У бягучым годзе Беларусь святкуе васьмідзесяцігоддзе са дня Перамогі над гітлераўскай Германіяй. Поплеч з часцямі Чырвонай Арміі на франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся польскія і чэхаславацкія, румынскія і югаслаўскія вайсковыя злучэнні. Сярод удзельнікаў вайны, якія ваявалі ў радах Войска Польскага, былі ўраджэнцы Лёзненскага раёна. Вы, шаноўныя чытачы, даведацеся пра трох з іх.
Мар’ян Лявонавіч Катовіч (25.10 ці 26.11.1914 – 10.04.1978), ураджэнец былога засценка Астравішча (знаходзіўся на паўднёвы захад ад сучаснай вёскі Пагосцішча Крынкаўскага сельсавета).
Маёр запасу. Член Камуністычнай партыі з 1944 года. У Чырвоную Армію быў прызваны 6 ці 7 ліпеня 1941 года праз Лёзненскі райваенкамат Віцебскай вобласці. З ліпеня 1942 года ваяваў ад’ютантам старшым (начальнікам штаба) батальёна ў радах 1009-га стралковага палка 292-й стралковай дывізіі на Сталінградскім фронце. Прымаў удзел у цяжкіх баях на подступах да Сталінграда. У баі 18 верасня 1942 года атрымаў цяжкае раненне разрыўною куляю ў твар з пераломам абедзвюх сківіц. Пасля працяглага лячэння ў тыле вярнуўся ў дзеючую армію. З чэрвеня 1943 года служыў у Войску Польскім, якое было створана на тэрыторыі Савецкага Саюза і пазней прыняло актыўны ўдзел у баявых дзеяннях на баку Чырвонай Арміі. Так, у кастрычніку 1943 года баявое хрышчэнне на зямлі Магілёўшчыны прыняла 1-я пяхотная дывізія імя Тадэвуша Касцюшкі, адно з першых злучэнняў 1-га польскага корпуса будучай 1-й польскай арміі.
Вайну наш зямляк скончыў вясною 1945 года ў радах 3-й пяхотнай дывізіі імя Рамуальда Траўгута. Яго баявы шлях быў адзначаны савецкімі ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі «За абарону Сталінграда», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Варшавы», польскімі Крыжам храбрых, сярэбраным Крыжам заслугі, медалём «Заслужаным на полі Славы» 2-й ступені. Пасля вайны ў 1946 годзе вярнуўся да службы ўжо ў Савецкай Арміі і быў залічаны ў кадравы рэзерв. Неўзабаве па стане здароўя быў звольнены ў запас. Выкладаў гісторыю ў школе.
Браніслаў Антонавіч Аляшкоўскі (1908 – 12.10.1943), ураджэнец аграгарадка Высачаны.
Капітан. У 1941 годзе быў прызваны з запасу. Служыў у запасных стралковых часцях. З 1943 года – на службе ў 2-м пяхотным палку 1-й пяхотнай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі. Дывізія фарміравалася ў Разанскай вобласці Расіі з мая па ліпень 1943 года. У першы бой уступіла 12 кастрычніка 1943 года пад вёскай Леніна Горацкага раёна Магілёўскай вобласці. За два дні баёў нанесла значныя страты праціўніку, але і сама страціла 25 працэнтаў асабовага складу, пасля чаго была адведзена ў тыл.
Наш зямляк загінуў у першы дзень баёў і быў пахаваны на магілёўскай зямлі. Пасмяротна ён быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.
Вацлаў Пятровіч Пржавальскі (06.01.1923 – 22.08.1991), ураджэнец былога хутара Якубаўшчына (знаходзіўся на захад ад вёскі Мар’янова).
Маёр медыцынскай службы ў запасе. У першыя дні вайны быў прызваны ў Чырвоную Армію і накіраваны на вучобу. Скончыў ваенна-інжынернае вучылішча. З 1942 года прымаў удзел у баявых дзеяннях на фронце. У адной з разведак боем ён выклікаў агонь на сябе, атрымаўшы цяжкія раненні ў ногі і ў руку. Пасля лячэння працягнуў ваяваць. Вызначыўся ў баях пад Сталінградам. Затым ваяваў у радах 57-й гвардзейскай стралковай дывізіі на Паўднёва-Заходнім фронце. З кастрычніка 1943 года змагаўся ў радах 1-й пяхотнай дывізіі. Прымаў удзел у першых баях пад вёскай Леніна Магілёўскай вобласці. Затым вызваляў Польшчу, штурмаваў Берлін. Вайну скончыў у званні капітана. Баявы шлях лёзненца быў адзначаны савецкімі ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі «За абарону Сталінграда», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Варшавы», польскімі Крыжам храбрых, сярэбраным Крыжам заслугі, медалём «Заслужаным на полі Славы» 2-й і 3-й ступеняў. У сакавіку 1947 года Вацлаў Пятровіч быў звольнены ў запас.
У далейшым ён стаў урачом, скончыўшы Пермскі медыцынскі інстытут (РСФСР). Працаваў хірургам у горадзе Беразнікі Пермскага краю, а з 1968 года у цэнтральнай раённай бальніцы Лухавіцкага раёна Маскоўскай вобласці.
Па матэрыялах аб’яднанай базы дадзеных «Памяць народа» і публікацыях у сацыяльных сетках у Інтэрнэце падрыхтаваў краязнаўца Канстанцін Гайдукоў.