20 лістапада артысты Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа выступілі на сцэне раённага цэнтра культуры з жыццёвай меладрамай на дзве дзеі “Саня, Ваня, з імі Рымас”.
Выступленне «коласаўцаў» стала сапраўднай падзеяй у культурным жыцці гарпасёлка і сабрала амаль поўную залу гледачоў. Дарэчы, квіткі на спектакль дасталіся зусім бясплатна дзякуючы рэспубліканскай акцыі «Культурная карта».
У аснове спектакля – п’еса расійскага акцёра, драматурга, сцэнарыста, рэжысёра, члена Саюза пісьменнікаў Расіі, аўтара знакамітага фільма «Любовь и голуби» Уладзіміра Гуркіна. Пераклаў п’есу на беларускую мову акцёр, вядучы майстар сцэны Пятро Ламан. Ён, дарэчы, з’яўляецца адным з двух выканаўцаў ролі Рымаса. У Лёзне, праўда, уральскага міліцыянера іграў Вадзім Асвяцінскі. Прыхільнікі драматургічнай творчасці сярод іншых пазналі Рамана Волата, Ніну Обухаву, Святлану Сухадолаву, Юрася Цвірку, Алёну Чыстабаеву і Вольгу Куляшову. Прыехаў і рэжысёр спектакля Вячаслаў Грушоў.
Лёзненская публіка акунулася ў часы Вялікай Айчыннай вайны, у атмасферу няпростых чалавечых стасункаў, разам з акцёрамі адчуваючы багатую гамму пачуццяў – спагады, шкадавання, расчаравання, здрады, даравання, надзеі і кахання.
Вячаслаў Грушоў:
– У аснову твора пакладзена рэальная гісторыя уральскай сям’і савецкага перыяду. Усе рэплікі ўзяты аўтарам з сапраўднага жыцця. Таму можна сцвярджаць, што п’еса – дакументальны твор. Увогуле нам даводзілася выступаць на многіх раённых пляцоўках, але тут, у Лёзне, адчувалі асаблівы кантакт з гледачом. Таму іграць было ўтульна і камфортна. Я добра ведаў Генадзя Цыганкова. Гэты таленавіты чалавек быў лакаматывам тэатральнага жыцця на лёзненскай зямлі. Ведаеце, на сцэне «коласаўскага» тэатра некалі ігралі вашы землякі Валянціна Петрачкова і Аляксандр Фралоў. Мы будзем удзячныя, калі Лёзненшчына падорыць нам яшчэ якую-небудзь яскравую зорку.
Пералічаныя эмоцыі можна было назіраць на тварах гледачоў – настолькі захапіла іх майстэрская гульня «коласаўцаў». Падчас антракту ўражаннямі з намі падзяліўся кіраўнік Веляшковіцкага народнага тэатра «Вытокі» Сцяпан Мехаў:
– Мне як чалавеку, неабыякаваму да тэатра, асабліва цікава было прысутнічаць на спектаклі прафесійных акцёраў. Іграюць яны вельмі добра, шчыра, натуральна. Нават адчуваўся сапраўдны пах бярозавых венікаў у час сцэны ў лазні! Тэма пераклікаецца з пастаноўкай «Удовін параход» з рэпертуара «Вытокаў». Дарэчы, зараз мы з самадзейнымі артыстамі працуем над камедыяй. Якой? Няхай стане сюрпрызам для лёзненскай публікі.
Пасля завяршэння спектакля словы падзякі рэжысёру і акцёрам адрасавала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Старавойтава.
Вольга Пінчук.