Старэйшая жыхарка аграгарадка Стасева Алена Асаф’еўна Красаўцава летась адзначыла 96-годдзе. Для шаноўнага ўзросту жанчына пачувае сябе адносна добра. Нават не пакідае распачатую ў 1964 годзе аматарскую пісьменніцкую дзейнасць.Справа ў тым, што кабета ўвесь гэты час вядзе дзённікі. 1 студзеня пачынае з новага сшытка. За 58 гадоў назбіраўся цэлы стос «тамоў». Паколькі мая суразмоўца чалавек вясковы, яе ў першую чаргу цікавяць земляробчыя клопаты. Таму часцей за іншыя з’яўляюцца запісы, што і калі было пасаджана на градках. Раней – асабістымі рукамі. Цяпер – адзіным сынам Аляксандрам, які шмат гадоў аддаў службе ў Лёзненскім РАУС.
– Запісваю звычайныя надзённыя справы, якое трымалася надвор’е, асабістыя перажыванні, – дзеліцца бабуля.
Аднак самыя яркія ўспаміны датычацца часоў апошняй вайны.Трымаюцца яны ў душы моцна. Нават калі б захацелася – сцерці не ўдасца. Ахвотна распавядае пра далёкія незабыўныя часы мясцовым супрацоўнікам культуры, гасцям з сельскага Савету. У чарговы раз агучвае сваю гісторыю карэспандэнту «раёнкі»:
– Да 1939 года жылі мы ў вёсцы Буры. Цяпер яна ў спісах населеных пунктаў раёна ўжо не значыцца. Маці, Фядора Несціфораўна,бацька, Асафій Яфімавіч, ды малодшыя сёстры Феадосія і Ефрасіння. Бацькі былі звычайныя сяляне, жылі з працы ўласных рук. Трымалі гаспадарку ды шнур зямлі. За два гады да вайны перасяліліся ў Стасева. Уступілі ў калгас «Працаўнік». Бацьку было ўжо за семдзесят. Маці была маладзейшая на 15 гадоў. У дзень, калі пачалася вайна, ён пасвіў калгасных коней. Мы, дзеці, жудасную вестку пачулі раней за яго. Хоць слова «вайна» было нам вядомым, але што за ім хаваецца, ніхто з дзятвы добра не ўсведамляў.
Але вельмі хутка і малыя, і дарослыя добра адчулі на сабе ўвесь яе трагічны сэнс. У чэрвені 1941-га Алена скончыла Стасеўскую сямігодку. Аднак выпускны вечар наладзіць тут не паспелі. Літаральна праз некалькі дзён пасля пачатку вайны школа была занята немцамі. Выпускнікі нават не паспелі атрымаць пасведчанні аб адукацыі. Брудныя варожыя рукі выкінулі ўсе школьныя дакументы на сметнік. Алена парывалася схадзіць пашукаць свой атэстат. Ды паслухала матчына папярэджанне аб тым, што папера нявартая, каб дзеля яе рызыкаваць жыццём.
Мясцовыя мужчыны прызыўнога ўзросту адправіліся ваяваць. Праважалі іх усёй вёскай. Відовішча было журботнае. Плакалі жанчыны, плакалі малыя, адчуваючы, магчыма, у апошні раз цяпло моцных бацькоўскіх рук…
Да 1943 года стасеўцы знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. Няпрошаныя госці без дазволу гаспадарылі ў хлявах, забіралі яйкі ды сала. А бацькам хацелася дапамагчы прадуктамі партызанам. Пад покрывам начной цемры народныя мсціўцы прыходзілі да хаты Асафія, і ён дзяліўся апошнім, добра ўсведамляючы, што такая добразычлівасць можа абярнуцца для сям’і трагедыяй. Але інакш ён паступіць не мог, не меў на тое маральнага права…
Аднойчы вёску абляцела страшная навіна – фашысты выказалі намер усіх сямнаццацігадовых падлеткаў адправіць у Германію. Гераіня нашага аповеду якраз падыходзіла пад патрэбны ўзрост. Хлопцаў і дзяўчат з усяго раёна сабралі ў Лёзненскай школе, а затым завезлі ў Віцебск. Тут таксама размясцілі ў школе і папярэдзілі, што сям’я таго, хто паспрабуе ўцячы, будзе расстраляна. Гэтых слоў было дастаткова, каб ніхто не дапусціў і думкі пра ўцёкі. Праз некалькі дзён, калі была сабрана молодзь з бліжэйшых сельсаветаў вобласці, падлеткаў адправілі на чыгуначны вакзал і пагрузілі на таварны цягнік. Састаў ужо крануўся з месца, як Алена заўважыла праз маленечкае акенца бацьку. Ён паспеў сказаць, што пешшу дабіраўся да Віцебска, каб прынесці дачцэ пакуначак з ежай ды яшчэ раз пабачыцца. Потым выцягнуў з кішэні яшчэ адзін маленькі скрутак, працягнуў са словамі: «А гэта я браў сабе ў дарогу, ды не з’еў, пакінуў табе…». Разам з Асафіем на пероне стаяў бацька сяброўкі Стэфаніды, які пераадолеў немалую адлегласць з такім жа намерам.
У дарозе, якая цягнулася некалькі сутак праз усю Беларусь ды Польшчу, падняволеных вандроўнікаў карміць не збіраліся. Таму бацькава перадача была адзінай ежай. У дарозе здарыўся выпадак, які Алена Асаф’еўна ўзгадвае са скрухай у сэрцы.
– Ехалі па крутым схіле, як раптам пачулі два выбухі. І тут жа заўважылі, як пад адхон пакаціліся два хлопцы. Што здарылася, загінулі яны ці засталіся жывымі, ніхто так і не даведаўся. Ды толькі жудасная карціна да гэтага часу стаіць перад вачыма…
Зняволеных прывезлі ў адзін з канцлагераў у Кёнігсбергу. За калючым дротам трохмятровай вышыні, пад пастаянным прыцэлам аўтаматаў і аховай аўчаркамі, у холадзе і голадзе Алена правяла месяц. Але самай страшнай ганьбой дзяўчына палічыла тое, што ёй адрэзалі доўгія густыя косы – зняславілі дзявочую прыгажосць. Мая суразмоўца і сёння, калі мода значна змянілася, упэўнена – сапраўдная жаноцкасць без сукенкі і доўгіх валасоў абысціся не можа.
Невядома, ці выжыла б Алена ў канцлагеры, але аднойчы групу маладых людзей пагрузілі ў аўтобус і павезлі ў невядомым кірунку. Высветлілася, што кожнага з іх чакае праца ў новых «гаспадароў». Хтосьці трапіў да памешчыка-баўэра. Алену да сябе забраў гер Мэртэнс – настаўнік пачатковай школы з горада Кёслін. Ён разам са сваёй фрау займаў другі паверх будынка школы. Адзін з пакояў адвялі для прыслугі. Дзяўчына павінна была тапіць печку ў школе, даглядаць за каровай і свіннямі, выконваць іншыя гаспадарчыя абавязкі.
У той час, калі дзяўчына з Віцебшчыны працавала на нямецкага настаўніка, яго сын па дзіўнаму супадзенню ваяваў менавіта ў Віцебску. Маці варожага салдата ўсё ж мела ў сэрцы спачуванне да няшчаснай вязніцы, таму прапанавала напісаць дадому ліст. Фрау занесла яго на пошту разам са сваім да любага сыночка, які са зброяй у руках заваёўваў чужую краіну. Якім жа было шчасце, калі праз пэўны час Алена атрымала адказ ад бацькоў! Як радавалася, што родныя жывыя! Гэтая думка надавала моцы і суцяшала сэрца. Не ведала дзяўчына, што хутка яе сям’я таксама трапіць у Германію, а яна разам з Мэртэнсам – на будаўніцтва супрацьтанкавых равоў.
Вайна набліжалася да заканчэння. Гэта добра разумелі і немцы, і вязні, вымушаныя на іх працаваць. Першых гэта засмучала, другім – надавала надзею на хуткае вяртанне дадому. Усё часцей у наваколлях Кёсліна чуліся выбухі. Усё часцей гаспадары школы і вучні (заняткі не спыняліся, нягледзячы на баявыя дзеянні) хаваліся ў падвале. Аднойчы раніцай прама насупраць акенца падвала спыніўся савецкі танк. Перапалоханая фрау скамандавала Алене падняцца па лесвіцы, каб высветліць абстаноўку. Танкісты-чырвонаармейцы параілі неадкладна пакінуць школу, бо ў хуткім часе павінен быў адбыцца бой. Трэба сказаць, што па суседству ў іншых нямецкіх сем’ях на правах прыслугі жылі такія ж хлопцы і дзяўчаты з Беларусі. Яны хуценька схапілі аднаго з гаспадарскіх коней, запрэглі ў крытую фурманку, засцялілі дыванамі, забралі дзяўчат і паехалі. Па дарозе пакрыквалі, каб дзеўкі не высоўвалі носу.
Сябры па няшчасцю прыбіліся да землякоў ужо ў Польшчы. На Радзіму дабіраліся разам, пешшу, збіраючы на шляху кароў, якія разбрыліся па лясах ды палях. Пакуль дайшлі да Бабруйска, назбіралі 250 галоў. Тут Алена пакінула таварышаў і накіравалася ў Стасева. На родную зямельку ступіла ў жніўні 1945 года. Вялікім шчасцем было пабачыць бацькоў і сясцёр, якія вярнуліся з няволі раней за яе, а таксама уцалелую хату. Аказалася, што ў ёй некаторы час размяшчаўся медыцынскі пункт для параненых.
Пасля вайны Алена Асаф’еўна працавала санітаркай у медыцынскім пунце на заводзе Імя Кірава, пасля – на аднаўленні шашы, якая вяла да Віцебска, учотчыцай на МТС у Высачанах. Тут пазнаёмілася з будучым мужам. На жаль, сямейнае жыццё не склалася. Але затое ёсць сын – надзейная апора на ўсё жыццё. Доўгі час жанчына рабіла звеннявой у льнаводчай брыгадзе калгаса «Праўда». Мае медаль за высокія паказчыкі ў льнаводстве, які атрымала на ВДНГ у Маскве.
Зараз Алена Асаф’еўна з поўным правам адпачывае ва ўласнай сядзібе, якую з ранняй вясны да позняй восені ўпрыгожваюць вяргіні, цюльпаны ды півоні. Аздабляе ўчастак кветкамі Аляксандр, а маці, нягледзячы на ўзрост, дапамагае іх палоць. А затым робіць чарговую нататку ў дзённіку. І вельмі-вельмі спадзяецца, што ў яе запісы больш ніколі не трапіць страшнае слова «вайна».
Вольга ПІНЧУК.
Фота аўтара.