну ў Лёзна, яна так сама будзе весці за сабою і дзяцей, і дарослых, весці да вытокаў духоўнай спадчыны нашага народа. Шмат цяжкасцяў будзе на гэтым шляху. Але ўсе выпрабаванні здолее перанесці моцная духам жанчына. У маленстве ёй удалося выбрацца з-пад лёду, куды нечакана правалілася, давялося вяртацца у мокрай вопратцы па марозу, адагравацца на пячы. Маці паіла дачку гарачым чаем. Цеплыня бацькоўскай хаты і матчынай спагады будзе саграваць душу Тамары на працягу ўсяго жыцця. Менавіта маці далучыла дачок да жыватворнай крыніцы народнай творчасці. Брала іх з сабою на пасядзелкі, калі вясковыя жанчыны збіраліся ў хаце, ткалі, пралі, вышывалі пры лучыне ды спявалі народныя песні. Дзеці, седзячы на печы, прагна слухалі спевы і назіралі, як спрытна спраўляюцца гаспадыні з самапралкамі ды з прасніцамі. Вобраз апошняй з’явіўся чарговым сімвалам на палатне лёсу Тамары Дзмітрыеўны.
Год ішоў за годам. Тамара скончыла сем класаў. У восьмы, дзявяты і дзясяты класы Касцюковіцкай школы даводзілася хадзіць сем кілометраў пешшу праз лес, ды яшчэ басанож, бо берагла туфлі і абувала іх толькі дабраўшыся да горада. У няблізкі шлях дачку праваджала Лукер’я Сямёнаўна. Па вечарах сустракала яе. Усё змянілася, калі маці памерла. Тамара засталася ўдваіх з бацькам. Брат Пётр не вярнуўся з вайны. Старэйшыя дзеці жылі самастойна і далёка ад роднай вёскі. Раніцай Тамара тапіла печ, даіла карову, часам брала з сабою бульбяны праснак і адпраўлялася адна ў шлях да ведаў. Зімой кватаравала ў Касцюковічах. З вясны да позняй восені жала, стагавала, малаціла. Вернай спадарожніцай падчас любой працы заставалася песня. Яна ратавала ад усіх нягод, надавала моцы, акрыляла.
Пасля заканчэння школы дзяўчына намеравалася стаць фармацэўтам, але лёс распарадзіўся іначай, аб чым Тамара Дзмітрыеўна ніколькі не шкадуе. З 1955 па 1957 гады яна вучылася на аддзяленні харавога дырыжыравання ў Магілёўскім культасветвучылішчы. 1 красавіка 1957 года жыццёвая дарога назаўжды прывяла жанчыну ў гарадскі пасёлак Лёзна. Толькі-толькі пачыналася вясна, сыходзіў снег, вуліцы былі запоўнены талай вадою. Адраджалася ад зімовага сну прырода. Пачыналася новае жыццё і ў Тамары Дзмітрыеўны, непарыўна звязанае з адраджэннем народнай спадчыны Лёзненскага краю.
За 48 гадоў плённай працы на ніве культурнай і педагагічнай дзейнасці Тамара Дзмітрыеўна дасягнула пэўных вышынь. Цяжка пералічыць усе узнагароды, узгадаць шматлікія граматы і падзякі. Частка з іх захоўваецца ў мясцовым краязнаўчым музеі, частка – у хатнім архіве. Адзначым самыя значныя з іх. “Выдатнік народнай адукацыі БССР”, “Выдатнік народнай асветы СССР”, узнагароджана медалём “За духоўнае адраджэнне”, лаўрэат Усесаюзнага агляду самадзейнай народнай творчасці, прысвечанай 40-годдзю Вялікай Перамогі, лаўрэат першага рэспубліканскага фестывалю “Беларусь – мая песня”, аўтар фальклорнага зборніка “Залацінкі народнай мудрасці”, стваральніца і кіраўнік ансамбля “Прасніца” і народнага хору народнай песні.
Дуэт Тамары Дзядковай і Валянціны Альхоўскай увайшоў у гісторыю беларускай культуры. Песня “Рушнікі” самадзейнага кампазітара Мікалая Пятрэнкі на словы Веры Вярбы ўпершыню прагучала ў іх выкананні на Беларускім радыё і атрымала ўсенародную славу. Праз некалькі гадоў “Рушнікі” аздобілі рэпертуар мулявінскіх “Песняроў”.
Сакрэт поспехаў мастацкага кіраўніка Дома культуры, а затым метадыста і кіраўніка Дома піянераў хаваецца не толькі ў таленце Тамары Дзмітрыеўны, яе энтузіязме, але і ў цяжкай штодзённай працы як яе самой, так і калег і аднадумцаў Л.І. Бондаравай, Н.Я. Рохлікавай, Т.П. Алейнікавай, Г.П. Сухаруцкай, Р.А. Траяноўскага. Разам з Т.Л. Дрылёнак ладзілі кастры сяброўства і сустрэчы з ветэранамі Лёзненскага і памежных раёнаў Расіі. Даводзілася рэпеціраваць, выступаць з канцэртамі па ўсёй Лёзненшчыне, у Віцебску і Мінску, Смаленскай вобласці, спяваць і танцаваць не толькі на сцэнах, але і ў полі, ездзіць з дзецьмі ў Польшчу і Германію. Народны хор пад кіраўніцтвам Т.Д. Дзядковай складаўся з 42 чалавек. Многія ўдзельніцы мастацкай самадзейнасці працавалі даяркамі, і Тамара Дзмітрыеўна часта ўласнаручна дапамагала ім на дойцы, каб хутчэй справіцца з працай і каб больш часу засталося на рэпетыцыю. На канцэрты даводзілася дабірацца на трактары, на кані, у крытай будцы, пешшу. Але на нязручнасці працы ніхіто не звяртаў увагі. Усе артысты былі аб’яднаны адной апантанай справай – прагай далучыцца да народнай культуры і данесці яе людзям. Нягледзячы на тое, што праца і грамадскія справы патрабавалі шмат часу і энергіі, Т.Д. Дзядкова паспяхова займалася выхаваннем уласных дзяцей. Зараз сын Уладзімір Міхайлавіч і дачка Галіна Міхайлаўна з’яўляюцца надзейнай апорай для любай матулі. На радасць родным гадуюцца трое ўнукаў і чацвёра праўнукаў.
15 студзеня Тамара Дзмітрыеўна адзначыла 85-гадовы юбілей. 65 гадоў яна не разлучаецца з песняй. Нягледзячы на ўзрост, наша гераіня захавала ранейшую бадзёрасць, жыццярадаснасць, любоў да людзей. Яе мілагучны голас і сёння можна пачуць на выступленнях хору народнага клуба ”Ветэран”. Кіраўнік клуба В.М. Вяршыніна сумесна з раённым Цэнтрам культуры падрыхтавала святочнае марапрыемства “Пионерская зорька судьбы”, якое адбылося ў дзень нараджэння Тамары Дзмітрыеўны ў будынку дзіцячай школы мастацтваў. Юбіляр прымала віншаванні і найлепшыя пажаданні ад прадстаўнікоў улады, адукацыі, культуры нашага раёну. Упэўнены, што талент нашай няўрымслівай зямлячкі і надалей будзе радаваць шматлікіх прыхільнікаў яе творчасці, а на рушніку яе жыцця будуць дабаўляцца новыя прыгожыя ўзоры.
Вольга Пінчук.