Рэспубліканская акцыя «Моладзь за бяспеку» у самым разгары. Работнікі МНС разам з актывістамі маладзёжнай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных наведалі людзей «залатога ўзросту». Па ўзгадненні з тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва былі наведаны адзінокія жанчыны Тамара Паўлаўна і Валянціна Аляксандраўна, якая пражываюць у аграгарадку Адаменкі.
Так, юныя памочнікі ратавальнікаў убіралі ўраджай, падправілі агароджу, якая пакасілася, склалі дровы, замянілі батарэйку ў аўтаномным пажарным апавяшчальніку. Аднак самае галоўнае для пажылых людзей – гэта ўвага!
Тамара Паўлаўна прайшла нялёгкі працоўны шлях, яшчэ летась трымала гаспадарку, а сёлета скараціла прысядзібны ўчастак. Людзі гэтага ўзросту задаволены жыццём, таму што ім ёсць з чым параўнаць.
«Дзякуй, што прыйшлі! Мяне не забываюць: то батарэйку новую прывязуць у апавяшчальнік, то проста патэлефануюць, спытаюць пра здароўе“, – кажа пенсіянерка рабятам.
Завяршэннем сустрэчы юныя памочнікі падаравалі сэрца з лагатыпам акцыі «Моладзь за бяспеку», якая будзе нагадваць жанчынам аб цяплыні сустрэчы.
© Аўтарскае права «Сцяг перамогі». Гіперспасылка на крыніцу абавязковая.
Аўтар: Па інфармацыі Лёзненскага РАНС. Фота: Лёзненскага РАНС.