Як вяртаюцца птушкі з выраю да сваіх родных мясцін, у свае гнёзды, так сабіраліся жыхары вёскі Альхавік на свята сваёй малой радзімы, каб убачыцца з роднымі, блізкімі і дарагімі вяскоўцамі, каб даведацца, як склаўся лёс кожнага з іх.

Лета – час правядзення святаў вёсак і аграгарадкоў. Кожная вёска, ці далёкая, ці блізкая, не павінна застацца без увагі работнікаў культуры і мастацкай самадзейнасці. Вось і на гэты раз аўтаклуб на чале з загадчыцай Галінай Гузавай, гукааператарам Аляксандрам Каралёвым, удзельнікамі народнага фальклорнага калектыва «Медуніца» прыехалі ў вёску Альхавік для правядзення свята.

Распачалося яно шэсцем матаблокаў, упрыгожанных сцягам Рэспублікі Беларусь, каляровымі шарамі, кветкамі, вышыванкамі. На прыцэпах размясціліся прадстаўнікі вуліц, якія з задавальненнем спявалі песні. Перад пляцоўкай матаблокам зрабілі мытны прыпынак. Трэба было прэзентаваць сваю вуліцу, свой матаблок. Доўга не прыйшлося чакаць, спявалі частушкі, песні, чыталі вершы і расказвалі анекдоты. Гасцей праводзілі пад рушнічком, каб справы сямейныя і вясковыя ішлі ладком.

Ужо на самой пляцоўцы адбылася размова з гаспадарамі жалезных садовых памочнікаў і з тымі, хто ўпрыгожваў іх. Прайшла прэзентацыя традыцыйных страў, кветак і творчых работ. Усе атрымалі невялікія прэзенты.

На працягу свята гучалі музычныя падарункі ад юнага спевака РЦК Віктара Бондарава, салістаў калектыва «Медуніца» Інесы Новікавай, Андрэя Дзямідчыка, Валянціны Замастоцкай і калектыва «Медуніца».

На пачатку свята вядучая Галіна Гузава прапанавала ўспомніць сваіх родных і блізкіх, якія ўжо на пагосце. Разам узгадалі, хто якім майстрам быў. Таксама узгадалі 80-ую гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Разам прыгадалі ўсіх землякоў – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якіх, нажаль, ужо няма, але яны з неба назіраюць за тым, як жыве сёння наша вёска. У знак памяці і ўдзячнасці за мірнае неба дзеці аднеслі кветкі да памятнага знаку на месцы шпітальнага захавання часоў вайны.

Уручылі дыпломы юбілярам вёскі, ушанавалі доўгажыхарку Таццяну Лапікаву і правезлі яе на прыгожай садовай тачцы. Падзячныя лісты і вазоны з кветкамі ад імя сельскага Савета дэпутатаў былі ўручаны Аляксандры Казловай і сям’і Наталлі і Віктара Міхайлавых за стварэнне прыгажосці на сваіх падворках.

Падчас свята адбылося дэфіле бабуль і ўнукаў. Самую маленькую ўдзельніцу свята Арыну Адыбаеву з гонарам правезлі па пляцоўцы на садовай тачццы. Усім удзельнікам дэфіле паднеслі прэзент і музычны нумар.

Час ад часу пад рытмічныя музычныя нумары усе выходзілі танчыць.

На прыканцы свята быў вынесены бохан хлеба, як сімвал жыцця, здароўя, яднання і дружбы, які па кавалачку ламаў кожны удзельнік свята.

Пасля ўсе, як і ў мінулыя разы, размясціліся за вялікім сталом у складчыну.

Словы ўдзячнасці хочацца выказаць старшыні сельвыканкама Святлане Пукавай, старэйшыне вёскі Альхавік Ніне Смолікавай, якая ўсю падрыхтоўчую працу ўзяла на сябе, а таксама самым актыўным удзельнікам свята: сем’ям Пятра і Алены Каваленка з дачушкай Лізай, Віктара і Наталлі Міхайлавых, Лапікавых, Барыса і Лідзіі Бондаравых, Тамары і Ірыны Дзяржынскіх і асабіста Ігару Новікаву, Аляксандру Масальскаму, Аляксандры Казловай.

Дзякуй усім. Свята атрымалася прыгожае. Да новых сустрэч, альхавічане!

Ганна Макраусава, кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Медуніца».

/Фота аўтара/

Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Связанные новости