Аб тым, што ў аграгарадку Дабрамыслі жыве выдатная мастачка і майстрыха Г. І. Канцыял, ведала даўно. Неаднаразова прыходзілася бачыць яе работы на выставах падчас святаў у гарпасёлку, а таксама ў мясцовым Доме культуры. А вось сустрэцца з Галінай Іванаўнай выпала на мінулым тыдні
Мая субяседніца расказала, што ў яе з самага дзяцінства праявілася цяга да мастацтва, без якога цяпер яна не ўяўляе свайго жыцця. Мяне надзвычай уразіла кватэра жанчыны, якая нагадвае выставачную залу. У прыхожай сустракае вышыты бісерам прыгожы анёлак з пранікнёнымі вачыма. На сценах – краявіды дабрамыслінскага краю, копіі знакамітых мастакоў-перасоўшчыкаў, розныя нацюрморты, напісаныя і вышываныя. На канапах, сталах, табурэтках – самавязаныя сурвэткі. Таршэр упрыгожаны вышыўкай. Арыгінальная шытая шафа з кішэнямі, у якіх шапкі, парасон, розныя прылады, якія заўсёды павінны быць пад рукою. Нават, шпалеры жанчына паклеіла незвычайна, па-свойму.
– З натуры амаль не пішу, – гаворыць Галіна Іванаўна. – Для гэтага ж трэба ісці на пленэр. Неяк няўтульна працаваць пад дапытлівымі позіркамі людзей. Усё жыццё збіраю рэпрадукцыі і люблю капіраваць. Але заўсёды надаю карціне сваю інтэрпрэтацыю, у асноўным колеравую. Таксама і ў вышыўцы. Зрабіла некалькі копій з карцін Шышкіна. Шмат тэм нараджаецца па ўспамінах. Напрыклад, “Зубры” з’явіліся на свет пасля наведвання Белавежскай пушчы, “Малыя рыбаловы” – ад прачытанага апавядання, у якім брацік і сястрычка прыманьвалі рыбак званочкам.
Пра свае работы Г. І. Канцыял можа расказваць бясконца, і пра кожную асобная гісторыя. На адным з любімых палотнаў намалявана дзяўчынка на парозе расчыненых дзвярэй. Гэта вобраз самой гераіні аповеду, створаны па ўспамінах дзяцінства. Менавіта гэта работа прынесла поспех на ІV Маскоўскім міжнародным фестывалі наіўнага мастацтва і творчасці аўтсайдэраў. А дарога да прызнання была зусім няпростай.
Нарадзілася Г. І. Канцыял у вёсцы Сімонаўшчына Заронаўскага сельсавета пад Віцебскам, адкуль сям’я пераехала ў горад, дзе дзяўчынка расла і вучылася. У восьмым класе яна наведвала студыю выяўленчага мастацтва пры мастацкаграфічным факультэце педінстытута. Але заняткі тыя былі не працяглымі. Абставіны вымусілі ісці ў самастойнае жыццё. У вучылішчы набыла прафесію павара і два гады працавала ў Полацку. Потым вярнулася ў Віцебск і ўладкавалася на завод электрапрыбораў. Была там сакратаром камсамольскай арганізацыі. Па пуцёўцы адправілася за рамантыкай на далёкі Усход у порт Находка, і два з паловай гады плавала ў якасці кока на судне. Выйшла замуж за марака і прыехала з ім у Віцебск.
– Так склалася, – кажа жанчына, – што адной прыйшлося падымаць сына і дачку. Я моцная, не зламалася. Хаця прыходзілася, ой, як нялёгка! Лёс прывёў на Лёзненшчыну. З-за шматлікіх клопатаў тады было не да творчасці. Скончыла завочна Полацкі тэхнікум па спецыяльнасці таваравед. Працавала рэвізорам у райспажыўтаварыстве, прадаўцом у магазінах у Дабрамыслях і Выхадцах. Затым звыш дзесяці гадоў поварам у школьнай сталовай. Да творчасці вярнулася, калі дзеці падраслі. Дваццаць гадоў мінула з той пары, як прыйшла ў клуб творчай інтэлігенцыі “Натхненне” пры Доме культуры. Ім кіравала Наталля Аркадзьеўна Музычэнка, спецыяліст сваёй справы і добры чалавек. Я шмат чаму навучылася ў яе. А менавіта рабоце з саломай, пляценню, інкрустацыі. Там я сустрэлася з мясцовымі жанчынамі-рукадзельніцамі, з якімі пасябравала на ўсё жыццё. На працягу папярэдніх двух гадоў самой прыйшлося кіраваць тым жа калектывам. Акрамя розных карцін і падзелак мы шылі канцэртныя касцюмы, рабілі дэкарацыі, афармлялі этнаграфічны куток і шмат іншага. Свае карціны, якія ўпрыгожваюць глядзельную залу Дома культуры, я пакінула ў падарунак аднавяскоўцам. Крыху працавала ў раённым Доме рамёстваў, але там маіх работ амаль што няма. Зараз дома, знаходзячыся на заслужаным адпачынку, не магу сядзець без справы. Да мяне прыходзяць сяброўкі, разам з якімі абмяркоўваем новыя тэмы, абменьваемся схемамі вышыванак, робім адна адной падарункі.
У сям’і Галіна Іванаўна шчаслівая маці і бабуля. Дачка Жанна пераняла ад яе талент. Таксама мастачка, і разам яны ўдзельнічалі ў вышэйназваным маскоўскім фестывалі. Іх работы былі прадстаўлены таксама ў Віцебску на нацыянальнай выставе, прысвечанай 125-годдзю з дня нараджэння Марка Шагала. У дамашняй галерэі побач знаходзяцца палотны маці і дачкі. Толькі з бісерам Жанна не працуе. І Галіна Іванаўна падарыла ёй вышыванку даўжынёю адзін метр дваццаць санціметраў з выяваю танцуючых на балі ХІХ стагоддзя. А ўнучцы Дар’і, якая сёлета стала студэнткай медуніверсітэта, бабуля сшыла арыгінальную коўдру ў тэхніцы ласкутнай аплікацыі. Сын Валерый – майстар у будаўніцтве. І ў яго праявілася нотка творчасці, бо ўмее распланаваць і зрабіць усё вельмі прыгожа.
Пабываўшы ў створаным дабрамыслінскай мастачкай свеце прыгажосці, напоўненым радаснымі пачуццямі і светлымі жыццесцвярджальнымі колерамі, пачынаеш разумець, адкуль прыходзіць адчуванне нейкай душэўнай лёгкасці. Напэўна, ад адкрытасці і дабрыні творцы, які ўмее шчыра дзяліцца з іншымі сваім мастацтвам.
Таццяна ІГНАЦЕНКА.