Пад такой назвай 24 верасня ў Лёзненскім ваенна-гістарычным музеі адбылося адкрыццё выставачнага праекта па інсітнаму мастацтву, прысвечанага 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Праект падрыхтаваны Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і Віцебскім абласным краязнаўчым музеем.
Выстава «Погляд мастака» адкрывае нам усю разнастайнасць наіўнага мастацтва, глыбіню поглядаў на жыццё і навакольны свет мастакоў-аматараў.
Ваенна-гістарычны музей ужо не першы раз знаёміць наведвальнікаў з творчасцю самабытных мастакоў Віцебшчыны. І кожная новая выстава запамінаецца сваімі творамі і тэматыкай.
Наша Лёзненская зямля багатая на самабытныя таленты ў розных напрамках мастацтва. На базе раённага Дома рамёстваў працуе народная студыя майстроў народных мастацкіх рамёстваў «Крыніцы» пад кіраўніцтвам Алены Жук. Працы лёзненскіх мастакоў-аматараў рэгулярна прымаюць удзел у выставах наіўнага мастацтва, не стала выключэннем і выстава «Погляд мастака». Сярод мастацкіх твораў можна пабачыць карціны Тамары Седневай, Віктара Яршова, Алены Бахмацкай, Жаны Ільюшкінай. Некаторыя з іх завіталі на адкрыццё выставы, пад час якога распавялі пра свае творы і іх гісторыю.
Героямі карцін «Красавік сорак чацвертага…» і «Май сорак пятага…» Тамары Седневай сталі дзядзька Леанід і ветэран-франтавік Пётр Афансьевіч Купцоў. Родны дзядька мастачкі быў партызанам-падрыўніком, які загінуў ў Цвярской вобласці. Яго адвазе і мужнасці Тамара Аляксандраўна прысвяціла не толькі карціну, але і верш, які зачытала падчас адкрыцця выставы. Ветэран Пётр Афанасьевіч Купцоў жыў на адной з мастачкай вуліцай пад вельмі сімвалічнай назвай – вуліца Перамогі. Усе ведалі ветэрана як добрага гаспадара, слаўнага пчаляра, чалавека з адкрытай душой, які ніколі не адмаўляў у дапамозе і якога любілі ўсе суседзі. Тамара Аляксандраўна прыйшла на адкрыццё выставы з новай карцінай пад назвай «Кацюша. Перамога», якую яна перадала ў фонды музея.
Алена Бахмацкая падзялілася гісторыяй стварэння карціны «Калі скончылася вайна», якая ў свой час была таксама перададзена ў фонды музея. У цэнтры сюжэта – сустрэча дзяўчыны і салдата, які вярнуўся з вайны калекай без адной рукі. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, маладых чакае светлая будучыня. А вось лёс дзяўчыны ў вершы ўласнага складання ад Алены Бахмацкай склаўся, насупраць, трагічна – яе каханы не вярнуўся з вайны.
Завіталі на адкрыццё выставы і ўдзельнікі народнай студыі мастакоў-аматараў «Контур» Культурна-гістарычнага комплекса «Залатое кола г. Віцебска «Дзвіна» мастачкі-аматаркі Святлана Карпейчык і Антаніна Маісеева на чале з кіраўніком Анастасіяй Мядзведзевай, якія таксама распавялі пра свае творы.
Разглядаючы карціны падчас гутаркі з мастакамі, стала зразумела духоўная вартасць інсітнага мастацтва, якая вызначаецца сувяззю творцы з жыццёвымі абставінамі, прымацаванасцю творчасці да роднага краю з усімі яго рэаліямі. Менавіта гэта і збліжае гледача за аўтарам і яго творамі.
© Авторское право «Сцяг перамогі». Гиперссылка на источник обязательна.
Аўтар: Сняжана МАКРАВУСАВА, стрэйшы навуковы супрацоўнік Лёзненскага ваенна-гістарычнага музея. На фота: Алена Жук, Зінаіда Малахава і Інэса Самусенка абмяркоўваюць работы мастакоў.