загадчыца аптэкі Надзея Міхайлаўна Гогарава

Калі пад’язджаеш да вёскі, становіцца зразумела, чаму яна носіць такую назву: пагоркі, нізіны. На ўзвышшах, як на паказ – прыгожыя будынкі. Вакол цудоўныя восеньскія краявіды. Высачаны – адна з буйнейшых вёсак Лёзненскага раёна, да нядаўняга часу – цэнтр сельскагаспадарчага прадпрыемства. Зараз жа Высачаны проста населены пункт на тэрыторыі
Крынкаўскага сельсавета, насельніцтва якога складае 407 чалавек.
Своеасаблівую экскурсію па вёсцы правяла для мяне бібліятэкар, старэйшына Кацярына Паўлаўна Ліхалет.
Перш за ўсё завіталі ў Цэнтр сацыяльных паслуг, куды ўвайшлі ўстановы культуры: бібліятэка і Дом культуры; магазін, прыёмны пункт ЛУК ПБА “Дабрабыт”, аддзяленне сувязі, аптэка. Здаецца, на месцы ёсць усё, каб задаволіць патрэбы вяскоўцаў.
Пасля рамонту добра выглядае памяшканне аптэкі. На вітрынах шмат разнастайных медыкаментаў. Загадчыца Надзея Міхайлаўна Гогарава адзначыла, што кожны дзень у яе бываюць наведвальнікі. Нават, прыязджаюць з Крынак, дзе знаходзіцца толькі ФАП. А сюды штотыднёва завозіцца новы тавар і лекі. Насельніцтва ў асноўным задаволена. Апошнія два месяцы выручка складала звыш 8 мільёнаў рублёў. На пытанне “Як жывецца сёння на вёсцы?” Надзея Міхайлаўна адказала, што добрая падтрымка – хатняя гаспадарка. На асабістым падворку парсюкі, трусы, куры. У магазіне таксама заўсёды ёсць неабходныя прадукты. А вось, каб набыць абутак, вопратку, трэба ехаць у горад. І тут на першы план выходзіць пэўная праблема з транспартам. У выхадныя на аўтобусе няма магчымасці паехаць і вярнуцца дадому ў той жа дзень. Да цягніка дабірацца таксама складана: трэба наймаць машыну, а гэта сёння зусім не танна. Ды і дарога да Крынак зараз разбітая.
Да размовы далучылася наведвальніца аптэкі Таццяна Фёдараўна Багданава. Яна папрасіла пахваліць мясцовых культработнікаў. На святы, наладжаныя імі, збіраецца шмат аднавяскоўцаў, традыцыйна адзначаюцца Новы год, Купалле, Масленіца.
Жыхары вёскі клапоцяцца аб тым, каб яна выглядала прыгожа. Паўсюдна сляды працы па добраўпарадкаванню. Асабліва гэта можна заўважыць каля школы і на вуліцы Віцебскай. Па-гаспадарску дагледжана сядзіба Івана Казіміравіча Байкоўскага. Прывабна выглядае домік Клаўдзіі Лявонаўны Драгуновай. Жанчына захапляецца кветкаводствам. А яшчэ, нягледзячы на немалады ўзрост, добраахвотна дапамагае састарэлым аднавяскоўцам.
Марыя Іванаўна Амеліна – вядомая ў Высачанах майстрыха-вышывальшчыца. Да выхаду на пенсію шмат гадоў адпрацавала даяркай у саўгасе. Муж і жонка Шакінка – руплівыя гаспадары. Трымаюць на ўласным падворку карову і бычка, свіней, розную птушку, апрацоўваюць гектар зямлі. Гаспадыня Алена Аляксандраўна – дэпутат сельскага Савета, у школе выкладае абслугоўваючую працу і з’яўляецца сацыяльным педагогам. Яе муж Уладзімір Уладзіміравіч працуе жывёлаводам на ферме.
На ўскрайку вёскі ў ціхім кутку знаходзіцца прытулак для адзінокіх людзей паважанага ўзросту. Размешчаны ён у будынку былой бальніцы. Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лёзненскага раёна з аддзяленнем кругласутачнага знаходжання ўзначальвае Ларыса Фёдараўна Румо. Яна расказала, што зараз у аддзяленні пражываюць 30 чалавек, сярэдні ўзрост якіх складае 70 гадоў, трое інвалідаў-калясачнікаў. Дарэчы, на сённяшні дзень не хапае адной каляскі. Прыходзіцца сяк-так выходзіць з такога цяжкага становішча. Персанал установы клапоціцца аб тым, каб стварыць для састарэлых людзей належныя ўмовы, арганізаваць дабрачынныя мерапрыемствы. Добра, што такі цёплы дом існуе і кожны чалавек на старасці год можа разлічваць, што знойдзе тут надзейны дах над галавой.
Каля пошты нам сустрэлася маладая маці Вікторыя Дуброўская, якая да дэкрэтнага адпачынку працавала ў мясцовым аддзяленні УП ЖКГ вартаўніком. Зараз гадуе маленькую дачушку.
– Я тут нарадзілася, вучылася і ў горад не хачу. Нядаўна атрымалі кватэру з газавым ацяпленнем. Муж Віталь працуе трактарыстам у Крынкаўскім лясніцтве. Марым абзавесціся гаспадаркай, – сказала жанчына.
Па меркаванні старэйшыны вёскі, маладыя людзі не пакідалі б Высачан, калі б тут былі працоўныя месцы.
– Шкада, што вёскай страчаны статус цэнтра сельскай гаспадаркі, – лічыць намеснік дырэктара школы Ірына Якаўлеўна Цэлішчава, якая жыве і працуе ў гэтых мясцінах звыш 30 гадоў. – Землі тут урадлівыя. І можна стварыць нейкае прадпрыемства па вырошчванні гародніны, каб людзі працавалі і заставаліся ў вёсцы, каб нараджалася больш дзяцей. У будучым навучальным годзе плануецца прыняць у школу 10 першакласнікаў. Сітуацыю яшчэ можна рэгуляваць да лепшага.
Высачаны славяцца сваёй гісторыяй, якая надзвычай багатая. Аб мінулым росквіце культуры і прамысловасці сведчаць руіны розных збудаванняў тых часоў, а таксама архіўныя дакументы. Шмат аб чым я даведалася, пабываўшы ў мясцовай школе і пагутарыўшы з яе былым дырэктарам Галінай Міхайлаўнай Міхеевай, якая па крупінках збірала краязнаўчыя матэрыялы на працягу 20 гадоў. Зараз яе можна назваць сапраўдным захавальнікам духоўнай спадчыны высачанскага краю. На жаль, да гэтага часу ў школе не створаны музей. Малады кіраўнік дадзенай установы адукацыі Раман Іванавіч Нікіцін выказаў спадзяванне, што праз нейкі час гэта ўдасца зрабіць. Прыйшоўшы ў Высачанскую школу адзінаццаць гадоў таму назад, малады педагог ніколі не задумваўся, каб пакінуць яе, адпрацаваўшы абавязковы тэрмін.
– Помню, выйшаў на ганак школы, паглядзеў навокал і ў захапленні вымавіў: “Якая тут прыгажосць”. Так і застаўся, – прызнаўся Раман Іванавіч.
Сапраўды, школа на пагорку нібы велічны палац. Вучні любяць яе, як і родную вёску. Я пераканалася ў гэтым, звярнуўшыся да юных высачанцаў. Старшакласнікі ахвотна гутарылі, было відаць, што яны неабыякавыя да ўсяго, што адбываецца навокал. Дзевяцікласніцы Аліна Локцева і Ксенія Шакінка расказалі аб школьным жыцці, як рыхтуюцца да ўдзелу ў калектыўнай творчай справе “Хлеб усяму галава”. Будуць паказваць сцэнку, гатаваць выпечку. А вучні дзесятага класа Таццяна Лісіца і Мацвей Балваненка распавялі пра вясковыя святы, у якіх яны прымаюць актыўны ўдзел. Купалле, Масленіца, Дзень вёскі ладзяцца пад кіраўніцтвам Даны Уладзіміраўны Зінкевіч – дырэктара Дома культуры. Яна заўсёды запрашае рабят паўдзельнічаць у гульнях. На дыскатэкі ж ходзяць яны зрэдку, таму што звычайна збіраецца вельмі мала моладзі.
– Наогул у нашай вёсцы жыць можна. Не ведаю, як складзецца лёс, калі ж прыйдзецца шкадаваць не буду, – адзначыў Мацвей.
Сёння сядзяць яны за школьнымі партамі, а разважаюць аб жыцці ўжо зусім па-даросламу. Гэта ўсяляе надзею, што ў Высачан ёсць будучыня, якую ствараць маладым.
Таццяна ІГНАЦЕНКА.

вучні Высачанскай СШС
маладая маці Вікторыя Дуброўская з дачушкай
Об авторе
Admin

Администратор сайта http://lioznonews.by/
По всем вопросам обращайтесь на e-mail: red_6565@mail.ru
Страница Вконтакте: https://vk.com/id328525769
Обращаться ЖЕЛАТЕЛЬНО кроме понедельника и четверга.

Посмотреть все новости

Оставить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Связанные новости