Увесь вечар суботы, 23 мая, з 16 гадзін да цямна, у парку мікрараёна “Школьны” было шумна, весела і людна – тут адзін за другім праходзілі адразу тры мерапрыемствы: свята самабытнага гумару і народнай творчасці “З невычэрпнай кайстры Несцеркі”, агляд-конкурс аматарскіх аб’яднанняў і канцэрт выхаванцаў Лёзненскай дзіцячай школы мастацтваў. Ужо а палове чацвёртай парк мікрараёна заклікаў гасцей вясёлай музыкай. На пляцоўцы каля сцэны размясціліся выстаўкі работ творчых аб’яднанняў “Натхненне” (ДК аг. Дабрамыслі), “Крыніцы” (раённы Дом рамёстваў), а таксама “Купалінка” і “Кумушкі” (ДК аг. Новае Сяло). Рукадзельніцы з сяла ў чарговы раз здзівілі наведвальнікаў выставак сваім палётам фантазіі, знаходлівасцю і тым, якімі цікавымі і яркімі могуць быць не толькі вырабы са звычнага матэрыялу (салома, ніткі і інш.), але і з нетрадыцыйнага – макарон, газет, цеста. Пакуль майстрыхі дэманстравалі свае таленты, вясковыя гаспадыні з Емельяноўскага клуба-бібліятэкі запрашалі пазнаёміцца і паспрабаваць стравы веляшковіцкага краю, такія як транчук-па калена, дамашні сыр, звычайную выпечку і разнасолы па-емельяноўску. А навокал у гэты час былі рух, таўкатня, гучалі шматлікія зычныя галасы гандляроў, якія нахвальвалі свой тавар – усё, як калісьці ў пачатку ХХ стагоддзя на сялянскім кірмашы. Пад гэтыя дэкарацыі Несцерка, галоўны герой свята, запрасіў усіх прысутных набыць яго тавар – гумар, музыку, танцы і смех. Удзел у свяце прынялі 12 творчых аб’яднанняў і асобных артыстаў: з дамоў культуры аг. Бабінавічы, Дабрамыслі (“Традыцыя”, “Гармонія”, “Непаседы”, “Очаг”, Ю. Крысак ), Емельянова (калектыў мастацкага слова, В. Савіцкая, У. Кузьмін), Зубкі (дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Чародеи”, Ю. Каралёва), Веляшковічы («Радуга»), Міхалінава (“Вечарніцы”, К Рыжыкава), Стасева, Барсеева ( Ю. Гусакова, В. Коцікава), РЦК (“ТЭМП”). На працягу больш чым дзвюх гадзін на сцэну выходзілі дарослыя і дзеці з мініяцюрамі, байкамі, гумарэскамі, песнямі. Героямі былі звычайныя сяляне: цікавыя, самабытныя, працавітыя, але не без тых ці іншых недахопаў. Гэтыя заганы – хітрасць, ляноту, прагнасць і інш. – праз якую-небудзь жыццёвую сітуацыю і выносілі на сцэну яе аматары, выклікаючы сваім выступленнем громкі смех і апладысменты гледачоў Як толькі з падмосткаў сышлі шумныя і вясёлыя артысты з народу, гумарыстычны характар вечара змяніўся на класічны – пачалося выступленне выхаванцаў Лёзненскай дзіцячай школы мастацтваў. Канцэртам з 25 інструментальных, танцавальных і вакальных нумароў яны завяршылі насычаны майскі вечар. Іх выступленне распачало “Музычныя вечары ў парку”, якія работнікі культуры маюць намер праводзіць на працягу ўсяго лета кожную суботу. На вячэрнія мерапрыемствы (з 19.00 да 21.00) будуць запрашацца розныя творчыя калектывы раёна, самадзейныя артысты. Акрамя выступленняў будуць праводзіцца гульнявыя праграмы, майстар-класы, бібліятэчныя вячоркі і інш. Людміла БІРУЛЬКОВА.







