Лёзненшчына – радзіма дзесяці Герояў Сацыялістычнай Працы, пяці Герояў Савецкага Саюза, трох поўных кавалераў Славы. А яшчэ тут нарадзіліся акадэмікі Ізобаў і Якушэнка, дыпламат Смірноў, генералы міліцыі Красненка і Пукаў, аўтаканструктар Прусаў, мастак Шакінка, партыйны дзеяч БССР Шабашоў і іншыя. Але ці ўсе імёны мясцовых ураджэнцаў, якія годныя памяці землякоў, трапілі ў айчынныя даведнікі і занялі пачэснае месца ў раённай кнізе «Памяць»? Канешне ж, не…

Адкрываем для шаноўнага чытача новае імя – Уладзімір Паўлавіч Маржанкоў (28.08.1927-10.07.2005). Звестак пра яго удалося адшукаць няшмат. Таму абмяжуемся радкамі кароткага біяграфічнага артыкула. Нарадзіўся будучы герой у вёсцы Міхалінава тагачаснага Унаўскага сельсавета. У 1941 годзе скончыў шэсць класаў Веляшковіцкай няпоўнай сярэдняй школы. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны застаўся на акупіраванай немцамі тэрыторыі раёна. Пасля вызвалення роднай вёскі ў кастрычніку сорак трэцяга пачаў працоўную дзейнасць на будаўніцтве прыфрантавых дарог і аэрадромаў. Прымаў удзел у аднаўленні мясцовага льнозавода.

У снежні перадапошняга года вайны яго прызвалі ў Чырвоную Армію. Удзелу ў баявых дзеяннях на фронце прыняць не паспеў. Да сакавіка 1951 года служыў у вайсковай часці №41599 Беламорскай ваеннай акругі на тэрыторыі Мурманскай вобласці Расіі. Пасля звальнення ў запас прыехаў у горад Сталінагорск (з 1961 года – Новамаскоўск), буйны прамысловы цэнтр Маскоўскай (пазней – Тульскай) вобласці Расіі.

Спачатку працаваў слесарам-кацельшчыкам Сталінагорскага мантажнага ўчастка трэста «Саюзпраммантаж». У 1952 годзе перайшоў апаратчыкам на Сталінагорскі аніліна-фарбавы завод Міністэрства хімічнай прамысловасці СССР. Хутка зарэкамендаваў сябе перадавым рабочым. Па выніках сёмай пяцігодкі (1959-65 гг.) быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». Найбольш высокіх вытворчых паказчыкаў па выпуску хімічнай прадукцыі дабіўся ў перыяд выканання планавых заданняў восьмай пяцігодкі (1966-70 гг.).

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 20 красавіка 1971 года за выдатныя поспехі ў выкананні заданняў пяцігадовага плана, укараненне перадавых метадаў працы і дасягненне высокіх тэхнічных і вытворчых паказчыкаў Уладзіміру Паўлавічу Маржанкову было нададзена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».

У верасні 1978 года наш зямляк быў пераведзены на пасаду майстра-тэхнолага на прадпрыемстве, якое стала базавым у вытворчым аб’яднанні «Аргсінтэз». З 1985 года ён працаваў размеркавальнікам работ, а затым, да выхаду на пенсію, начальнікам турыстычнай базы ў структуры аб’яднання (цяпер – адкрытае акцынернае таварыства «Аргсінтэз»).

Імя Героя ўвекавечана на Алее Герояў Сацыялістычнай Працы на вуліцы Маскоўскай у Новамаскоўску.

Канстанцін Гайдукоў, настаўнік Выдрэйскай базавай школы.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости