«Чалавек галодны ні на што не годны», – сцвярджае народная мудрасць. А яшчэ, што «Без яды і без вады ходзяць ногі не туды». Дадзеныя выслоўі асабліва актуальныя для людзей, якія занятыя цяжкай фізічнай працай, у прыватнасці, у галіне сельскай гаспадаркі.
І таму ў СУП «Барсеева» да забеспячэння паўнацэнным харчаваннем падыходзяць з асаблівай сур’ёзнасцю. Па словах аграрыяў, абеды ад барсееўскіх павароў у бягучым сезоне надзвычай смачныя і каларыйныя. Такія ж добрыя водгукі паступілі ў рэдакцыю і ад працаўнікоў іншых гаспадарак, якія заказваюць ежу менавіта ў Барсеева.
Святлана Прычыніна і яе нявестка Сняжана Струкава працуюць у пункце прыгатавання ежы першы год. Абедзве маюць паварскую спецыяльнасць, але давялося працаваць і ў іншых сферах. Святлана Іванаўна рабіла ў «Перамонце» даяркай, жывёлаводам, цялятніцай. Сняжана Сяргееўна – паляводам. А вясной жанчын запрасілі гатаваць ежу для хлебаробаў. Яны згадзіліся і кажуць, ніколькі не пашкадавалі.
– У дзень, бывае, гатуем па 130 абедаў і 25 порцый вячэры для пастухоў, – кажа С.І. Прычыніна. – Не толькі для тых, хто працуе ў мясцовай гаспадарцы, але і для «Выдрэі», і для ААГ «Лёзненскі райаграсервіс». Некаторы час забяспечвалі і свінарэпрадуктар у Пушках. Прыемна, калі за свае старанні атрымліваем словы падзякі. Прадукты ў нас заўсёды самыя свежыя, у тым вялікая заслуга кіраўніка гаспадаркі Сяргея Васільевіча Альхоўкі. За ідэальную чысціню посуду адказвае кухонны рабочы Алена Кавалёва.
Радуюць гаспадыні аграрыяў самым разнастайным меню: супамі, бульбай і мясам, катлетамі і кашамі, а таксама выпечкай, бо Сняжана не толькі дыпламаваны повар, але яшчэ і кандытар.
Дарэчы, механізатарам працуе ў «Барсеева» сын Святланы Іванаўны і муж Сняжаны Мікалай Струкаў. А вось самыя любімыя стравы мужчыны – чабурэкі і піца, якімі жонка частуе яго дома.
Самае галоўнае, упэўнены мае субяседніцы, гатаваць ежу з душой і добрым настроем. Магчыма, гэта і ёсць той самы сакрэтны інгрэдыент, які надае абедам з Барсеева асаблівы, ні з чым непараўнальны смак?
Вольга Пінчук.
