У мінулую нядзелю, 16 снежня, прыхільнікі творчасці фальклорнага калектыву ДК аг. Адаменкі “Медуніца”, а таксама шматлікія лёзненцы з гонарам і не без задавальнення сачылі за выступленнем гэтага гурта ў другім туры праекта “Песні маёй краіны”, а потым з заміраннем сэрца чакалі вынікаў.
Дастаткова высокі бал – 45 (усе члены журы паставілі па “9”) усё ж такі не даў магчымасці нашым землякам працягнуць барацьбу ў фінале. Але іх выступленне падарыла некалькі прыемных хвілін гледачам і, спадзяемся, журы. Асноўнае, што не дазволіла “Медуніцы” набраць максімальны бал – выбар песні. Гэта адзначыў адзін з членаў журы, Народны артыст Беларусі, мастацкі кіраўнік ансамбля “Сябры” Анатоль Ярмоленка: “Мы вельмі ганарымся тым, што ў нашых маленькіх вёсачках ёсць такія калектывы, якія могуць выступаць на любой сцэне. Дзякуй за тое, што вы любіце і спяваеце беларускія песні. Рабіце гэтак і далей. Але, думаю, што ў вашым рэпертуары ёсць шмат песень, якія нарадзіліся менавіта ў нас, у Беларусі, у адрозненні ад той, што вы пелі зараз”.
Гутарка ідзе аб песні “Радня”, якая ўжо добра знаёма лёзненцам, а ў іншым выкананні (Надзеяй Кадышавай і “Залатым кальцом”) – і расіянам, і ўкраінцам. Чаму выбар паў менавіта на гэтую кампазіцыю, мы спыталі ў кіраўніка калектыву Г. Ф. Макравусавай:
– Безумоўна, мы спяваем шмат народных ісконна беларускіх песень, і лёзненцы аб гэтым добра ведаюць. Але выконваць на раённай сцэне і рэспубліканскай – гэта дзве розныя рэчы. Каб спець народную песню перад аудыторыяй усёй краіны і прафесійным журы, у складзе якога Анатоль Ярмоленка, салістка ансамбля народнай музыкі «Бяседа» Таццяна Лазоўская, кампазітар і выканаўца, дацэнт кафедры мастацтва эстрады Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алег Елісеенкаў і іншыя вядомыя творчыя персоны, трэба высокаякаснае музычнае суправаджэнне, зразумела, народных інструментаў. У нас магчымасці запісаць такую фанаграму няма, дапамагчы нам таксама некаму. Таму мы выбіралі з тых песен, на якія была добра запісаная фанаграма. А чаму менавіта “Радня”? Калі я ўпершыню пачула гэтую песню па тэлебачанню год таму, яна мяне вельмі ўразіла. Сэнс яе ў тым, што ўсе мы, людзі, радня паміж сабой, якая жыве ў адным велізарным доме, а значыць і адносіцца адзін да аднаго мы павінны адпаведна – с заботай і любоўю. Цэлы месяц я жыла гэтай кампазіцыяй, апрацоўвала, раскладвала на галасы. Паколькі тэкст у арыгінале на ўкраінскай мове, напісала беларускі варыянт. І песня добра прыжылася ў нашым рэпертуары. Я зусім не шкадую, што мы спынілі свой выбар менавіта на “Радне”. Дабаўлю, спрэчкі ў калектыве наконт таго, што пець на праекце, не было.
Вынікі другога тура “Песень маёй краіны” яго ўдзельнікам былі вядомы яшчэ месяц таму, бо ўвесь праект ідзе ў запісу. Вядома ім таксама і тое, што іх ўзровень выканання высока ацэнен. Аб гэтым гавораць не толькі ўдзел у другім туры, выстаўленыя балы ў ім, але і меркаванне членаў журы. Па словах Ганны Фёдараўны, яны вельмі цёпла адазваліся аб выступленні, адзначыўшы спетасць гурта, яго артыстычнасць, прафесіяналізм. На жаль, у выніку мантажу праграмы на экран трапілі толькі заўвагі Анатоля Ярмоленкі наконт выбару песні.
– Безумоўна, меркаванне такога аўтарытэтнага журы для нас вельмі каштоўна, – адзначыла напрыканцы Г. Ф. Макравусава. – Паперш, нашаму майстэрству далі добрую адзнаку, а нам – накірунак на будучае. Ну, а ўсе заўвагі мы абавязкова ўлічым у далейшым. І праз тры гады (гэты праект праходзіць з такім інтэрвалам) мы, магчыма, прымем яшчэ раз удзел. І, спадзяюся, больш паспяхова.

У прамым эфіры 25 снежня вы зможаце прагаласаваць за калектыў, які больш спадабаўся з застаўшыхся сямі. Пераможца выбіраецца тэлегледачамі ў прамым эфіры шляхам інтэрактыўнага галасавання.
Людміла БІРУЛЬКОВА.

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости