На крынкаўскай зямлі ў апошні дзень лістапада ўрачыста адсвяткавалі 125-годдзе са дня нараджэння знакамітага земляка – народнага пісьменніка БССР Міхася Лынькова.
У Крынкаўскай сярэдняй школе імя М.Ц. Лынькова адбылося некалькі мерапрыемстваў у рамках святкавання 125-годдзя з дня нараджэння пісьменніка-земляка Міхася Ціханавіча Лынькова.
А пачаліся яны з літаратурна-музычнай кампазіцыі «Чалавек шчодрай душы і таленту», якая праходзіла ў святочна аформленай актавай зале школы. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі народнай студыі літаратурнай творчасці «Пад абажурам» А. Бахмацкая, П. Даговіч, С. Саладкова, Н. Крыж-Марцецкая, В. Пінчук, А. Сучкоў, А. Грачышнікава, якія прачыталі свае творы і творы, напісаныя да юбілея М.Ц. Лынькова. Н. Крыж-Марцецкая прачытала ўрывак з апавядання «Ядвісін дуб». А. Сучкоў выканаў песню «Беларусь мая» на словы В. Пінчук.
Натхнёна і цёпла чытала свае вершы паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Гінько, якая прыехала на свята з Віцебска. Алена Іванаўна наш сябар, бо ўжо не першы раз гучаць яе творы ў сценах Крынкаўскай школы. Павіншавалі нас таксама Рыгор Фядзькоў, прафесар кафедры выяўленчага мастацтва Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава і Леанард Мяржвінскі, дацэнт кафедры фундаментальнай і прыкладной біялогіі дадзенага ВНУ.
Падчас мерапрыемства прагучалі песні ў выкананні вакальнай групы «Крыніца», салістаў А. Сучкова, А. Рагачова Дома культуры аг. Крынкі, вучня 9 класа М. Свідзінскага і дуэта ў складзе настаўніцы англійскай мовы В.Д. Касмацьковай і В.А. Гудзелевай,культарганізатара ДК аг. Крынкі.
Вядучыя Карына Раманава, Арцём Мінін расказалі пра Міхася Ціханавіча Лынькова: чалавека шчоднай душы, пісьменніка-гуманіста, вядомага празаіка. У выкананні Дзіяны Локцевай, Станіслава Галубоўскага, Аляксея Паклонскага прагучалі ўрыўкі з аповесці «Міколка-паравоз», апавядання «Васількі» і аповесці «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных сяброў», а вучні 6-11 класаў прачыталі вершы П. Броўкі, П. Глебкі пра Беларусь, Галіны Сухаруцкай, Антона Бялевіча, Давіда Сімановіча, прысвечаныя М. Лынькову, Уладзіміра Бандарэнкі пра Крынкі. Вядучыя ўзгадалі ўспаміны Антона Бялевіча, Барыса Бур’яна, Сяргея Грахоўскага, Васіля Віткі, Яфіма Садоўскага, Максіма Танка, віцебскага мастака Паўла Баранава пра Міхася Лынькова.
Удзельнікі мерапрыемства наведалі музей М.Ц. Лынькова і прынялі ўдзел у адкрыцці выстаўкі карцін «Родныя матывы» Рыгора Фядзькова. А затым гасцінна расчыніў свае дзверы гісторыка-этнаграфічны пакой, дзе размясціліся этнаграфічныя экспанаты і прайшла прэзентацыя фотавыстаўкі Леанарда Мяржвінскага. Усе, хто быў на мерапрыемствах, змаглі паспытаць духмяную гарбату ад нашага знакамітага земляка, траўніка Леанарда.
Мерапрыемствы выклікалі ў прысутных незабыўныя ўражанні і эмоцыі.
Запрашаем вучняў устаноў адукацыі раёна наведаць гісторыка-этнаграфічны пакой і выставы Р.С. Фядзькова і Л.М. Мяржвінскага.
Наталля Сударыкава, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Крынкаўскай СШ імя М.Ц. Лынькова.