Свінагадоўля, па меркаваннях многіх, – справа вельмі затратная, таму ўсё менш і менш парсючкоў на вясковых падворках. І сапраўды, калі падлічыць, колькі патрэбна зерня, мукі, камбікармоў, каб пракарміць таго кабанчыка і атрымаць, дамашняе, мяккае з добра прасмаленай скуркай, сала, зразумееш – людзі маюць рацыю. Тым больш, што збыць па рэальнай цане такую прадукцыю практычна немагчыма. Але тыя, хто вырашыў усе-такі вырошчваць свіней, шукаюць самыя аптымальныя шляхі да ўдачы і прыбытку. Найпершы з іх – гэта правільны выбар пароды. Іх на сённяшні дзень шмат выведзена селекцыянерамі. Найбольш распаўсюджаны ў нашых мясцінах вялікія белыя, сярод лідараў і ландрасы.Славяцца яны шматплоднасцю(11-12 парсючкоў), таксама добрымі прывагамі – па 800-900 г за суткі. Хаця адносяцца да беконных парод, але калі карміць іх звычайным метадам (бульба + мука), то пласт мяса будзе значна танейшы, і атрымаецца
ў асноўным сала. Хтосьці скажа, што і так нядрэнна. Пагадзімся.
Апошнім часам пачалі прыцягваць увагу прадстаўнікі больш рэдкіх парод, такія як п’етрэн (мускулісты, цеплалюбівы), мангаліца (марозастойкі, з высокім імунітэтам). І, бадай, найбольшая цікаўнасць да надзвычай прыгожых дзюркоў афарбоўкай ад залаціста-жоўтага да цёмна-чырвонага адценняў. Гэта буйная парода мяснога накірунку. Даўжыня тулава да 180 см, жывая вага ў сярэднім дарослай свінні 240-300 кг, кныра – 300-360 кг.
Справа ў тым, што ад гэтых свіней можна атрымаць таксама чырвонае мяса, якое лічыцца мармуровым, калі ў ім утрымліваецца пэўная колькасць унутрымышачнага тлушчу. Толькі ў ахалоджаным стане можна бачыць характэрныя для “мурмару” пражылкі. На свінакомплексах такога мяса не вырасціць, бо патрэбны асаблівыя ўмовы: адпаведнае харчаванне, асяроддзе, умераны або рэдкі выгул жывёл. Сукупнасць гэтых фактараў дазваляе атрымаць на выхадзе прадукт, смакавыя якасці якога высока ацанілі сучасныя гурманы.
Высокі кошт на мармуровую свініну абумоўлены ўсім пералічаным, таксама як і на іншыя віды мармуровага мяса (гавядзіну, бараніну). У мясе такіх свіней шмат жалеза, цынку, амінакіслот, іншых рэчываў, якія дапамагаюць у барацьбе з ракавымі клеткамі. А яшчэ амаль няма халестэрыну. Пакаштаваць яго можна толькі ў элітных рэстаранах, на рынках не знойдзеш. Але можна заказаць праз інтэрнэт ці напрамую ў вытворцаў.
Насамрэч, дзюрок – адна з самых распаўсюджаных у свеце парод. Гэта пацвярджае яе пэўныя перавагі. Дзюркі былі выведзены з мэтай хуткага росту і атрымання максімальнай колькасці мяса, а ў меншай меры сала. За 170-180 дзён звычайна парсюкі набіраюць 100 кг жывой вагі. Аснову рацыёну складае бялок. Навукоўцы рэкамендуюць выкарыстоўваць на корм парсючкам бабовыя, гародніну, харчовыя адходы, у тым ліку малочныя. Гэта парода лепш расце на сочных кармах, таму раяць як мага памяншаць у рацыёне зерневыя культуры, якія спрыяюць утварэнню сала і зніжэнню якасці мяса.
Абапіраючыся на трохгадовы асабісты вопыт, хачу сказаць, што ў нашых умовах трымаць чыстапародных дзюркоў для адкорму выгадна, і дабіцца вышэйназваных прываг рэальна. Асабліва калі на падворку ёсць карова ці козы, і дастаткова можна даць малака, прадуктаў яго перапрацоўкі. Да таго ж, не вельмі складана вырошчваць на долю свіней бульбу, буракі, моркву, гарбузы. Галоўнае не ленавацца і ўлетку даваць удосталь травы, а на зіму нарыхтаваць для іх сена. Праца гаспадара абавязкова акупіцца, і вынікі парадуюць: мармуровае дэлікатэснае мяса будзе на вашым стале.
Калі ж захочацца заняцца развядзеннем парасят, найбольш выгадны варыянт – пакрыць чыстакроўным дзюрком свінаматку парод ландрас ці буйная белая, якія больш пладавітыя. Патомства будзе мець прыкметы абодвух парод і выдатна пакажа выдатныя рэзультаты росту. Магу гэта сцвярджаць, бо таксама праверана на практыцы. Так што, паважаныя прыхільнікі сельскагаспадарчай справы, смела спрабуйце, працуйце, і ў вас усё атрымаецца.
Таццяна ІГНАЦЕНКА
Чытаючы ў інтэрнэце гісторыі пра беларускіх фермераў, у каментарыях натыкнуліся на размову, дзе можна набыць чыстых дзюркоў. Людзі шкадавалі, што зрабіць гэта вельмі цяжка, нягледзячы на іх нятанны кошт. Усплыла спачатку Мінская вобласць, праўда, ніхто не памятаваў, дзе менавіта. І тут раз – канкрэтны адрас! Віцебская вобласць, Лёзненскі раён, аг. Бабінавічы. Падумалі, што магчыма размова ідзе аб нашай даўняй знаёмай – Валянціне Абжэльцене. Жанчыне, якая вядзе вялікую хатнюю гаспадарку. Патэлефанавалі ёй. І сапраўды, на сённяшні дзень у Валянціцы Уладзіміраўны можна набыць маладняк дзюркоў, а таксама ландрасаў, п’етрэнаў, буйной белай і паўночна-каўказскай парод. Тэлефон +375-33-654-85-57.