Напярэдадні святкавання 70-годдзя Вялікага Кастрычніка рашэннем выканкама пасялковага Савета народных дэпутатаў адна з вуліц г.п. Лёзна была перайменавана ў вуліцу Рэшатава. Герой Савецкага Саюза Павел Дзмітрыевіч Рэшатаў загінуў у жорсткім баі ў чэрвені 1944 года на Віцебшчыне і пахаваны у брацкай магіле каля вёскі Смародзіна.
Пра гераічны подзвіг свайго баявога таварыша на старонках раённай газеты ў канцы васьмідзясятых расказаў прапагандыст палітаддзела 63-й Віцебскай ордэнаў Суворава
і Кутузава стралковай дывізіі, член КПСС з 1940 года Аляксей Сцяпанавіч Тамашоў – ураджэнец Лёзненскага раёна, маёр у адстаўцы. Дадзены артыкул для паўторнай публікацыі, як і раней, прадаставіў Лёзненскі ваенна-гістарычны музей.
Вясна і пачатак лета 1944 года сталі рашаючымі ў вызваленні значнай часткі Лёзненскага раёна і ў цэлым Віцебшчыны. У гэтых баях разам з іншымі буйнымі злучэннямі савецкіх войск актыўны ўдзел прымала і наша 63-я стралковая дывізія. Многія воіны вызначыліся пры вызваленні Лёзненшчыны і былі адзначаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі.
24 чэрвеня нашы войскі магутным ударам прарвалі моцную абарону праціўніка і перайшлі ў рашучае наступленне. Перад намі быў Віцебск, дзе буйная варожая групоўка імкнулася вырвацца з «катла». У сувязі з гэтым адзін стралковы полк нашай дывізіі атрымаў баявы загад: у раёне вёскі Абухова адрэзаць шлях адыходу акружаным гітлераўцам. Менавіта тут камуніст П.Дз. Рэшатаў здзейсніў гераічны подзвіг.
Сяржант Рэшатаў камандаваў аддзяленнем станковых кулямётаў (сістэмы «Максім») кулямётнай роты 226-га страковага палка. Нарадзіўся ён у 1911 годзе ў вёсцы Бегунова Калінінскай вобласці. Да вайны працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады. З 1942 года – на фронце. За смелыя і паспяховыя баявыя дзеянні быў удастоены ордэнаў Чырвонай Зоркі і Славы III ступені.
З’яўляючыся парторгам кулямётнай роты, Павел Дзмітрыевіч напярэдадні бою правёў партыйны сход. Рашэнне камуністаў было аднадушным і гучала палкім заклікам: «Стаяць на смерць! Фашыстаў не прапусціць, а ўсіх знішчыць! З гонарам выканаць баявую задачу!». Цяпер, знаходзячыся на баявой пазіцыі, Рэшатаў давёў да ведама байцоў свайго разліку рашэнне партыйнага сходу роты. Сумесна абмеркавалі, як лепш выканаць загад камандавання і пакляліся: «Памром, але ворага не прапусцім!».
Спрытна арудуючы сапёрнымі рыдлёўкамі, байцы разліку хутка абсталявалі агнявую пазіцыю, устанавілі і старанна замаскіравалі кулямёт. Падрыхтавалі таксама запасную агнявую пазіцыю.
І вось, у ноч з 26 на 27 чэрвеня вялікая калона акружаных гітлераўцаў кінулася ў атаку. Галоўны ўдар, як і чакалася, абрушыўся на ўчастак, дзе стаяў кулямётны разлік парторга роты Рэшатава; Павел Дзмітрыевіч сам знаходзіўся ля кулямёта. Падпусціўшы фашыстаў на блізкую адлегласць, ён пачаў амаль ва ўпор расстрэльваць іх. Літаральна ашаломленая нечаканасцю такога згубнага агню перадавая група фашыстаў, несучы вялікія страты, вымушана была залегчы.
Гарачы бой працягваўся. Падыходзілі ўсё новыя групы праціўніка. Нягледзячы на страты, яны насядалі на пярэдніх, каб зрабіць прарыў у выбраным напрамку. П’яныя гітлераўцы крычалі ва ўсё горла, лаяліся і лезлі напралом. А кулямёт бязлітасна касіў і касіў іх. Выбывалі са строю і нашы байцы. Неўзабаве Рэшатаў застаўся адзін. Вакол ляжалі забітыя яго баявыя сябры. Аднак і поле бою было густа ўсеяна трупамі фашыстаў.
Нарэшце кулямёт змоўк – скончылася лента з патронамі. Скарыстаўшы момант, гітлераўцы кінуліся наперад. Рэшатаў хуценька зарадзіў апошнюю ленту і зноў лёг за кулямёт. Калі ворагі былі ў нейкіх дзесяці кроках ад яго, рашуча націснуў на гашэтку. Свінцовы агонь скасіў дзясяткі фрыцаў.
Доўга яшчэ стрымліваў націск азвярэлых гітлераўцаў наш адважны кулямётчык. Але вось скончыліся апошнія патроны. Настала цішыня. Некаторы час фашысты ляжалі прыціснутыя да зямлі, баючыся ўзняцца і трапіць пад прыцэльны агонь. Потым асмялелі, гуртам рынуліся да непрыступнага кулямёта. У самую гушчыню іх адна за другой паляцелі ручныя гранаты. Было забіта і паранена яшчэ некалькі ворагаў.
Настаў самы крытычны момант гэтага няроўнага паядынку. У руках мужнага воіна засталася апошняя граната. Падпусціўшы гітлераўцаў ушчыльную, Рэшатаў з воклічам: «Камуністы не здаюцца! Смерць фашыстам!» узарваў ворагаў і сябе. У гэтым баі адважны кулямётчык адзін знішчыў 140 варожых салдат і афіцэраў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР камандзіру станковага кулямётнага разліку сяржанту Паўлу Дзмітрыевічу Рэшатаву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Алена Ратнёва.